Варыяцыі Шагала

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

Рэпрадукцыі твораў Марка Шагала ўпрыгожаць сталічную плошчу Якуба Коласа, а вось арыгіналы са скарбніц Ватыкана плануецца паказаць у Віцебску.

Сёлета ў нашай краіне будуць урачыста адзначацца 125-я ўгодкі з дня нараджэння знакамітага Марка Шагала.

Так, ужо з 7 чэрвеня і па 16 верасня ў Мінску пройдзе вялікі творчы праект "Мастак і горад". Сярод яго арганізатараў - упраўленне культуры Мінгарвыканкама, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Музей Марка Шагала ў Віцебску.

Як распавяла "К" галоўны спецыяліст аддзела культурна-асветніцкай работы ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Марына Ясюк, асноўная мэта дадзенага праекта, вядома ж, - папулярызаваць спадчыну знакамітага мастака. Сярод запланаваных мерапрыемстваў - размяшчэнне постэраў і плакатаў з адлюстраваннем работ Марка Шагала на выставачных канструкцыях на плошчы Якуба Коласа, правядзенне выставак ды пленэраў.

Распачаліся ж святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння знакамітага мастака, 3 красавіка ў Віцебску, дзе адкрылася IV Нацыянальная выстаўка інсітнага мастацтва "Insita". На ёй прадстаўлены работы 79 мастакоў з Беларусі, Літвы і Расіі. Экспазіцыя працуе адразу на трох пляцоўках: у Арт-цэнтры Марка Шагала, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі і ў Абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Сярод асноўных святочных мерапрыемстваў, што таксама пройдуць сёлета ў Віцебску, - правядзенне XXII Шагалаўскіх чытанняў і арганізацыя пленэраў і выставак.

Да ўсяго, выстаўку работ Марка Шагала са скарбніц Ватыкана плануецца арганізаваць у Віцебску. З падобнай ініцыятывай на адрас кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама звярнуўся апостальскі нунцый у Беларусі, архіепіскап Клаўдзіа Гуджароцці. Ідэя абласнымі ўладамі падтрымана. Таксама, пад час наведання абласнога цэнтра, пасланнік Ватыкана ўсклаў кветкі да помніка слыннаму мастаку ад імя Папы Рымскага Бенедыкта XVI і наведаў Музей Марка Шагала ў Віцебску.

Ю.Ч.