Партрэт у святле рампы

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

У літаратурна-мастацкім салоне “Сустрэчы на Замкавай” пры Гомельскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя Герцэна з вялікім поспехам прайшоў юбілейны вечар галоўнага мастака Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Уладзіміра Ціханава.

 /i/content/pi/cult/133/722/Partret.jpg
 У.Ціханаў. Эскіз да спектакля “Усміхаўся месяц белай вішні”.

Гэты чалавек любіць беларускую і рускую класіку, царкоўныя песняспевы, народныя абрады. Шыкоўная барада і разам з тым юнацкая пластыка, стылістычна прыгожая мова, бездакорныя манеры робяць яго падобным на святара, альбо на прадстаўніка даўняй дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі, калі гонар і годнасць былі вышэй за ўсё. Ён шкадуе, што не паспявае за рытмам жыцця, што яго праекты як мастака, а не галоўнага мастака тэатра, засталіся шмат у чым нерэалізаванымі з-за адсутнасці часу. Марыў аб небе, марыў скокнуць з парашутам. Не атрымалася. Служыў у ракетных войсках, калі неба бачыш, толькі задзёршы галаву. Прызнаецца, што мара аб небе змяніла б яго лёс. Хто ведае…
Відаць, У.Ціханаў валодае яснабачаннем? Прынамсі, ён быў няйначай упэўнены, што Нікольская царква ў старой Валатаве, помнік ХІХ ст., якая доўга прастаяла закінутай, будзе адрэстаўравана? На фоне разбуранай царквы ён стварае партрэт дачкі Кацярыны, якая трымае ў руках запаленую свечку, быцам гэтая свечка была запалена тут, на месцы разбуранага храма.
Партрэт Валянціны Рагоўскай, названай чалавекам года (1999), на той час дырэктаркі Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, гаворыць не аб фатаграфічнай дасканаласці, хаця, канешне, і гэта прысутнічае, але, перш за ўсё, аб духоўным свеце неардынарнай асобы. І недарэмна мастак паказаў па левую руку ад Валянціны Георгіеўны наш тэатр, а па правую — храм Пятра і Паўла, двуадзінства духоўнага і свецкага, што спалучыліся ў вобразе гэтай жанчыны, на плячах якой, быццам крылы, распасцерліся валагодскія карункі, што клічуць у палёт.
Сцэнаграфія — асаблівы і вельмі складаны від выяўленчага мастацтва. Мастак павінен перадаць не толькі сваё ўнутранае бачанне твора, але, што яшчэ больш цяжка, каб гэты вобраз супадаў з замыслам рэжысёра і асаблівасцямі ігры акцёраў.
Вялікае значэнне, як адзначае Ціханаў, мае менавіта творчае адзінства мастака і рэжысёра. І калі адбываецца такі сімбіёз дзвюх таленавітых асоб, то на свет з’яўляюцца такія цудоўныя дзействы, як “Чайка” па п’есе А.Чэхава (рэжысёр — Р.Таліпаў) альбо спектакль “Адвечная песня” па паэме Я.Купалы (рэжысёр — С.Кавальчык), які ўзнагароджаны дыпломамі Міжнароднага тэатральнага фестывалю
“Мельпамена Таўрыі” (2006 г.) і Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Галасы гісторыі” (2007 г.).
Асобна варта сказаць пра дзіцячыя спектаклі, якія афармляў Уладзімір Аляксандравіч. Да Новага года, як падарунак дзятве, заўсёды ідуць казкі рэжысёра С.Кавальчыка: “Пунсовая кветачка”, “Папялушка”, “Па шчупаковым загадзе”…
У.Ціханаў валодае надзвычайнай эрудыцыяй і невычэрпнай фантазіяй. Яго дэкарацыі набліжаюцца да лепшых традыцый мастацкай рускай тэатральнай сцэны.
Дачка мастака Кацярына скончыла мастацкае вучылішча, завочна займаецца ў Гродзенскім універсітэце на мастацка-графічным факультэце. А працуе ў абласным драматычным тэатры пад кіраўніцтвам бацькі ў дэкарацыйным цэху. Ці не складваецца тут творчая дынастыя, якая з годнасцю прадоўжыць даўнія мастацкія традыцыі нашага тэатра?

Наталля МАЛАШЭНКА,
загадчыца аддзела Гомельскай цэнтральнай
гарадской бібліятэкі імя А.І. Герцэна