"Жызэль" без "скейта", ды з Дзі Капрыа

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Знешне так падобныя — розныя знутры

/i/content/pi/cult/372/7246/2-1.jpg

Новая "Жызэль" у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, названая "Жызэль, або Вілісы" і заснаваная на ўсё той жа харэаграфіі Ж.Перро, Ж.Каралі, М.Пеціпа ў пастаноўцы М.Далгушына, вымусіла знаўцаў параўноўваць "да" і "пасля". Тым больш, што цяперашняя пастаноўка гэтага балета стала ўжо пятай у нашым тэатры, а папярэдняя - 1987 года - жыла на сцэне літаральна да дня прэм'еры новай і не паспела выветрыцца з памяці заўсёднікаў. Дый многія артысты - тыя ж самыя!
Параўнанняў сапраўды не пазбегнуць. Ужо хаця б таму, што прэм'ера - прынцыпова іншая па сваім унутраным напаўненні пры больш-менш значным знешнім падабенстве: усё там жа стаіць хатка Жызэлі, усё тыя ж па вырабляюць танцоўшчыкі. Ну не "выпаўзае з магілы" Жызэль (каб не рэзаць балетнае падлогавае пакрыццё, вырашылі не выкарыстоўваць сцэнічны люк), не коціцца на спецыяльным "скейце" праз усю сцэну - затое лётае. Больш стала старадаўніх жэстаў, якімі артысты "распавядалі" пра свае думкі і пачуцці, змяніліся некаторыя іншыя рухі. А колькі грацыі, найтонкіх музычных адценняў з'явілася ў аркестры пад кіраўніцтвам Мікалая Калядкі!

Ды ўсё ж галоўнае новае - сама эстэтыка. "Жызэль" справядліва лічыцца адным з першых узораў рамантызму. Ранейшая версія ўлічвала дасягненні позніх рамантыкаў, цяперашняя - апелюе да ранняга рамантызму, які межаваў з класіцызмам. Год першай пастаноўкі балета - 1841-ы - дазваляе "схіляць" яе і туды, і сюды: у адных творцаў у гэты час узнікаюць папраўдзе экспрэсіянісцкія памкненні, уласцівыя познім рамантыкам, у іншых - умацоўваюцца класічныя тэндэнцыі, шмат у чым заснаваныя на класіцысцкіх нарматывах.

Дык што ж такога новага (у сэнсе - яшчэ больш старога) у цяперашняй пастаноўцы? Расстаноўка акцэнтаў. Раней больш выйгрышным - жыццёва-эмацыйным, характарна-абвостраным - уяўляўся першы акт. Другі справядліва называлі "светам ценяў": выкарыстаная ў ім "чыстая" класіка глядзелася сумнавата. Цяпер - наадварот. Першая дзея наблізілася да жанру ідыліі, пастаралі. У ёй цалкам апраўданым аказалася па-дэ-дэ, што раней было звычайным устаўным нумарам (маўляў, сяляне весяляцца). Цяпер яно сімвалізуе, у духу эпохі Асветніцтва, станоўчы прыклад для пераймання: шчаслівы сялянскі шлюб, гэткі галантны кавалер і добразычлівая пані. Калі ж па-дэ-дэ танцуюць Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў, іх жывое, у меру какетлівае партнёрства становіцца прыкладам удвая: гэты дуэт, як вядома, папраўдзе сямейны.

Жызэль Вольгі Гайко - надзвычай мяккая, лірычная, пранікнёная. Яе блакітны строй, што пасуе сцэнаграфічным нябёсам і рэзка кантрастуе як сялянскаму, так і каралеўскаму жыццёваму атачэнню, дазваляе адразу ўбачыць у ёй дзяўчыну "не з гэтага свету", якая жыве пасярод "аблачынкі" куды менш яркіх сябровак. Артыстка дасягае не толькі вытанчанай, "паветранай" пластыкі, якую назапасіла ў нядаўняй партыі Сільфіды, але і найвышэйшай унутранай шляхетнасці: яе гераіня - не столькі наіўная сяляначка, колькі папраўдзе незямная дзяўчына, што лунае ў паднябессі, гэткая балетная Снягурка, якую ўвасобіла ў аднайменнай оперы рэжысёр Сусанна Цырук. Такую не зможа запаліць нястрымны "сапраўдны мача" - жорсткі, але справядлівы, гатовы адстойваць сваё каханне, нягледзячы ні на што. А менавіта такім паўстае Ганс Ягора Азаркевіча. Ужо адно яго чорны строй ды чорная барада, якой так пужаецца цнатлівая дзяўчына, становяцца гэткімі "веснікамі смерці", намякаючы, што менавіта ляснічы, па сутнасці, і становіцца галоўным "забойцам" гераіні. Такім у новай пастаноўцы імкнуцца зрабіць і Дзяніса Клімука, здольнага любога свайго персанажа ператварыць у станоўчага - адно сваёй інтэлігентнасцю і ўнутранай энергетыкай. У гэтым ён блізкі да яшчэ больш ранейшага Ганса - Уладзіміра Іванова. Калі хтосьці з іх (у розныя, вядома, гады) танцаваў гэтую партыю, было зразумела: трагедыя Жызэлі ў тым, што яна абрала "не таго".

Новай Жызэлі патрэбны і новы каханы - не "каварны спакуснік", а балетнае ўвасабленне юнага Леанарда дзі Капрыа. Альберт зусім маладога Ігара Аношкі - яшчэ амаль хлопчык, які не ў стане зразумець свае пачуцці і, тым больш, прадбачыць наступствы сваёй шчырасці, а зусім не крывадушша: бацькі сватаюць яму нявесту, а яго душа належыць іншай. Цягам дзеі мы бачым, як ён сталее не па днях, а па гадзінах, даказваючы, што менавіта ён, як ніхто іншы, сугучны Жызэлі па сваёй унутранай арганізацыі - не такой, як у іншых, "звычайных", людзей.

Таму другі акт становіцца не "бляклым адбіткам" жыццёвых рэалій, а падарожжам герояў у "незямное жыццё" - ці то сон, ці то салодкую, часам не пазбаўленую горычы ў выглядзе Мірты, казку. Як ні дзіўна, але ў гэтым варыянце "Жызэль" становіцца блізкай да "Шчаўкунка". Не нашага, елізар'еўскага, а - у харэаграфіі Юрыя Грыгаровіча. З той толькі розніцай, што Маша сталела, спазнаючы сапраўднае каханне, у сне, а Жызэль - у жыцці "пасля смерці".

У кожнага склада артыстаў - сваё бачанне. Першую прэм'еру даверылі Ірыне і Алегу Яромкіным. У сераду, 11 красавіка, выйдуць даўно прызнаныя выканаўцы гэтых партый Людміла Кудраўцава і Ігар Артамонаў. Хай пастаноўка жыве доўга! Акурат да таго часу, калі, можа, наш тэатр і да "Жызэлі" ў харэаграфіі Матса Эка дабярэцца...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"