Палёты да эмпрэсіянізму

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Марафон "атлетаў" і лунанне эльфаў

/i/content/pi/cult/372/7244/1-1.gif


Штогадовыя справаздачныя канцэрты лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі даўно ўжо сталі добрай традыцыяй. Чарговы вечар "Таленты Беларусі" сабраў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета самую зацікаўленую публіку, пачынаючы са старшыні Савета фонду Ніны Мазай і міністра культуры краіны Паўла Латушкі.
Першае аддзяленне атрымалася, можна сказаць, філарманічна-строгім, апранутым у высакародныя чорныя фракі - у прамым і пераносным сэнсе. Праграма дала магчымасць маладым, але ўжо прызнаным музыкантам-інструменталістам, што навучаюцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры ёй, вытрымаць "спаборніцтва" з аркестрам тэатра. І - перамагчы!

Сагрэтыя подыхам, гукі флейты Юліі Шчасновіч (клас Барыса Нічкова) быццам разляталіся ласкава-ўсхваляванымі бліскаўкамі па яе сукенцы. Пастэльна, мякка гучаў альт Мікалая Чарнухі (клас Лючыі Ластаўкі). Надзвычай выразна, інтанацыйна-тэатральна спявалі-размаўлялі ў сваім дуэце-дыялогу віяланчэлісты Міхаіл Радунскі і Уладзіслаў Трухан (клас Уладзіміра Перліна). Сапраўдным адкрыццём стаўся фінал Скрыпічнага канцэрта Ф.Мендэльсона. Яго шалёны тэмп вытрымліваюць не ўсе выканаўцы. Калі ў іншых, здараецца, гэтая музыка ўспрымаецца марафонам "атлетаў", якія, сыходзячы потам, з апошніх сіл імкнуцца дасягнуць фінішнай стужкі, дык /i/content/pi/cult/372/7244/1-2.jpgгаваркая, гулліва-грацыёзная скрыпка Паўла Бацяна (клас Эдуарда Кучынскага) нагадвала кранальна-фантастычны палёт эльфаў - менавіта мендэльсонаўскі, з ягонага "Сна ў летнюю ноч". Нечаканыя фарбы знайшоў і піяніст Андрэй Іваноў, які цяпер вучыцца ў Маскоўскай кансерваторыі, у дзвюх апошніх частках знакамітага Першага канцэрта П.Чайкоўскага. Відарысныя старонкі гэтай музыкі ўявіліся яму прадчуваннем імпрэсіянізму, а то і нават джазава-блюзавых адценняў. Фінал пазбавіўся залішняй заліхвацкасці, набыўшы асэнсаванне фальклорна-сялянскага паходжання асноўнай тэмы.

Аркестр на чале з Вячаславам Волічам больш упэўнена, вядома, пачуваў сябе ў звыклым оперна-балетным рэпертуары другога аддзялення, дзе тон спевакам і артыстам балета задавалі самі аркестранты сваімі пранікнёнымі, эмацыйна насычанымі сола на скрыпцы (Рэгіна Саркісава), віяланчэлі (Аляксей Афанасьеў) ды іншых інструментах. Пераканаўшыся, што маладыя танцоўшчыкі маюць у рэпертуары чорна-белых лябёдак ды прынцаў з "Лебядзінага возера", мы пабачылі іх намаганні і ў сучаснай харэаграфіі "Спартака", і ў гарэзлівым па-дэ-дэ з "Дон Кіхота". Сямейна-зладжана гучаў дуэт Таццяны Гаўрылавай і Эдуарда Мартынюка. Шыкоўным упрыгожаннем канцэрта сталіся два выхады Настассі Масквіной, якая ад стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі "дарасла" да заслужанай артысткі Беларусі. Яна пашырыла праграму фрагментамі з тых спектакляў, што, на жаль, не ідуць у нашым тэатры. І гэта было гучанне на ўзроўні сусветных оперных прымадоннаў.

А вось беларускай музыкі мы так і не пачулі - ніводнай ноты за ўвесь канцэрт, хаця той жа Вячаслаў Воліч даўно і плённа распрацоўвае гэтую "незанятую" музычна-тэатральную нішу. Дый самой праграме не перашкодзіла б больш канцэртнай святочнасці, каб дзея ўспрымалася не "засушана"-акадэмічнай, а акадэмічна высокай. Мы ж гэта можам!..


Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"