Фокус з “круглага стала”

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Магчымасці і шляхі супрацоўніцтва ў галіне культурнай спадчыны грунтоўна разглядаліся пад час беларуска-польскага прадстаўнічага “круглага стала” “Спадчына і яе ахова”, што днямі адбыўся ў Кракаве.

У пасяджэнні, якое праходзіла пад старшынством кіраўнікоў Нацыянальных камісій па справах UNESCO Беларусі, Уладзіміра Шчаснага, і Польшчы, Анджэя Ротэрмунда, прынялі ўдзел начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры нашай краіны Ігар Чарняўскі і старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, а таксама прадстаўнікі навучальных устаноў, грамадскіх арганізацый Польшчы, што займаюцца аховай гісторыка-культурнай спадчыны.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі музейны комплекс на Вавелі, дзе азнаёміліся з працай рэстаўрацыйных майстэрняў, а таксама Музей сучаснага мастацтва і фабрыку Шындлера.

Па словах Уладзіміра Шчаснага, у фокусе "круглага стала" былі пытанні, прысвечаныя магчымасці развіцця шляхоў супрацоўніцтва ў галіне культурнай спадчыны. У прыватнасці, бакі абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў галіне захавання аб'ектаў, унесеных у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

У ходзе форуму былі вызначаны асноўныя кірункі сумеснай працы. Да прыкладу, важным для развіцця культуры ўяўляецца абмен каштоўнымі дакументальнымі матэрыяламі, што зберагаюцца ў абедзвюх краінах, а таксама абмен вопытам у справе захавання аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Так, у польскага боку маецца зацікаўленасць у архіўных матэрыялах, звязаных з дзейнасцю караля Рэчы Паспалітай Яна Сабескага. У сваю чаргу, беларускі бок зацікаўлены ў атрыманні электронных копій архіваў, прысвечаных іншаму каралю - Стэфану Баторыю, - а таксама роду Сапегаў. Таксама, па словах Уладзіміра Шчаснага, будзе працягвацца сумеснае вывучэнне дакументальнай спадчыны Радзівілаў.

Акрамя таго, польскія эксперты неўзабаве прымуць удзел у семінары па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў мэтах устойлівага развіцця, а таксама ў Школе рэстаўратараў, што сёлета пройдуць у Нясвіжы.

К.А.