Бывай, канферансье?

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Прывітанне, конкурсны ўзровень!

На афішы Мінскага абласнога драматычнага тэатра, што "прапісаны" ў Маладзечне, з'явілася новая назва: "Бывай, канферансье!" Рыгора Горына. Спектакль-канцэрт з красамоўным эпіграфам "Тым, хто выстаяў і перамог, прысвячаецца!" атрымаў прэм'еру крыху больш чым за месяц да свята Вялікай Перамогі.
Такі расклад можна лічыць, да ўсяго, яшчэ і мудрым маркетынгавым ходам. Плануючы майскія святкаванні і ўшанаванне ветэранаў, зацікаўленыя арганізацыі ды прадпрыемствы Міншчыны могуць весці з тэатрам абсалютна прадметныя гастрольныя перамовы. Тым больш, спектакль разлічаны на самую розную аўдыторыю - ад людзей старэйшага ўзросту да моладзі. Прычым слова "разлічаны" трэба разумець як у пераносным, так і ў самым што ні ёсць прамым сэнсе: у яго пастаноўцы, харэаграфіі, музыцы былі з самага пачатку прадугледжаны фрагменты з дакладным "адрасатам". А дырэкцыя тэатра, звярнуўшыся да кіраўніцтва Маладзечанскага музычнага каледжа /i/content/pi/cult/372/7245/1-3.jpgмя М.К. Агінскага, прадугледзела "перадпраглядавае" стварэнне атмасферы.

Запрошаная сталічная "каманда" ў складзе рэжысёра Настассі Грыненка, мастака Андрэя Меранкова, балетмайстра Дзмітрыя Якубовіча і кампазітара Алены Атрашкевіч зрабіла сучасны - ды не "крыкліва-эксперыментальны" паводле эстэтыкі, з мінімумам сцэнічных аксесуараў і максімумам фантазіі - спектакль, харызматычны па сваёй метрарытміцы і пластычным рашэнні. І пры гэтым - глыбокі, разлічаны на гармонію сэрца і розуму, а галоўнае - на пасляпраглядавыя абмеркаванні паводзін герояў, што вымушае моладзь паставіць сябе на іх месца, перанесшыся ў тыя гады.

Рухаецца (ва ўсіх сэнсах слова) ды спявае (хто - душой, а хто - яшчэ і голасам) ледзь не ўвесь акцёрскі склад тэатра. Некаторыя артысты заняты адразу ў некалькіх супрацьлеглых ролях. Так што пастаноўка, акрамя гледача, "працуе" і ўласна на ўмацаванне трупы, безумоўным лідарам якой з'яўляецца старэйшы акцёр Барыс Донін. Яго, бадай, адзіная ў спектаклі "бясспеўная" роля - Суседа - узрастае ад шаржава-камічнай замалёўкі да сімвала сталінскага механізма татальнага знішчэння іншадумцаў.

Узрушаныя прэм'ерай маладзечанцы і запрошаныя на яе сталічныя тэатралы ў адзін голас выказвалі прапановы вылучыць спектакль на які-небудзь конкурс. Пастаноўка сапраўды таго вартая. Дый нашым тэатрам "за межамі Мінска" даўно трэба варушыцца, заяўляючы пра сябе "за межамі" хаця б свайго раёна і пераадольваючы межы мастацкай "местачковасці". Праўда, да конкурснага ўзроўню спектакль яшчэ давядзецца "давесці", найперш - у галіне акцёрскага майстэрства і, можа, музычнага афармлення.

Добрыя самі па сабе песні Аляксандра Пантыкіна - моднага расійскага рок-кампазітара, аўтара нашумелых мюзіклаў, славутага сваёй кінамузыкай і заснаваннем легендарнага гурта "Урфін Джус", - успрымаюцца ўсё ж "з іншай оперы". Яны парушаюць надзвычай стыльную, дакладна вытрыманую музычную аўру спектакля, дзе да ўдалых апрацовак песень даваенных і ваенных гадоў, зробленых Аленай Атрашкевіч, густоўна дадаюцца напісаныя ёй сцэны. Я не памылілася: не мелодыі, не музычныя фрагменты - менавіта сцэны нямецкага кабарэ і своеасаблівага рэквіема, якія становяцца сэнсавымі кульмінацыямі ўсяго спектакля. Можа, гэтую лінію вытрымаць да канца? Тады і фінал падасца больш узрушальным, чым ранейшыя дзве кульмінацыі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"