Чый сайт атрымае Інтэрнэт-прэмію-2012?

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

На атрыманне Інтэрнэт-прэміі “ТІБО-2012” у намінацыі “Культура і мастацтва” прэтэндуе парадку 20 сайтаў.

25 красавіка ў мінскім Футбольным манежы пачнецца XIX Міжнародная выстаўка і кангрэс "ТІБО". Сёлета яна супадае па часе і ладзіцца ў рамках XVI Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМІ ў Беларусі".

Як вядома, "ТІБО" кожны год абвяшчае конкурс сайтаў у самых розных намінацыях, сярод якіх абавязковай застаецца намінацыя "Культура і мастацтва". У 2010-м першае месца ў ёй заняў, да прыкладу, вэб-сайт Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, а летась Інтэрнэт-прэмію атрымаў партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (І месца). Сайты ж Віцебскай абласной філармоніі і Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея заваявалі ІІ і ІІІ месцы адпаведна.

Начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вадзім Шчэрбіч, які ўвайшоў у склад арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні выставак "ТІБО-2012" і "СМІ ў Беларусі", распавёў "К", што сярод інавацыйных тэхналогій, якія сёлета плануецца прэзентаваць на выстаўцы, - і электроннае інфармацыйнае забеспячэнне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

А на ўдзел у конкурсе ў намінацыі "Культура і мастацтва", як зазначае сакратар Інтэрнэт-прэміі "ТІБО" Мікалай Кавалеўскі, пададзена каля 20 заявак.