Не прарэкламуеш — не паедзеш

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Чаму “закон джунгляў” для балета і “нефармата” не дзейнічае?

Шпацыруючы па вуліцах замежнага горада, вельмі прыемна ўбачыць на афішнай тумбе даўно знаёмую назву і адразу з гонарам паведаміць сваім "тамтэйшым" спадарожнікам: "Гэта - нашы!" Яшчэ нядаўна падобную сітуацыю ўявіць было вельмі цяжка, ды і сёння яна падасца, хутчэй, шчаслівай выпадковасцю. Таму кожнага дбайнага менеджара айчынных калектываў цяпер турбуе пытанне: як зрабіць гастрольную запатрабаванасць сістэмнай?

З чаго пачынаецца

"Belarusian"?

Часцей за ўсё афішы са словам "Belarusian" запрашаюць на спектаклі Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Яго гастрольны графік распісаны амаль да канца года: вызначаны ўжо і краіны, і даты, і пляцоўкі...

- У хуткім часе мы ўдакладнім і расклад гастролей на снежань бягучага года ды студзень наступнага, - дадаў першы намеснік генеральнага дырэктара тэатра Уладзімір Рылатка.

Геаграфія гэтых гастролей - пераважна Заходняя Еўропа, а іх графік - надзвычай шчыльны. Як адзначыў Уладзімір Рылатка, такая сітуацыя складвалася не заўсёды.

- Яшчэ колькі гадоў таму з нашым балетам працавалі толькі імпрэсарыа з Паўднёвай Карэі і Кітая, выязджалі мы таксама ў Сірыю ды Егіпет, - распавядае ён. - А вось спектаклі ў Еўропе былі надзвычай рэдкімі. Мы разумелі, што гэты рынак мае для нас стратэгічную важнасць, і таму паставілі сабе задачу абавязкова туды трапіць...

Сцвярджаць, што еўрапейскі глядач прагна чакаў беларускую версію "Лебядзінага возера", загадзя рэзервуючы для яе ўласны час і грошы на білеты, было б відавочным перабольшаннем. Прывабная рыначная ніша ніколі пустой не бывае: заўсёды знаходзяцца тыя, хто гатовы яе запоўніць. Таму, каб трапіць у гэтую кагорту, пасіўных чаканняў на ангажэмент сёння замала. Але як пераадолець гэты пакручасты шлях паміж артыстам і гледачом? І адкуль, увогуле, яго пачынаць?

Постаць імпрэсарыа - своеасаблівы масток паміж тэатрам-гастралёрам і тымі пляцоўкамі, дзе непасрэдна адбудуцца (альбо не адбудуцца) спектаклі. Адпаведна, менавіта гэтае звяно з'яўляецца ключавым.

- Мы пачалі з таго, што завабілі да нас еўрапейскіх імпрэсарыа, каб яны маглі на ўласныя вочы ацаніць патэнцыял беларускага тэатра, - распавёў Уладзімір Рылатка. - Знаходзілі іх праз старыя кантакты, асабістыя сувязі - па-рознаму...

Натуральна, вынік гэтай ініцыятывы быў зусім не стопрацэнтны. Далёка не кожны з запрошаных імпрэсарыа адразу прапанаваў супрацоўніцтва, не з усімі ўдалося знайсці агульную мову. Ды, тым не менш, некаторыя з іх выявілі жаданне папрацаваць з нашым балетам.

Як і любы бізнес, гастрольны "ўраджай" немагчымы без пэўных інвестыцый: укладанняў грошай, часу, энергіі... Дарэчы, усе гэтыя складнікі патрэбны і для стварэння якаснай прома-прадукцыі. Уладзімір Рылатка абсалютна перакананы ў тым, што без яе сёння "далёка не паедзеш". Заўважым, што прома-прадукцыя патрэбна ўжо на самай першай стадыі - наладжвання кантактаў з імпрэсарыа, гэта значыць, задоўга да саміх спектакляў. Чаму і навошта? Імпрэсарыа - пасрэднік, які прадае пэўны культпрадукт. І наўрад ці ён здолее маляўніча апавесці "на пальцах" пра ўсе яго вартасці, гутарачы з дырэктарам або мастацкім кіраўніком таго замежнага тэатра, дзе можа адбыцца (альбо не адбыцца) спектакль.

- Некаторыя "сумніўныя" балетныя трупы, якія "прыкрываюцца" гучнымі назвамі, атрымліваюць неблагія дывідэнды менавіта за кошт прадуманай рэкламнай палітыкі, - заўважае Уладзімір Рылатка. - І той, хто саступае такім калектывам у плане прома-прадукцыі, рызыкуе не вытрымаць канкурэнцыі. Таму ў нашым тэатры ёсць асобны рэкламны аддзел з немалым штатам, які сістэмна і паслядоўна працуе ў гэтым кірунку...

Набраўшы ў пошукавіку

"народны ансамбль"...

Сайт Вялікага тэатра оперы і балета нараканняў не выклікае. Карыстальнік можа атрымаць усю патрэбную інфармацыю на адной з трох моў: беларускай, рускай і англійскай. Але, у цэлым, праблема - існуе! Пра яе гаварылася і пад час пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на мінулым тыдні. Справа ў тым, што далёка не кожны вядомы калектыў або ўстанова маюць версіі сайтаў на замежных мовах, ды і кантэнт іх не заўсёды задавальняе. І хаця прагрэс тут - відавочны, прынамсі, параўнальна з тым станам, у якім знаходзіўся культурны сегмент Байнэта яшчэ гадоў пяць таму, але... Зрухі пакуль яшчэ не маюць усеахопны характар.

Набраўшы ў акенцы пошукавіка словазлучэнне "народны ансамбль", неўзабаве атрымліваем несуцяшальны вынік: тыя калектывы, якія маюць уласныя старонкі, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Рэгіянальныя "зорачкі" прадстаўлены, у лепшым выпадку, абзацам-другім тэксту на сайтах райвыканкамаў - без мультымедыйнай часткі, кантактных даных, а часам нават і без фота.

У тым, што гэтую праблему трэба вырашаць, сумнявацца не выпадае. Ды вось толькі... якім чынам? Далёка не кожны аматарскі калектыў здатны годна прадставіць сябе ў Інтэрнэце. Але, магчыма, мае сэнс стварыць своеасаблівыя базы даных перспектыўных творчых сіл ужо на ўзроўні вобласці?

Кан'юнктура на класіку

Лішне нават казаць, што для пранікнення на знешнія рынкі важна ўсведамляць іх кан'юнктуру. У выпадку з балетам гэта - менавіта сусветная класіка. На замежных афішах беларускага тэатра пазначаны толькі тыя спектаклі, назвы якіх ведае ці не кожны школьнік: "Шчаўкунок" або тое ж "Лебядзінае возера". Менавіта іх сёння чакаюць гледачы ў Іспаніі, Аўстрыі, Германіі...

- Таму неабходна, каб гэтыя спектаклі заўсёды знаходзіліся ў вельмі добрай "кандыцыі", - адзначыў першы намеснік дырэктара тэатра. - Каб яны былі належным чынам адрэпеціраваны, мелі выдатную сцэнаграфію, касцюмы... Інакш нават няма пра што весці гутарку...

А што ж да пастановак арыгінальных беларускіх твораў? Пакуль пра іх "экспарт" казаць зарана: шырокай глядацкай аўдыторыі яны невядомы, ды і імпрэсарыа не схільныя ставіць на "цёмнага коніка". Для таго, каб змяніць гэты статус-кво, спатрэбіцца нямала часу ды высілкаў.

- Мы распачалі аднаўленне оперы "Сівая легенда" Дзмітрыя Смольскага з лібрэта Уладзіміра Караткевіча, выразна ўсведамляючы, што гэты спектакль наўрад ці вытрымае вялікія гастрольныя туры, але затое можа займець добры фестывальны лёс, - кажа Уладзімір Рылатка. - Менавіта таму выхаду пастаноўкі будзе спадарожнічаць стварэнне поўнага пакета рэкламнай прадукцыі, каб можна было адразу заняцца яе прасоўваннем на буйныя міжнародныя форумы. Стаць іх заўсёднікамі - гэта наша першачарговая задача...

І сапраўды, фестывальная кан'юнктура адрозніваецца ад масава-глядацкай. Але ж у значнай ступені абедзве яны працуюць паводле прынцыпу "ўзаемазлучаных сасудаў": аўтарытэт таго або іншага тэатра сярод экспертаў становіцца чыннікам яго папулярнасці сярод шырокага кола аматараў.

Выраз "канкурэнтная барацьба" асацыіруецца ў многіх з працэсамі, апісанымі Чарльзам Дарвінам: маўляў, выжывае мацнейшы, і мэта тут апраўдвае сродкі. Але Уладзімір Рылатка запэўніў, што "закон джунгляў" у сферы балета не дзейнічае - у адрозненне ад, уласна, законаў канкурэнцыі:

 - Гэта зусім не дзікі рынак, дзе, каб прабіцца, трэба штурхацца локцямі. На Захадзе ў сферы акадэмічнага мастацтва ёсць вельмі добрая культура планавання: працэсам там кіруюць людзі, якія выдатна разбіраюцца ў культурным менеджменце, адчуваюць публіку і не будуць яе "перагружаць". Таму ніхто не стане з інтэрвалам у тыдзень пракатваць адзін і той жа спектакль ад розных тэатраў. А канкурэнцыя... Яна адбываецца, пераважна, менавіта на сцэне...

І сапраўды, знайсці ангажэмент - гэта яшчэ толькі палова справы. Другая ж палова, куды больш значная, - спраўдзіць спадзяванні ды выклікаць авацыі, а не абурэнне публікі ды расчараванне партнёраў.

Гастролі патрабуюць ад такога складанага механізма, як тэатр, функцыянавання ў анамальных умовах. Чаго вартая хаця б праблема аператыўнай адаптацыі спектакляў да розных пляцовак? Адна з іх - вялікая, іншая - малая...

Як адзначыў Уладзімір Рылатка, усе тэхнічныя праблемы з'яўляюцца вырашальнымі, асабліва калі сур'ёзна "рыхтавацца" да іх загадзя. Тады і форс-мажорныя сітуацыі ніколі не ўзнікнуць.

- Калі ты ставіш сабе за мэту наладзіць доўгатэрміновае супрацоўніцтва, мусіш заўсёды трымаць сваё слова і ні ў якім выпадку не падводзіць партнёраў, - дадаў Уладзімір Рылатка. - Нам ужо даводзілася гастраляваць замест тых калектываў, ад працы з якімі імпрэсарыа палічылі за лепшае адмовіцца...

Не толькі трапіць,

але і замацавацца

Як падаецца, гэтыя прынцыпы маюць універсальны характар, і датычацца яны зусім не толькі прамоўшна балета. Пра падобныя механізмы давялося пачуць яшчэ ад аднаго спецыяліста - зусім з іншай... оперы.

Малады прадзюсар і прамоўтар Аляксандр Багданаў ужо зарэзерваваў сабе месца ў гісторыі айчыннага шоу-бізу: сваімі высілкамі ён здолеў спярша добра раскруціць падапечныя яму калектывы на Беларусі і ўжо неўзабаве наладзіць ім рэгулярныя камерцыйныя гастролі ў Расіі ды частыя выправы ў іншыя краіны. І ўсё гэта - пры поўным "маўчанні" FM-прасторы: "нефармат". Але ж ансамблі накшталт "Сярэбранага вяселля" або "Касіяпеі" і сапраўды досыць цяжка ўплесці ў наяўную класіфікацыю стыляў...

  - Толькі з нязвыклым кантэнтам і можна выйсці на замежны рынак, - перакананы Аляксандр Багданаў. - Публіка там - перанасычаная, і яе цікавіць толькі нешта сапраўды новае...

Як вывесці калектывы на міжнародную арбіту, не маючы асаблівых сродкаў для раскруткі? На думку прадзюсара, першасная задача - гэта "паказаць" іх як мага большай колькасці патэнцыйна зацікаўленых людзей. Найлепшы спосаб - удзел у буйных фестывалях. Так, малавядомаму гурту ніхто не прапануе прыстойны ганарар, але затое сярод публікі, хутчэй за ўсё, акажуцца прамоўтары з розных гарадоў, альбо... іх сябры. І калі гурт спадабаецца, ён атрымае новыя прапановы. А далей пачне працаваць "эфект снежнага камяка"...

- Сёння ў нашай базе даных - каля 150 толькі расійскіх прамоўтараў, - кажа Аляксандр Багданаў. - Адпаведна, працаваць ужо значна прасцей...

Не сакрэт, што многія хочуць атрымаць "усё і зараз": і вядомасць, і грошы. Але, як сведчаць "палявыя даследаванні" капіталізацыя адбываецца зусім не адразу. Таму калі калектыў пачынае прыспешваць падзеі ды неабгрунтавана завышаць сумы ганарараў, ён рызыкуе заўчасна выпасці з гэтай схемы.

- А схема такая, - патлумачыў прадзюсар. - Першыя замежныя гастролі ладзяцца ў прома-мэтах і ніякага прыбытку не прыносяць. Але калі гурт "падабаецца", калі з ім хочуць працаваць надалей, яго запрашаюць ізноў. Другі тур па тых самых мясцінах таксама не будзе камерцыйным, а вось трэці... Трэці цалкам абгрунтоўвае выдаткі на першыя два...

 Летась Беларускі балет упершыню пасля вельмі доўгага перапынку выправіўся на гастролі ў Іспанію. Тур складаўся ўсяго з пяці спектакляў у трох гарадах на поўначы краіны. Тэатр спраўдзіў усе чаканні, гледачы былі ў захапленні, рэакцыя прэсы - цалкам станоўчая... Адпаведна, імпрэсарыа адчуў, што "звязаўся" з нашым тэатрам зусім не дарэмна.

- І таму наступны наш тур падоўжаны на дзесяць дзён, - распавядае Уладзімір Рылатка. - Далей - больш. Восеньскія гастролі пройдуць ужо ў пашыраным фармаце - з аркестрам, які будзе выступаць як з балетам, так і асобна. А ў бліжэйшай перспектыве наш іспанскі імпрэсарыа плануе перасекчы мяжу з Францыяй. Гэта значыць, што нам удалося замацавацца на рынку...

Многія лічаць шоу-бізнес справай тэхналогій. Але і Уладзімір Рылатка, і Аляксандр Багданаў перакананы ў адным: які культурны прадукт вы ні збіраліся б прасоўваць, першаснае значэнне ва ўсіх гэтых схемах мае... сама яго якасць. Іначай высілкі акажуцца "кругамі на вадзе".

- Так, халтура можа "прайсці" адзін або два разы, - кажа Уладзімір Рылатка. - Падмануць гледача немагчыма. Дзякуючы спадарожнікаваму тэлебачанню нават жыхары аддаленых вёсак могуць убачыць балет Бежара. Адпаведна, крытэрыі, якія высоўвае публіка, сёння вельмі высокія. У свеце ад нас чакаюць толькі сапраўдных узораў мастацтва...