ПВА для фрэсак

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Неаднаразова “К” узнімала тэму рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, у тым ліку — выяўлення першаснага пласта ўнікальных фрэсак ХІІ стагоддзя.

/i/content/pi/cult/371/7223/14_4.jpegКаштоўнасць маюць і больш познія роспісы, выкананыя алейнымі фарбамі, што датуюцца 1834 і 1885 гг.

Як мог заўважыць кожны госць Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра яшчэ некалькі гадоў таму, захаванасць роспісаў на сценах храма — неаднолькавая. У многіх месцах больш новы пласт абсыпаўся, выявіўшы тым самым першапачатковыя фрэскі XII стагоддзя. А таму, каб захаваць алейныя роспісы ХІХ-га, распрацавана методыка адпластавання і перанясення фрагментаў на новую аснову. Па словах загадчыка навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Таццяны Арловай, у работах па апрацоўцы знятых жывапісных фрагментаў прымалі ўдзел супрацоўнікі ўстановы.

Дзякуючы методыцы айчынных рэстаўратараў, адслоеныя фрагменты кампазіцый манціруюцца на новую аснову, для чаго выкарыстоўваліся пенаполіурэтанавыя пліты. Пры гэтым манціраванне фрагмента роспісу на штучную экспазіцыйную аснову праводзіцца з выкарыстаннем масцікі, якая складаецца з такіх распаўсюджаных у побыце клею ПВА, пяску і крэйды. У далейшым на фрагменты кампазіцый мае наносіцца рэстаўрацыйны грунт у месцах пашкоджанняў, а таксама будуць праводзіцца работы па таніроўцы фрагментаў у межах страт маляўнічага пласта для надання жывапісу экспазіцыйнага выгляду.

Трэба адзначыць, што за апошнія два гады было зманціравана дзевяць кампазіцый, у тым ліку — “Тайная вячэра”, два фрагменты з танцамі архангелаў, “Спас на троне”, “Уваход Гасподні ў Іерусалім”, дзве кампазіцыі “Святы Георгій” 1885 і 1835 гадоў, а таксама “Цуд у Кане Галілейскай”. Як паведаміла Таццяна Арлова, яны былі перададзены на часовае экспанаванне ў Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

На здымку: слой фрэсак, перанесены на новую аснову.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"