Кінаіндустрыя.BY: мэта — уваход у сусветны рынак

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Імідж-прамоўшн: ад форумаў класа "А" — да інтэрнэт-форумаў

На мінулым тыдні многія жыхары сталіцы заўважылі маляўнічыя рэкламныя плакаты рэтраспектывы стужак класіка японскага кіно Сёхэя Імамуры. Дзякуючы шчыльнаму супрацоўніцтву Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў і японскага боку беларусы першымі на прасторы СНД пабачылі ўнікальную праграму ігравых ды дакументальных стужак двухразовага ўладальніка адной з самых прэстыжных узнагарод у свеце кіно - "Залатой галіны" Канскага міжнароднага кінафестывалю. Паказы былі арганізаваны і адбыліся на самым высокім узроўні - яшчэ адна частка прыцягальнай культуры далёкай усходняй краіны стала больш блізкай і зразумелай беларускаму гледачу.

Падобныя паказы - не толькі класікі, але і новага кіно, - праходзяць у Мінску ды буйных гарадах нашай краіны не адзін раз на год і арганізуюцца звычайна пры дапамозе дыппрадстаўніцтваў і кампаній з краін, дзе нацыянальны кінематограф з'яўляецца падставай для гонару. Сапраўды, больш танны і ёмісты спосаб прадставіць культуру і жыццё сваёй краіны ў іншых краінах ды кантынентах, чым кінапаказы, прыдумаць складана. У ХХ стагоддзі менавіта кіно стала правадніком ідэй, паказчыкам развіцця, дэманстратарам поспеху цэлых нацый і народаў. Імідж нацыянальнага кінамастацтва, такім чынам, апынуўся ў непасрэдным дачыненні да іміджа самой нацыі.

Казаць пра тое, што беларускае кінамастацтва добра вядомае за межамі нашай краіны, на дадзены момант было б перабольшаннем. Але... У такім становішчы ёсць і свае плюсы: фарміраваць станоўчы імідж амаль з нуля куды лягчэй, чым разбураць негатыўны. Суверэнная Рэспубліка Беларусь зусім нядаўна з'явілася на кінакарце свету. Першыя крокі - заўсёды самыя цяжкія ды адказныя, аднак рабіць іх неабходна. Зразумела, гэтыя памкненні вымагаюць ад прафесіяналаў нашай кінасферы шмат энергіі і сродкаў. Наўпростая рэклама - справа дарагая і вельмі часта - не самая эфектыўная. Сучасны свет адкрытых камунікацый прапануе безліч іншых сродкаў сказаць сваё слова на міжнароднай кінаарэне. Якім жа спосабам карыстаемся мы, беларусы?
Больш не terra incognita

Адразу трэба агаварыцца: літаральна за апошнія некалькі гадоў беларускія кінематаграфісты пачалі ўдзельнічаць у сур'ёзных міжнародных кінафорумах не толькі як назіральнікі. Прарывам тут стала адкрыццё Нацыянальнага павільёна нашай краіны на мінулагоднім фестывалі ў Кане. Яскравы факт: у Кане-2011 самастойнымі павільёнамі дэбютавалі адразу тры краіны, але толькі беларусам было даверана месца ў так званай галоўнай Канскай фестывальнай "вёсцы".

- Дабіцца прыхільнасці арганізатараў Канскага фестывалю было неверагодна цяжка, - дзеліцца ўражаннямі ад мінулагодніх падзей адзін з ініцыятараў заснавання Нацыянальнага павільёна, журналіст Белтэлерадыёкампаніі Алег Лукашэвіч. - Заслужыць давер самага прэстыжнага кінафэсту ўдалося толькі праз колькі гадоў бездакорнага супрацоўніцтва па асвятленні яго падзей у якасці журналіста. Гучалі галасы: а навошта нам, маўляў, нейкі павільён - дастаткова асобнага стэнда... Аднак павільён - гэта не толькі прэстыж дзяржавы ды ейнае месца на кінакарце свету, хоць гэтыя акалічнасці вельмі важныя. Павільён дапамагае кінематаграфістам знайсці салідных партнёраў для кінавытворчасці і дае ўнікальную магчымасць для прэзентацыі нацыянальнай кінакультуры ў цэлым. Таму гэтую справу трэба абавязкова працягваць...

Нацыянальны павільён Беларусь, дарэчы, збіраецца выстаўляць у Кане і сёлета. Цяпер ідзе яго актыўная падрыхтоўка, якая скончыцца праз колькі тыдняў. Аповед пра тое, што гэтым разам ён будзе з сябе ўяўляць, - у бліжэйшых нумарах "К". На дадзены момант плануецца, што ў яго працы прымуць удзел як дзяржаўныя кінавытворчыя арганізацыі - "Беларусьфільм" і "Белвідэацэнтр", - так і некалькі прыватных прадзюсараў ды кампаній. Прынамсі, тое, наколькі карысны нацыянальны павільён на самым прэстыжным кінафестывалі свету, дэманструе вопыт нашай суседкі - Украіны, што адкрывае сваё фестывальнае прадстаўніцтва на Лазурным Беразе ўжо колькі гадоў запар. Так званы ўваход на рынак - мэта любой індустрыі, якая развіваецца. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы свайму павільёну, украінскія прадзюсары здолелі ў апошні час знайсці цікавых партнёраў для сумесных праектаў з вялікім міжнародным розгаласам.

Карацей, устаноўка дзелавых кантактаў на найвышэйшым кінаўзроўні - прызначэнне любых фестываляў. Канскім павільёнам, упэўнены, справа не абмяжуецца: вядзецца актыўная праца па з'яўленні беларускіх прадстаўніцтваў і на некаторых іншых кінафорумах класа "А". Іншая справа, што на падрыхтоўку кожнага з такіх мерапрыемстваў патрабуецца год ці нават больш. Таксама не трэба забывацца і на тое, чым запаўняць свае павільёны і стэнды. І вось тут усё залежыць ад якасці нашай кінапрадукцыі...

Заваёўваць рынкі разам

Дні кіно той або іншай краіны - звыклая карціна для буйных гарадоў свету. Кінапаказы даўно ўспрымаюцца як неад'емная частка культурнай праграмы, але ўвагу гледача прыцягваюць і асобныя кінамерапрыемствы. Праўда, каштуюць яны, з улікам праезду дэлегацыі і дастаўкі фільмакопій, нятанна, бо паўнавартасная кінапраграма абавязкова мае ўключыць удзел прадстаўнікоў кінаіндустрыі ды паказы якасных фільмакопій. Да таго ж, яна павінна быць разнастайнай: складацца не толькі з новых стужак, але і з класікі ды рарытэтаў. Зыходзячы з апошняга, Дні беларускага кіно за мяжой могуць уключаць у сябе і дакументальныя, і анімацыйныя шэдэўры розных гадоў. Зразумела, з улікам аўдыторыі, для якой паказы мяркуецца арганізаваць.

Што да арганізацыйных выдаткаў, то тут добрым спадарожнікам для нашага кіно можа стаць айчынны бізнес, што выходзіць на рынкі розных краін. Дарэчы, вышэйзгаданая рэтраспектыва стужак Сёхэя Імамуры адбылася дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы адной з буйных транснацыянальных карпарацый з японскімі каранямі, якая рупіцца не толькі аб прыбытках, але і аб сваім іміджы. Адпаведна складзеная праграма кінапаказаў сведчыць аб высокім агульным узроўні развіцця краіны, адкуль прывезлі свой тавар бізнесмены. Тым больш, што гэты тавар могуць рэкламаваць самі стужкі.

Сумесныя дзеянні могуць аказацца асабліва эфектыўнымі ў сумежных сферах. Напрыклад, адным з самых вядомых сучасных брэндаў "Made in Belarus" з'яўляецца звышпапулярная камп'ютарная гульня, заснаваная на падзеях Другой сусветнай вайны. У яе гуляюць мільёны, і яны абавязкова зацікавяцца стужкай, створанай па матывах улюбёнай забавы. Такім чынам, платформа для міжнароднай дыстрыб'юцыі такой карціны ўжо гатова. Тым больш, што фільмы, створаныя з выкарыстаннем матываў папулярных відэагульняў, - рэч распаўсюджаная. Дарэчы, Галівуд днямі выпускае стужку, створаную па матывах вядомай усім і кожнаму дзіцячай гульні "Марскі бой". Калі ўдаецца ў іх, чаму не павінна атрымацца ў нас?

Яны - нашы!

Зрэшты, шукаць сваё месца на кінакарце свету тым жа ўкраінцам не даводзіцца. Імёны Аляксандра Даўжэнкі, Дзігі Вертава, Сяргея Параджанава, Кіры Муратавай добра вядомыя па падручніках кінамастацтва. Нам, беларусам, куды цяжэй. Але і мы можам ганарыцца тым, што на "Беларусьфільме" з вялікім поспехам працавалі сусветна вядомыя рэжысёр Элем Клімаў, акцёр Алег Янкоўскі, аператар Аляксандр Княжынскі. А зусім нядаўна наш Ігар Сігоў ледзь "Оскара" не атрымаў... Да таго ж, ці не палова класічнага Галівуда - з яго заснавальнікамі ўключна - нарадзілася на сучаснай беларускай тэрыторыі!

Праходзіць міма падобных фактаў - недаравальная раскоша для кінематаграфіі, якой патрабуецца як мага больш увагі. Таму асобная экспазіцыя з адпаведнымі фактамі будзе дарэчы не толькі ў Музеі гісторыі беларускага кіно, дзе яна, як мы спадзяёмся, неўзабаве з'явіцца, але і паўсюдна, дзе маецца інфармацыя аб нацыянальным кінематографе. У тым ліку - на нашых стэндах і ў павільёнах на міжнародных кінафорумах, сайтах у Інтэрнэце, і асабліва - на адпаведных старонках звышпапулярнай Вікіпедыі.

Карысная Сетка

Да слова, прастору Сусветнага павуціння беларускае кіно павінна асвойваць больш актыўна. Так, у нашых вытворцаў ёсць свае сайты, праводзяцца эсперыменты па паказах стужак непасрэдна ў Інтэрнэце. Але Сеціва - гэта асяродак, дзе трэба паводзіць сябе вельмі актыўна: ісці ў сацыяльныя сеткі, як гэта ўжо робяць на "Беларусьфільме" і ў "Белвідэацэнтры", напрыклад, непасрэдна кантактаваць з гледачамі на спецыялізаваных форумах, арганізоўваць працу з блогерамі і сеткавымі актывістамі...

Дарэчы, недаацэньваць уплыў інтэрнэт-форумаў, дзе гледачы дзеляцца ўражаннямі ад праглядаў, - недаравальная раскоша па цяперашнім часе. Маркетолагі ад кіно даўно карыстаюцца паслугамі інтэрнэт-піяру. Пра тое, што ён неабходны, сведчаць водгукі на прэм'еры "Беларусьфільма" на адпаведных сайтах: частка іх наведвальнікаў выказваецца супраць наведвання кінатэатра, дзе ідзе беларуская прэм'ера, горача і катэгарычна, нават не паглядзеўшы самой стужкі... На такім фоне губляюцца станоўчыя водгукі гледачоў, каму карціна спадабалася. Тым больш, што, згодна з законам рыначнай псіхалогіі, задаволеныя кліенты куды радзей выказваюць сваю падзяку, чым расчараваныя - прад'яўляюць свае прэтэнзіі.

Цікава, што апошнія прэм'еры айчыннага кіно ўсё часцей выклікаюць бурную палеміку ў Інтэрнэце, прычым не толькі ў беларускім яго сегменце, што асабліва радуе. Гэта сведчыць не толькі пра з'яўленне прадмета для абмеркавання, але і аб тым, што ў гэтых дыскусіях трэба ўдзельнічаць. Рэклама ж бывае не толькі на афішах...

Госці - у хату!

Курс на сумесную вытворчасць - адзін з самых перспектыўных. Назва нашай краіны і яе кінавытворчых арганізацый у зыходных даных стужак рэжысёраў і прадзюсараў з сусветнымі імёнамі вельмі спрыяе стварэнню станоўчага іміджа нашай кінематаграфіі. Толькі ў гэтым годзе "Беларусьфільм" і "Белвідэацэнтр" рыхтуюць некалькі важных праектаў сумесна са знакамітымі замежнымі партнёрамі. Спадзяёмся, менавіта такім чынам наша краіна сёлета прыме ўдзел у конкурсных праграмах самых прэстыжных фестываляў. Каб патэнцыйныя партнёры ведалі, з кім маюць справу, ім трэба не толькі расказваць, але і паказваць.

Апрача візітаў беларускіх кінематаграфістаў на міжнародныя кінафорумы і перамоў з уплывовымі асобамі ў свеце кіно, што адбываюцца ў апошні час даволі рэгулярна, гасцей трэба актыўна запрашаць у Беларусь. І не толькі на каву-гарбату, але - на спецыяльна арганізаваныя туры з дэманстрацыяй патэнцыйных магчымасцей кінавытворчасці ў нашай краіне. Своеасаблівай першай ластаўкай тут стаў "круглы стол" з удзелам прадстаўнікоў айчыннай і замежнай кінаіндустрыі ды кінапрэсы, арганізаваны пад час мінулагодняга Мінскага Міжнароднага фестывалю "Лістапад". Упэўнены, неўзабаве рэканструяваны "Беларусьфільм" чакаюць і прэс-туры замежных журналістаў, якія пішуць аб кіно, і візіты адпаведных прафесіяналаў з мэтай азнаямлення з перавагамі здымак у нас.

- Стварэнне станоўчага іміджа нашага кіно - ці не самая важная задача на сёння, - упэўнены генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Алег Сільвановіч. - Ад таго, як нас будуць ведаць, як мы будзем выглядаць на фоне іншых вытворцаў, залежыць тое, ці знойдзем мы салідных партнёраў для сумеснай вытворчасці. Пытанне бізнесу - гэта пытанне даверу, які немагчыма купіць, а можна толькі заслужыць. Але перш чым казаць пра міжнародны імідж нашага кіно, трэба разабрацца з вобразам апошняга ў вачах айчыннага гледача. Пытанне нашай паспяховай дзейнасці, залежыць, найперш, ад таго, як нас будуць успрымаць на радзіме. Першачарговая мэта кінастудыі - стварэнне якаснага кіно для беларусаў. Калі ўсё будзе атрымлівацца дома, замежныя поспехі не прымусяць сябе чакаць...