Стрыжань адметнасці

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

У якой эпосе шукаць карані беларускай дзяржаўнасці, што лічыць першымі дзяржаўнымі ўтварэннямі? На гэтыя пытанні дае адказ фундаментальнае даследаванне “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII — пачатку XXI ст.”, першы том якога пабачыў свет у выдавецтве “Беларуская навука”. Пра кнігу распавёў адзін з яе аўтараў — дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ.

/i/content/pi/cult/371/7224/14_3.gif— Разам са станаўленнем незалежнай Рэспублікі Беларусь адной з найбольш актуальных, стрыжнёвых тэм у айчыннай навуцы пра мінулае сталася вывучэнне гісторыі беларускай дзяржаўнасці. У 2005 годзе Савет Міністраў краіны зацвердзіў Дзяржаўную комплексную праграму навуковых даследаванняў “Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці, культуры”, галаўной арганізацыяй па выкананні якой быў вызначаны Інстытут гісторыі. Ва ўстанове напрыканцы 2005-га быў створаны спецыяльны аддзел гісторыі беларускай дзяржаўнасці, які ўзначаліў вопытны даследчык Мікалай Смяховіч.

Разам з выкладчыкамі айчынных ВНУ праведзена вялікая праца па аналізе новых архіўных дакументаў, што былі знойдзены не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, а таксама — па асэнсаванні ранейшай гістарыяграфіі.

У выніку свет пабачыла ўнікальная праца, што абагульніла вопыт дзясяткаў даследчыкаў. У кнізе ўпершыню комплексна прааналізаваны гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Намі закрануты тэмы дзяржаўна-прававога статуса беларускіх зямляў у складзе Расійскай Імперыі, гістарычныя перадумовы і заканамернасці працэсаў нацыянальнага развіцця, станаўлення беларускага нацыянальнага руху, фарміравання нацыянальна-дзяржаўнай ідэі народа. Прааналізаваны таксама складаны працэс афармлення ды развіцця беларускай дзяржаўнасці ў 1917 — 1939 гадах.

Дарэчы, кніга мае багаты фотаілюстрацыйны рад, утрымлівае восем гістарычных карт.

— Чаму рамкі даследавання абмяжоўваюцца XVIII стагоддзем, а не, скажам, перыядам існавання Полацкага Княства?

— У рамках тэарэтыка-метадалагічнага даследавання айчыннымі вучонымі была зроблена выснова: мы можам казаць пра гістарычныя формы дзяржаўнасці на тэрыторыі беларускіх земляў і ўласна нацыянальную дзяржаўнасць. Так, да гістарычных форм дзяржаўнасці можна аднесці Кіеўскую Русь, Полацкае Княства, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітую, Расійскую Імперыю...

У гэтым выданні мы бяром за аснову канец XVIII стагоддзя, бо менавіта ў той час пачаў фарміравацца беларускі нацыянальны рух і ўласна ідэя беларускай дзяржавы. У выніку беларускі этнас здолеў захаваць свае адметнасці. І даныя перапісаў, у тым ліку 1867 года, сведчаць: некалькі мільёнаў насельніцтва беларускіх губерняў атаясамлівалі сябе з беларусамі.

Што і казаць, дзеячы беларускага нацыянальнага руху ў тым жа ХІХ стагоддзі вучыліся, прынамсі, у расійскіх універсітэтах. Менавіта там, у гэтых асяродках, выспявала ідэя ўсведамлення таго, што беларусы — самастойная нацыя.

— У другой кнізе будзе ісці гаворка пра найноўшую гісторыю нашай краіны. Наколькі складана аналізаваць літаральна ўчарашні дзень?

— Безумоўна, для гістарычнага асэнсавання падзей вельмі важны погляд праз прызму часу. Але наша рэчаіснасць такая, што развіццё падзей адбываецца надзвычай імкліва, і, разам з гэтым, ніхто не забараняе гісторыкам рабіць першасныя высновы. Што ні кажыце, але ўжо больш за 20 гадоў наша краіна — незалежная, і гэта досыць працяглы час, каб падвесці пэўныя вынікі...

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"