Сакрэт графа Храптовіча

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Што чытаў Адам Міцкевіч у Шчорсаўскай бібліятэцы?

/i/content/pi/cult/371/7222/14_1.gifІяхім Храптовіч — неардынарная асоба, выдатны дзяржаўны і грамадскі дзеяч, які зрабіў вялікі ўклад у развіццё асветніцтва і культуры Бацькаўшчыны. Граф Храптовіч увайшоў у гісторыю нашага краю як міністр замежных спраў ды апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага і ўладальнік знакамітай бібліятэкі. Іяхім Храптовіч пайшоў з жыцця два стагоддзі таму — 4 сакавіка 1812-га, пакінуўшы пра сябе добрую памяць.

У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі працуе віртуальная выстаўка “Асветнік і рэфарматар”, дзе прадстаўлены выданні XIX — XXI стст., якія распавядаюць пра дзяржаўнага дзеяча ды заўзятага бібліяфіла. У прыватнасці, экспазіцыя адкрываецца звесткамі пра род графоў Храптовічаў — адзін з самых уплывовых і старажытных у нашым краі. Адметна, што ў пажылым веку граф склаў для сыноў памятку пра свой род — ад першых звестак да 1795 г. У гэтай даведцы змешчаны жыццяпіс і самога Іяхіма Храптовіча. У віртуальнай экспазіцыі прадстаўлена таксама аўтабіяграфія апошняга канцлера ВКЛ, апублікаваная ў 1858-м.

Дзяржаўную дзейнасць Іяхім Храптовіч пачаў з пасады стольніка Навагрудскага павета, ён выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. У 1764 г. пасля каранацыі апошняга караля Рэчы Паспалітай — Станіслава Аўгуста Панятоўскага — граф быў прызначаны вялікім сакратаром ВКЛ, а ў 1773-м атрымаў пасаду падканцлера.

Свой погляд на характар Іяхіма Храптовіча ў гэты перыяд жыцця выказаў славуты пісьменнік Юзаф Ігнацый Крашэўскі: “…Нават непрыяцелі не маглі адмовіць яму ў пашане і прызнанні справядлівасці яго характару. Ён быў гарачым патрыётам свайго краю, выключна чыстым, бескарыслівым, бездакорным… Як мог, пазбягаў ён двара, ухіляўся ад публічных спраў, але вымушаны быў прымаць у іх удзел, у сваіх учынках заўсёды кіраваўся сумленнем. Недахопамі Храптовіча былі празмерная сціпласць і нясмеласць, брак энергіі і волі…”

У іншых выданнях, наадварот, адзначаецца актыўнасць і ініцыятыўнасць графа. Да прыкладу, у трэцім томе “Живописной России”, што пабачыла свет у 1882-м, расказваецца аб прапанове Іяхіма Храптовіча стварыць Адукацыйную камісію. Яна, па сутнасці, стала першым у Еўропе Міністэрствам адукацыі.

Не менш цікавы аспект з біяграфіі Храптовіча звязаны з /i/content/pi/cult/371/7222/14_2.gifбудаўніцтвам палацава-паркавага ансамбля ў Шчорсах, што распачалося напрыканцы XVIII ст. У цэнтры сядзібы быў узведзены аднапавярховы будынак з цэнтральнай часткай у два ярусы. Каля палаца размясціўся парк плошчай у 40 гектараў з сістэмай штучных азёр. Гэты ансамбль уражваў сучаснікаў: пра гэта сведчыць, у тым ліку, той факт, што рэзідэнцыю графа наведваў кароль Станіслаў Аўгуст.

Граф Храптовіч быў умелым гаспадаром, які выкарыстоўваў самыя эфектыўныя тэхналогіі ў земляробстве, жывёлагадоўлі, бортніцтве і агародніцтве. У Шчорсах, амаль на сто гадоў раней за рэформу на дзяржаўным узроўні, было фактычна адменена прыгоннае права. Маёнткі Храптовічаў вылучаліся на фоне традыцыйных памешчыцкіх гаспадарак адносным дабрабытам сялянства.

Нельга не згадаць і знакамітую Шчорсаўскую бібліятэку. Кнігі Іяхім Храптовіч збіраў усё жыццё; ён набываў іх пад час падарожжаў па Францыі, Германіі, Галандыі, Польшчы. Акрамя кніг, у Шчорсах захоўваліся каштоўныя рукапісы, а таксама архіў Храптовічаў. Пасля смерці Іяхіма бібліятэка перайшла да яго сына Адама, які працягваў папаўняць кнігазбор старадрукамі і сучаснымі выданнямі. Храптовічы дазвалялі даследчыкам карыстацца сваім кнігазборам і архівам. У розныя гады тут працавалі гісторык Іяхім Лялевель, паэт Адам Міцкевіч, паэт і перакладчык Уладзіслаў Сыракомля ды многія іншыя. Дарэчы, на выстаўцы можна ўбачыць і кнігу Сыракомлі, дзе ён распавядае пра слаўную бібліятэку і яе наведвальнікаў.

Падрабязнае апісанне кнігазбору змешчана ў кнізе “Щорсовская библиотека графа Литавора Хрептовича”, што выйшла ў Маскве ў 1899-м. Паводле апісання гісторыка і археографа Станіслава Пташыцкага, на той час у бібліятэцы захоўвалася дзесяць тысяч асобнікаў, у тым ліку творы антычных аўтараў, французскай і італьянскай класічнай літаратуры, працы па гісторыі Беларусі, разнастайныя рукапісы.

/i/content/pi/cult/371/7222/14_3.jpegЯк вядома, нашчадкі Іяхіма Храптовіча перадалі кнігазбор на часовае захаванне Кіеўскаму ўніверсітэту з умовай, што з адкрыццём універсітэта на радзіме бібліятэка будзе вернута... На віртуальнай выстаўцы прадстаўлена рэзалюцыя І З’езда даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі (Мінск, 1926 г.), на якім прысутнічаў і прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі. У ёй адзначана:
“…Прасіць Інбелкульт звярнуцца да Урада з просьбай аб звароце ў БССР бібліятэк, вывезеных з Беларусі ў розныя часы, як напрыклад: а) бібліятэка Храптовіча, якая вывезена са Шчорсаў у Кіеўскі Дзяржаўны Універсітэт у 1920 г….” Але гэтая просьба так і не была задаволена.

Сёння асноўная частка бібліятэкі зберагаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя В.І. Вярнадскага. Толькі ў 1985 г. кнігазбор быў інвентарызаваны, і ў ім улічана 2005 асобнікаў кніг, 113 рукапісаў. Уяўленне ж пра яго багацце дае электроннае выданне “Бібліятэка Храптовічаў”, што выйшла пазалетась у выніку сумеснага праекта Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі Украіны.

Алена ЦІТАВЕЦ, загадчык сектара кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі

На ілюстрацыях: Іяхім Храптовіч; кнігі з бібліятэкі магната; палац у Шчорсах на фота пачатку ХХ ст.