Ашхабад прыняў Дні культуры Беларусі

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

З 4 па 6 красавіка ў Туркменістане праводзіліся Дні культуры Рэспублікі Беларусь. Гэта быў, так бы мовіць, візіт у адказ: у 2010 годзе ў нашай краіне з поспехам прайшлі Дні культуры Туркменістана.

Нашу дэлегацыю ўзначальваў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі. Апрача перамоў аб далейшым творчым супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі, у Ашхабадзе быў зладжаны і шэраг творчых мерапрыемстваў.

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела канцэртна-фестывальных праектаў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірыны Рахвалавай, наша нацыянальнае мастацтва на туркменскай сцэне прэзентавалі вакальны гурт "Чысты голас", ансамбль "Свята", народныя артысты краіны Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская.

Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прывёз у Ашхабад выстаўку, прысвечаную сумеснай барацьбе народаў СССР супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сваю фотаэкспазіцыю прадставіла ў Туркменістане і Беларускае тэлеграфнае агенцтва.