Людзі і манекены

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

Пад такой назвай з 5 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі экспанавалася выстаўка твораў Вадзіма Аладава, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васільеўны Аладавай, яго бабулі, знакамітага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея ў 1944 — 1977 гг.

 /i/content/pi/cult/133/724/Aladau.jpg
 В.Аладаў. “Едзем да мора”.

Вадзім Аладаў, сын вядомага беларускага архітэктара Вальмена Аладава, нарадзіўся ў 1965 г. у Мінску. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
У 1997 — 2004 гг. працягваў адукацыю ў Акадэміі свабодных мастацтваў у г. Мюнстэры (Германія). Удзельнічаў у 8 групавых выстаўках, арганізаваў тры персанальныя выстаўкі ў Германіі і на Беларусі.
У цяперашні час працуе ў Германіі.
39 карцін, якія прадстаўлены ў экспазіцыі, — частка вялікай серыі — гэта мастакоўская рэакцыя на бездухоўнае грамадства спажыўцоў. Намаляваныя з натуры і крыху перакампанаваныя ў працэсе работы, творы выяўляюць складаны комплекс пачуццяў і ўражанняў: бестурботныя манекены нагадваюць людзей, а людзі з іх абмежаванасцю і амбіцыямі, пагоняй за знешнім лоскам часам не болей адухоўленыя, чым прыгожыя, камічныя ці пачварныя манекены. З гэтым звязаны своеасаблівы сімвалізм твораў і “гофманіянская” фантасмагарычнасць.
Прыгожае абарочваецца кепскім, пустота мае прыгожую абалонку. Антыномія, узаемаперацяканне прывабнага і агіднага, рэчы ці лялькі, уключаныя ў кампазіцыю, як і трапныя назвы, праясняюць аўтарскую пазіцыю.
Архітэктура новага будынка музея, у якім месціцца выстаўка, дае нечаканыя ракурсы і супастаўленні. Прасторава, на адлегласці, экспазіцыя выстаўкі Аладава — якую, між іншым, аўтар рабіў сам — мяжуе з экспазіцыяй сармацкіх партрэтаў.
Партрэтаў тых часоў, калі адзенне было амаль татальным “дрэскодам”, сацыяльна-, лёсавыяўляючай прыкметай.
Візуальна лейтматыў цыкла выяўляецца ў выглядзе свабоднай жывапіснасці, характэрнай для беларускай школы. Яна злучаецца з рысамі экспрэсіянізму з яго рэзкай прасталінейнасцю выказвання, часам фарсіраваным колерам і выкрывальніцкім, сатырычным пафасам (своеасаблівы працяг “крытычнага рэалізму”). Акрамя таго, міжволі ўзгадваецца поп-арт — “гульня” з выявамі рэальных рэчаў, і постмадэрнізм з яго арганічнай і шырокай іроніяй. Патрэба выказацца, яркі тэмперамент абумовілі некаторую бегласць мастацкага вырашэння твораў.
Выстаўка цікавая як сама па сабе, так і як адзін з паўнавартасных і
парадаксальных прыкладаў перасадкі беларускайшколы на нямецкую глебу.

Валянціна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ,
мастацтвазнаўца