Напярэдадні Вялікадня

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

З 30 сакавіка па 6 красавіка ў Палацы мастацтва пройдзе Духоўна-асветніцкая акцыя “Вербны кірмаш”, прысвечаная Вялікадню.

Падобная імпрэза ладзіцца ўжо дзясяты раз і мае сярод мінчан стабільнае кола прыхільнікаў. Гэтым разам яна сабрала каля сотні ўдзельнікаў: гэта — праваслаўныя епархіі, манастыры, храмы, брацтвы, сястрынствы з нашай краіны, з Расіі, Украіны, Малдовы, Ізраіля. А яшчэ — грамадскія арганізацыі, якія спрыяюць распаўсюджванню хрысціянскай духоўнасці.

На кірмашы прадстаўлена прадукцыя, што вырабляецца на манастырскіх падвор’ях. Сродкі ад яе продажу пойдуць на адбудову святынь.

Для тых, хто хацеў бы наведаць далёкія святыні дзеля цудатворных ікон, але не мае такой магчымасці, падарункам стане прысутнасць гэтых абразоў на сёлетняй Духоўна-асветніцкай акцыі.

На “Вербным кірмашы” будзе задзейнічана не толькі экспазіцыйная плошча Палаца, але і канферэнц-зала, дзе адбудуцца сустрэчы з дзеячамі культуры і мастацтва, якія звязалі свой лёс і творчасць з праваслаўем.

П.В.