Чаму беларуская песня "не праходзіла" кастынг?

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

"Нататкі на палях" аднаго праслухоўвання

Нацыянальныя адборачныя туры на "Новую хвалю-2012" — дзіцячую і дарослую — прайшлі акурат тыдзень таму. Але ў дадзеным выпадку колькасць і нават імёны пераможцаў — не самае галоўнае. Куды важней агульная карціна, што дала чарговы зрэз развіцця нацыянальнай эстрады і адначасова прадэманстравала погляд на нашы дасягненні з боку замежных прадзюсараў ды дзеячаў культуры. Пра гэта і паразважаем, паколькі ў "тэлесправаздачы" за кадрам, вядома ж, павінны будуць застацца самыя праблемныя моманты праглядаў-адбораў...

На першы-другі

разлічыся!

Пачнём са статыстыкі. Заяўкі на ўдзел прымаліся да 11 сакавіка. Пачатковы адбор ажыццяўляўся паводле дасланых запісаў. З 69-і дзяцей вылучылі 24, з 63-х дарослых прэтэндэнтаў - 22. У апошні момант праз адмову ад спаборніцтва адной канкурсанткі застаўся 21 кандыдат. Абодва журы ўзначальваў народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, але сярод "суддзяў" былі пераважна прадстаўнікі расійскага шоу-бізнесу: хто праводзіць конкурс, той, як кажуць, і рэй вядзе. На гэтым нацыянальным этапе журы было на дзіва шчодрым: у Маскву для канчатковага адбору паедзе ажно па 8 удзельнікаў ад кожнай з груп. Але ўлетку ў Юрмалу, дзе пройдзе дарослы конкурс, трапіць толькі адзін з іх, а ў Артэк, дзе будуць спаборнічаць дзеці, - максімум двое. На "Новай хвалі", як і на многіх іншых конкурсах, уключаючы "Еўрабачанне" ды "Славянскі базар у Віцебску", колькасць прадстаўнікоў ад адной краіны абмежавана. А тое, што канчатковы склад удзельнікаў фарміруюць самі арганізатары, дыктуе яшчэ адну акалічнасць: ад кожнай з краін яны адбіраюць не лепшага спевака, а лепшага, так бы мовіць, прэтэндэнта на пэўную ролю.

Менавіта так бывае на кастынгах ці кінапробах: кагосьці не бяруць толькі таму, што яго індывідуальнасць "не ўпісваецца" ў рэжысёрскую канцэпцыю. На той жа "Новай хвалі" прадугледжаны, вядома, ролі спевакоў-прэм'ераў, але куды больш запатрабаваны характарныя акцёры, каб конкурс атрымаўся цікавым не толькі для аматараў эстраднага бельканта, але і для ўсіх, хто ўключыць тэлевізар.

Назіраючы за тым, як "камандаваў парадам" дырэктар "Новай хвалі" Аляксандр Румянцаў, няцяжка было ўцяміць, чаго ён хоча: найперш - разнастайнасці. Таму побач з высокай, як кажуць, "класікай жанру" праходзілі пародыя, "тыпаж" - попытам карысталася хоць якая, ды "разыначка". Патрабаваліся не "аднолькава добрыя" выканаўцы, а - розныя. Ці ж гэта не формула паспяховага развіцця эстрады і, шырэй, культуры? Найперш - індывідуальнасць. Нават калі яна "не ўпісваецца" ў рамкі таго або іншага спаборніцтва.

Гэты "свінк"

у нас песняй завецца

Перайначаная фраза Мікалая Някрасава магла б стаць дэвізам дзіцячага адборачнага тура. Нават калі палову сцэнічных "крыкаў-стогнаў" спісаць на заганы гукарэжысуры, усё роўна відавочна: многія дзеці не спявалі, а імкнуліся як мага гучней "пракрычаць" завучаную мелодыю і словы. Тут ужо пытанні ўзнікаюць не толькі да іх саміх і, тым больш, да гукарэжысёраў, а найперш - да іхніх педагогаў.

Амаль усе дзеці, што бывае, дарэчы, не так часта, спявалі чыста, без фальшу. І ў гэтым, безумоўна, заслуга педагогаў. Але ж навошта крычаць? Між тым, гэтая тэндэнцыя становіцца ўсё больш заўважнай: калі, маўляў, спяваць, дык абавязкова гучна ды хутка. Быццам іншых варыянтаў не бывае. Ці іншаму папросту не вучаць? Як не вучаць і дыкцыі, і ўменню спяваць роўна, каб гукі не "тырчалі" з-за рознасці тэмбравай афарбоўкі і самога гуказдабывання.

Яшчэ больш пытанняў выклікаў рэпертуар. Паводле стылістыкі - часам здавалася, што акрамя "лёгкага" джаза і R'n'B у сусветным музычным мастацтве больш нічога ніколі не было. Можа, вядома, радавацца, што апошнім часам джаза стала больш - гэта ўжо таксама тэндэнцыя. Але - якога джаза? Часцей за ўсё да гэтай стылістыкі звяртаюцца, калі трэба праспяваць сусветны шлягер. Адпаведна, узнікае ці так званы песенны джаз, ці, у лепшым выпадку, свінг, які, улічваючы асаблівасці яго інтэрпрэтацыі, так і хочацца напісаць з фінальным "к" замест "г" - "свінк". Мала пераняць знешнюю манеру - павінна быць выхавана ўнутраная патрэба выконваць такую музыку. Але перш чым выконваць, яе трэба слухаць. І - разумець!

Апошняе патрабаванне, падобна на тое, увогуле не ўлічваецца. Пра што толькі дзеці ні спявалі! Тут былі і злыя скаргі жонкі, якая выганяе мужыка-небараку, і шматлікія любоўныя жарсці - цэлы "дарослы набор" чаго заўгодна. З даволі рэдкімі выключэннямі накшталт песень з мультфільмаў. Зноў-такі, падобныя рэпертуарныя захады сталі ўжо не выключэннем з правілаў, а ледзь не правілам. Бо калі яны "ўзаконьваюцца" на тым жа тэлеэкране, які ўсё больш набывае статус "галоўнага выхавацеля", дык на гэта, хочаш ці не, арыентуюцца педагогі і бацькі. Праўда, не ўсе. Спашлюся на ліст, што прыйшоў у рэдакцыю "К" пасля некалькіх выпускаў тэлеконкурсу "Я пяю!": маўляў, навошта вымушаць дзяцей выконваць не зразумелыя ім творы?

Дарэчы, той жа Аляксандр Румянцаў неаднойчы пытаўся ў дзяцей, пра што была іх песня, як перакласці яе назву. Многія папросту не маглі адказаць. І зусім не таму, што, маўляў, "саромеліся", бо сваю "сарамлівасць" яны цудоўна дэманстравалі папраўдзе з'едлівымі адказамі на іншыя пытанні. Здаралася, такія дыялогі сведчылі і пра "зорную хваробу", прычым далёка не ў ранняй стадыі. Ці ж не мы, дарослыя, яе выхоўваем ды песцім? Нельга, вядома, увесь час указваць дзіцяці адно на яго недахопы. Але ж нельга і ўвогуле закрываць на іх вочы! Тады, можа, з таленавітых дзяцей будзе больш вырастаць такіх жа таленавітых дарослых, якія, да ўсяго, адэкватна ўспрымаюць свае поспехі і няўдачы.

Ад эстэтыкі да этыкі

Дзіцячы тур увогуле не на жарт узняў этычныя пытанні. Вітаючы ўдзельнікаў, Аляксандр Румянцаў са сцэны, у мікрафон, без аніякіх душэўных ваганняў, канстатаваў: маўляў, усе вы - малайцы, а ў тым, што некаторыя не трапілі ў фінал, вінаваты педагогі. Не буду спрачацца: так яно і ёсць. І пра гэта трэба гаварыць! З самімі педагогамі. З бацькамі дзяцей. Але навошта садзейнічаць "зорнай хваробе" і бестактоўнасці, якіх у "падрастаючага пакалення" і без таго даволі?

З кожным годам дзеці становяцца ўсе больш разняволенымі, не баяцца сцэны - і гэта цудоўна. Але, здараецца, адначасова павышаецца і "нахабненькасць", адчуванне ўласнай абранасці, а сцэнічнасць пры гэтым перарастае ў крыўлянні. Паказчыкам стала і тое, што на просьбу "пагаварыць у мікрафон", каб гукарэжысёры адладзілі апаратуру, дзеці, у лепшым выпадку, лічылі. Ці проста паўтаралі за Румянцавым "падлікі". На "пагаварыць", распавесці пра што-небудзь - іх не хапала.

Яшчэ адзін аспект тэмы - тыя дзеці, сябры і "сябры сяброў" спевакоў, што прыйшлі іх падтрымаць. Пасля праслухоўванняў зала нагадвала пакінутае "поле бітвы", толькі замест "зброі" паўсюль валяліся пустыя пластыкавыя бутэлькі, абгорткі, а ў ролі "ахвяр" выступалі білецёры ды іншыя супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, якія беспаспяхова намагаліся прывіць дзецям азы паводзін ва ўстанове культуры...

Свой унёсак у "справу выхавання" зрабілі і арганізатары "Новай хвалі", вымусіўшы дзятву адседзець у зале тры з паловай гадзіны без перапынку. Таму, калі пасля канкурсантаў на сцэну выйшаў Тэатр песні "Хвілінка", публіка натоўпам кінулася да выхаду. Прычым выходзілі не ціха і не паміж асобнымі нумарамі, а пад час іх - шумна і радасна. Каб праз некалькі хвілін вярнуцца - гэтак жа шумна і радасна, з новай порцыяй бутэрбродаў ды іншай смакаты. Калі ж білецёры тлумачылі, што з ежай трэба ісці ў буфет, дык ім адказвалі незадаволеныя бацькі: маўляў, хто тут крыўдзіць маю найталенавітую крывіначку? Карацей, "тэатр" быў яшчэ той - кіно можна здымаць. Па жанры - трагікамедыю.

Два погляды

на ідэальнае

нацыянальнае

Сапраўднай трагедыяй падавалася іншае. Калі хтосьці з дзяцей падрыхтаваў песню пра Беларусь, Аляксандр Румянцаў не даваў яе выканаць, адразу запытваючы: "А што яшчэ ёсць у рэпертуары?" Гэтак жа "выклікалі сумнеў" дырэктара конкурсу іншыя дзіцячыя песні на беларускай мове. І толькі калі маленькі ўдзельнік настойваў на сваім і адмаўляўся спяваць штосьці іншае, беларуская песня - гучала. Але, часцей за ўсё, "не праходзіла". Ці ж гэта не яшчэ адзін "выхаваўчы момант"? Вядома, шоу ёсць шоу, і патрыётыка там - не лепшы рэпертуарны выбар. Значыць, гэтыя пытанні, з улікам тэндэнцый "Новай хвалі", павінны былі прадугледзець і педагогі, якія рыхтавалі дзяцей, і самі арганізатары, папярэдне скіраваўшы патэнцыйных удзельнікаў у неабходнае рэчышча.

У дарослым конкурсе рэпертуарная праблема была зусім іншая: хіт краіны, якую прадстаўляе ўдзельнік, часам увогуле не быў падрыхтаваны. Замест яго некаторыя ахвотна прапаноўвалі "шэдэўры" ўласнага гатунку. І яшчэ здзіўляліся, чаму такая песня "не каціць". Ці ж гэта не адлюстраванне агульнага становішча на нашай эстрадзе? Бо спяваюць што заўгодна: і "караоке", і, яшчэ больш, "сябе саміх" - уласныя кампазіцыі, ва ўсіх вельмі розныя па якасці. Беларускія ж песні - не! Хіба рыхтуюць іх для "спецпраектаў...

Увогуле ж, дарослы тур сёлета быў мацнейшы не толькі за мінулыя, але і за дзіцячы. Высокі ўзровень, шматнацыянальны склад удзельнікаў адзначалі і ўсе члены журы. Здаецца, вось яшчэ некаторыя праблемы наша эстрада пераадолее - і ўсё стане канчаткова добра. Крыўдна толькі, што галоўным галаўным болем для многіх становіцца менавіта нацыянальная песня...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"