Эстэтыка Памяці. І Надзеі...

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

На наступным тыдні чакаецца адкрыццё мемарыяльнага знака ў памяць аб ахвярах тэракта 11 красавіка 2011 года ў мінскім метро... На мінулым жа тыдні прастора сталіцы ўзбагацілася на скульптурную выяву святой Сафіі Слуцкай... Так, розныя нагоды выклікалі зварот майстроў разца да тэмы Памяці. І неаднолькавай пластычнай мовай яны скарысталіся, каб увасобіць сваю задуму. Пра гэта, а таксама пра бачанне скульптарамі сучаснай манументалістыкі ў гарадскім асяроддзі, Канстанцін Селіханаў і Міхаіл Інькоў падзяліліся з карэспандэнтам "К".

"Людзям бліжэй святло..."/i/content/pi/cult/372/7242/1-1.jpeg

"Мемарыяльны знак было вырашана ўстанавіць на тым месцы, куды людзі, не згаворваючыся, прынеслі кветкі адразу пасля трагічных падзей", - кажа аўтар работы па ўвекавечанні памяці ахвяр тэракта ў Мінскім метрапалітэне - скульптар Канстанцін СЕЛІХАНАЎ. Тое месца вядомае сёння ўсім беларусам. Ля ўвахода на станцыю метро "Кастрычніцкая" праз год пасля трагедыі будзе адкрыты мемарыяльны знак у памяць усіх, хто загінуў у выніку тэракта 11 красавіка 2011-га. "Рака Памяці"  (такое імя носіць мемарыял) увасабляе своеасаблівы "партал" у мінулае і адначасова - роздум пра будучыню...

- Я ўжо неаднойчы казаў: горад - гэта не прастора для вырашэння асабістых эмоцый мастака. Скульптар, мастак павінны заўжды памятаць, для чаго яны ствараюць твор, як ён паўплывае на наваколле. У Мінску нямала прыкладаў, калі пэўныя скульптурныя творы парушалі і парушаюць суладдзе гарадскога асяродка. Возьмем той жа барэльеф на Цэнтры моды: ці ж гэта не сэнсавы нонсэнс? І для мяне адной з галоўных задач пад час працы над праектам было  - знайсці баланс паміж выразным адлюстраваннем трагічнай тэмы і захаваннем кампазіцыйна-эстэтычнай цэласнасці гарадской прасторы.

- Але метро - гэта само па сабе своеасаблівае месца: буйная транспартная сетка...

- І ў гэтым была ўся складанасць. Патрабавалася ўлічыць шмат пытанняў. І першая ідэя, якая ў мяне ўзнікла ў сувязі з функцыянальнасцю месца, - ідэя дзвюх падпорных сцен, якія абаранялі б мемарыяльны знак ад пасажырскіх плыняў. Сцены, што атулялі б само пасланне. Толькі калі падысці да твора бліжэй, бачыш саму выяву - "раку Памяці". І, нягледзячы на люднае месца, гэтая работа носіць камерны характар: яна - простая, лаканічная, выклікае роздум гледача, яго своеасаблівую медытацыю.

Трэба адзначыць, што я працаваў разам з архітэктарам Аляксеем Галяковым. І ягоны ўнёсак у стварэнне мемарыяла - вельмі важны.

- Мне зараз на памяць прыйшоў мемарыял у выглядзе басейна з імёнамі загінулых, устаноўлены ў Нью-Ёрку на месцы разбураных тэрарыстамі вежаў-блізнят...

- Так, асацыяцыя - вельмі трапная. У Нью-Ёрку - мемарыял вырашаны з дапамогай вады. У нас жа галоўны вобраз знака - хвалі з імёнамі загінулых, якія падсвечваюцца. Свяцільня тут будзе падобная да месяцу, што пакідае дарожку на ўмоўнай "рацэ памяці", на гэтай плыні, нібыта выхапленай з жыцця. Хвалі, святло - гэта вобразы цалкам канкрэтныя, але яны ўтрымліваюць у сабе шмат розных значэнняў, якія людзі павінны адчуць.

Адзінае ўказанне на месца - гэта дата ў выглядзе электроннага гадзінніка. Дадзены элемент дадаўся з часам, і спалучае ён у сабе некалькі асацыяцый. Дэталей, якія нагадваюць пра выбух, няма: я ставіў сабе задачу стварыць менавіта чалавечны твор. Бо людзям бліжэй хваля, святло, - і ў выніку мы вяртаемся да чалавека, да жыцця.

- Якія матэрыялы выкарыстоўваліся для стварэння мемарыяльнага знака?

- Бронза, чорны граніт і белы мармур. У нас былі сумневы наконт чорнага граніту, але хацелася, каб знак быў часткай месца, метро, і сцены літаральна выплывалі б з таго асяродка, ствараючы адмысловую браму. Для мяне прынцыповай была ідэя ўвахода, глыбіні, партала, што звязвае нас з мінулым.

- Колькі часу заняла праца над праектам?

- Прыкладна тры месяцы. Спачатку давялося перапрацаваць эскіз, але потым Савет па манументальным мастацтве пагадзіўся, што наш першапачатковы варыянт - найлепшы. Гэты тэрмін - напэўна, падстава казаць пра тое, што не ўсе фарматныя творы робяцца хутка.

- Канстанцін, гэта першы вопыт працы з мемарыяльнай тэмай?

- Не. Разам з архітэктарам Лідзіяй Зайцавай мы працавалі над праектам мемарыяла для Трасцянца. Гэта быў спецыяльны конкурс, і наша работа не была абрана, але ж досвед - захаваўся. Ды яшчэ былі распрацоўкі... Але ў дадзеным выпадку мне не хацелася б казаць, што працую з тэмай смерці - я працую ў гэтым творы з тэмай Памяці і Надзеі...
Энергія эпохі

Сафіі Слуцкай

Міхаілу ІНЬКОВУ ўжо двойчы давялося ажыццявіць скульптурнае ўвасабленне вобраза беларускай святой. Яшчэ ў 2000 годзе першы помнік паўстаў на радзіме княгіні, у горадзе Слуцку, і літаральна тыдзень таму яшчэ адзін - у Мінску, на тэрыторыі сталічнага храма, названага ў гонар славутай праведніцы.

/i/content/pi/cult/372/7242/1-2.jpeg- Кампазіцыя, што была ўстаноўлена ў Слуцку ў 2000-м, вырашана, так бы мовіць, у манументальным ключы. Напэўна, гэтыя словы найбольш дарэчы ў дачыненні да ансамбля скульптуры і адмысловай брамы ў горадзе на рэчцы Случ, - тлумачыць розніцу паміж сваімі работамі скульптар. - Аблічча ж Сафіі Слуцкай на тэрыторыі мінскага праваслаўнага храма, названага ў яе гонар, мае больш камернае гучанне.

- Міхаіл Міхайлавіч, з іншага боку, выява славутай княгіні апынулася ў атачэннні сучасных гмахаў, якія нясуць і сваю адмысловую эстэтыку...

- Прызнаюся шчыра, першапачаткова мы з архітэктарам Мікалаем Лук'янчыкам планавалі паставіць скульптуру з паўднёвага фасада храма, але пад час працы стала зразумела: людзі павінны бачыць яе адразу, як толькі ўваходзяць на тэрыторыю царквы. Я згодны, помнік знаходзіцца ў атачэнні сучаснай архітэктуры, з яе вельмі спецыфічнымі, так бы мовіць, асаблівасцямі, але зараз мне здаецца, што гэты момант успрыняцця розных культур - XVI - XVII стагоддзяў і сучаснай - дае пэўны эфект і выклікае цікавыя паралелі. Пагатоў, я рады і таму, што скультура стане славутасцю раёна: што і казаць, звычайна аддаленыя ад цэнтра куточкі Мінска пазбаўлены падобных адзнак.

- Тым больш, выяў такіх знакавых постацей, як Сафія Слуцкая...

- Так. Княгіня Слуцкая і Капыльская, як лічаць гісторыкі, пайшла з жыцця прыкладна ў 27 гадоў. Безумоўна, яна была не толькі багатай, але і вельмі прыгожай жанчынай - нездарма за яе руку і сэрца змагаліся тытулаваныя жаніхі, - але агонь ейнай душы, яе характар, велікадушнасць зрабілі княгіню той постаццю, якой пакланяюцца і сёння.

Я перагледзеў стос матэрыялаў, перш чым прыйшоў да яе аблічча: пералапаціў шмат літаратуры ды розных крыніц. І ў выніку маім памкненнем стала спалучыць моцны духоўны пачатак святой з рэальным светам, паказаць яе адначасова і княгіняй, і праведніцай. Спадзяюся, гэта мне ўдалося.

- Якія асаблівасці, дарэчы, павінны мець манументальныя работы адпаведнай - духоўнай - скіраванасці?

- Пэўныя вольнасці, зразумела, не дапускаюцца. Памятаю, калі паказваў эскіз помніка ў Слуцку Мітрапаліту Філарэту, ён зрабіў мне заўвагу, што каленка княгіні больш, чым трэба, "прачытваецца" праз яе строй. І я вымушаны быў прыбраць гэтую дэталь. Зразумела, у дадзеным выпадку я не магу навязваць сваё ўспрыняцце Царкве, а павінен паважаць тыя каноны, якія тысячагоддзямі складваліся ў праваслаўнай культуры. Разумею, што аблічча святой мусіць быць спалучэннем выявы "горнага свету", якое існуе ў праваслаўных крыніцах, іконах, і майго мастацкага вымыслу, заснаванага, дарэчы, на гістарычных сведчаннях. Пры ўсіх складанасцях, ствараць падобную скульптурную работу вельмі цікава, хоць, безумоўна, няпроста.

Да слова, яшчэ адзін важны нюанс: энергетыка мастака. Паглядзеўшы на любую скульптуру, адразу бачыш, якой энергетыкай валодае творца. Бывае так, што ўсё зроблена бездакорна, а да работы падысці "баішся". Ці наадварот: падыходзіш, а аніякіх пачуццяў твор у цябе не выклікае.... Пустэча. І гэта тым больш бачна, калі мастак робіць скульптуру падобнага кшталту. Яна мусіць выпраменьваць энергію, якую адчуюць людзі.

- Пры такіх вузкіх рамках, што ж тады застаецца скульптару?

- Карпатлівая праца. Усё ж такі нават у аблічча Сафіі Слуцкай я прыўнёс пэўныя дэкаратыўныя, стылізаваныя элементы. Да прыкладу, праз дэкор адзення княгіні я паспрабаваў перадаць і эпоху, у якую яна жыла.

Як ні было б складана, але калі любіш сваю гісторыю, калі вырас у адпаведным месцы, дзе суіснавалі розныя культуры, працаваць над падобнымі знакавымі постацямі роднага краю - цікава і пачэсна.


Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"