Творы выкананы майстрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Ларысай Шылак і Вольгай Матусевіч - удзельніцамі выставак у розных гарадах нашай краіны, а таксама Міжнародных кангрэсаў каруначнікаў у Германіі, уладальніцамі Гран-пры ІІ Міжнароднага конкурсу высокай моды нацыянальнага касцюма ў намінацыі «Рэтра».
Прадстаўленая калекцыя - гэта творчая фантазія аўтараў, заснаваная на еўрапейскім і беларускім партрэтным жывапісе, на глыбокім вывучэнні гісторыі касцюма і дэталей яго дэкору. Свецкі касцюм XVI - XVII стст. быў вельмі дарагі: праз багацце тканін і каштоўныя камяні, якімі прыгажуні-шляхцянкі ўпрыгожвалі свае строі, ператвараючы сукенкі ў непаўторныя творы мастацтва. Вышыўка з'яўлялася неад'емнай часткай інтэр'ераў каралеўскага двара і магнатаў ВКЛ, дэманструючы іх эстэтычныя погляды і густ.
Кожны з прадстаўленых строяў - гэта вобразнае рашэнне вызначанай тэмы, выяўленай пры дапамозе колеру, ліній сілуэта, элементаў крою і адпаведных малюнкаў вышыўкі і пляцення.
Калекцыя складаецца з сямі ўнікальных твораў. «Барбара» мае рысы свецкага касцюма для вясельнай цырымоніі магнатаў і шляхты Вялікага Княства Літоўскага ды Польшчы XVI ст. У «Лілеі» галоўны сімвал - кветка - уяўляе з сябе знак сілы: пялёсткі гэтай краскі вянчалі гербы шматлікіх родаў ВКЛ. «Чарадзейная дама» - зборны вобраз убрання тагачасных магнатаў і шляхты. Астатнія ж касцюмы - «Лясная німфа», «Венецыя», «Перліна» і «Зорная ноч» - маюць рысы, адпаведна, нямецкага, італьянскага, англійскага і іспанскага строяў XVI ст.
Асноўныя тканіны і матэрыялы касцюмаў - атласны сацін, аксаміт, тафта, шаўковыя ніткі, мулінэ, батыст, віскоза, пацеркі, шклярус, бавоўна і г. д. Па словах аўтараў, мэтай сваёй творчасці яны лічаць абуджэнне цікавасці да духоўнай спадчыны, багатай культуры краіны. Адной з самых яркіх старонак яе з'яўляецца гісторыя старажытнага роду Радзівілаў, для якога эпоха Адраджэння стала «залатым векам».
Таццяна БАРДАЧОВА
Нясвіж