Сустрэнемся ля “Ружанскай брамы”?

№ 14 (1037) 07.04.2012 - 14.04.2012 г

На чарзе — аднаўленне ўсходняга корпуса Ружанскага палаца, дзе месціліся манеж і тэатр Сапегаў. Грошы выдаткоўваюць абласны і раённы бюджэты.

/i/content/pi/cult/372/7227/1-1.jpeg

У Ружанскім палацы завершана рэстаўрацыя заходняга флігеля. У хуткім часе будуць даведзены да ладу яго ўнутраныя памяшканні, дзе размесціцца экспазіцыя, прысвечаная славутаму роду Сапегаў - колішніх уладальнікаў палаца.

Мяркуецца, інтэр'ер будзе складацца з прадметаў, аналагічных па часе стварэння тым, што калісьці ўпрыгожвалі палац. Над адрэстаўраванай брамай корпуса, часткай якога з'яўляюцца заходні і адноўлены раней усходні флігелі, устаноўлена скульптура Святой Ганны. Усходні флігель ўжо задзейнічаны пад экспазіцыю: яна дае наведвальнікам уяўленне пра тое, як выглядаў палац у свае лепшыя часы.

Паводле слоў галоўнага спецыяліста па ахове спадчыны ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Вячаслава Гарбузава, завяршэнне гэтага этапа адраджэння палаца істотна пашырае магчымасці выкарыстання яго як культурнай пляцоўкі. Летась палац у Ружанах наведалі 17 тысяч турыстаў, сёлета чакаецца больш. Надзею на турысцкую плынь дае і вельмі зручнае знаходжанне палаца - лічы, на скрыжаванні буйных магістралей.

Мінулым годам у ім ладзіўся фэст пад назвай "Ружанская брама" - ёсць намер зрабіць яго штогадовым. Канцэпцыя імпрэзы, па словах Вячаслава Гарбузава, - у стадыі прапрацоўкі. Магчыма, гэта будзе фэст музыкі Сярэднявечча, а можа, на ім прадставяць іншыя музычныя формы - аж да авангардных. Не выключана, што фестывалю прыдасца і тэатральны складнік.

На чарзе - аднаўленне ўсходняга корпуса, дзе колісь месціліся славутыя манеж і тэатр Сапегаў. Грошы на правядзенне рэстаўрацыі выдаткоўваюць абласны і раённы бюджэты. Цяпер на экспертызе знаходзяцца праекты першачарговых работ, якіх вымагае аварыйны стан аб'екта.

П.В.