Пра Луцкевічаў у Вільнюсе

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

5 красавіка ў Вільнюсе адбыліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 20-годдзю з часу ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Літвой.

Як паведаміла саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Ірына Зубко, гэтым днём у Вільнюскім эдукалагічным універсітэце быў праведзены "круглы стол" "Ад мінулага да будучага: беларускі музей імя Івана Луцкевіча" і адкрылася фотавыстаўка Леаніда Касабуцкага "Грунвальдская бітва".

Пасля ўрачыстыя мерапрыемствы перамясціліся ў гарадскую ратушу, дзе прайшло пасяджэнне, прысвечанае памяці знакамітых беларусаў - братоў Антона і Івана Луцкевічаў, заснавальнікаў Беларускага музея ў Вільні. А пасля адбылася прэзентацыя кнігі Вікторыі Мурашкене "Я не магу не любіць цябе" - пра першага кіраўніка беларускай дыяспары Літвы Лявона Мурашку, а таксама была прадстаўлена экспазіцыя з прыватнай калекцыі Людвігі Вітушка.

Завяршыліся ж святочныя мерапрыемствы канцэртам ансамбля салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі "Класік-Авангард".