Скрыпка і не толькі

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Стаўшы лаўрэатам конкурсу ў Берліне, Арцём Шышкоў праз два тыдні прадставіць Беларусь на Міжнародным спаборніцтве ў Бруселі.

Днямі знакаміты беларускі скрыпач Арцём Шышкоў - лаўрэат, уладальнік Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, адзначаны перамогамі ажно на 15-і творчых спаборніцтвах высокага рангу і ўжо добра вядомы ў Еўропе, - стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу скрыпачоў і альтыстаў Макса Росталя ў Берліне.
Гэты конкурс - адзін з самых прэстыжных у свеце, ён уключаны ў Сусветную федэрацыю міжнародных музычных конкурсаў. Макс Росталь, які нарадзіўся ў Польшчы, а большасць свайго жыцця правёў у Англіі, увайшоў у гісторыю сусветнага музычнага мастацтва як адзін з самых адметных скрыпачоў, альтыстаў і педагогаў ХХ стагоддзя. Пасля ягонай смерці, як знак ушанавання памяці пра майстра, у Берліне быў заснаваны яго "імянны" конкурс. Дарэчы, у свой час сам Макс Росталь стаяў ля вытокаў конкурсу, прысвечанага памяці свайго выкладчыка - Карла Флэша.

Наш Арцём Шышкоў, скончыўшы Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і, следам, саму Акадэмію ды магістратуру пры ёй, цяпер працягвае навучанне ў аспірантуры Венскага ўніверсітэта музыкі і выканальніцкіх мастацтваў, шмат гастралюе, не забываючыся пра Беларусь (толькі за апошнія два месяцы ён выступіў у нас двойчы), грае ў складзе сусветна вядомага "Lipkind-квартэта", неаднойчы запрашаўся на правядзенне майстар-класаў. На конкурсе Макса Росталя ён граў, дарэчы, на беларускай скрыпцы. Не, выраблена яна была не нашымі майстрамі, а італьянцам Андрэа Гварнеры - яшчэ ў ХVІІ стагоддзі. Але набыта - Міністэрствам культуры Беларусі спецыяльна для рэалізацыі выканальніцкага майстэрства і раскрыцця патэнцыялу маладых таленавітых выканаўцаў на прэстыжных міжнародных конкурсах.

- Гэтую скрыпку, - дадаў Арцём, калі мы звязаліся з ім праз Інтэрнэт, паколькі ён яшчэ знаходзіўся ў замежжы, - мы ў свой час выбіралі ў Лондане разам з маім выкладчыкам Эдуардам Кучынскім. Дый усімі сваімі дасягненнямі я абавязаны, найперш, менавіта яму. Я перайшоў да яго, калі мне было дзесяць гадоў (дагэтуль займаўся ў яго жонкі - таксама цудоўнага музыканта і выкладчыка). А цяпер і сам выкладаю, абапіраючыся не толькі на свой вопыт, але і на ягоную методыку. Гэта папраўдзе ўнікальны педагог, з чыйго класа выходзяць тэхнічна бездакорныя, удумлівыя музыканты, якія добра адчуваюць стылёвыя тонкасці кожнага кампазітара. Ён навучае не проста прафесіі - самой творчасці. І беларуская скрыпічная школа можа толькі ганарыцца тым, што яе славу складаюць такія майстры, годныя сусветнага прызнання!..

Дадамо, што праз два тыдні Арцём Шышкоў паедзе на Міжнародны конкурс Каралевы Елізаветы ў Бруселі, які з'яўляецца адным з самых складаных у свеце. Адно тое, што музыкант трапіў на яго, прайшоўшы адборачны тур, можа лічыцца перамогай. А наш Арцём аднойчы ўжо мінаў адбор, але ў самім конкурсе так і не паўдзельнічаў з-за траўмы рукі. Таму будзем "хварэць" за яго зараз!..

Н.Б.