Партнёрства без... пены

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Адкрыццё карпаратыўнага музея стала нагодай для шчырай размовы

/i/content/pi/cult/371/7219/11_2.jpegУ колішнім сталічным рэстаране “Бровар” на пачатку года адкрыўся карпаратыўны музей Адкрытага акцыянернага таварыства “Аліварыя” — першы ў рэспубліцы аб’ект, прысвечаны гісторыі піваварэння.

Музейны будынак — помнік прамысловай архітэктуры. У экспазіцыі ж — больш за сотню прадметаў, што распавядаюць пра традыцыі айчыннага піваварэння: піўныя бутэлькі часін графа Чапскага — аднаго з самых вядомых уладальнікаў завода, рэдкія фота і архіўныя дакументы, заводскае абсталяванне...

Генеральны дырэктар “Аліварыі” Міхаіл ЧЭЧЭНЕЎ упэўнены, што асноўныя задачы музея — захаванне нацыянальнай гістарычнай спадчыны, старадаўняга і пашанотнага рамяства піваварэння, развіццё культуры ўжывання піва.

Мае гендырэктар і свой канкрэтны погляд на вытокі і сістэму развіцця спонсарства, сваю адметную пазіцыю ў дачыненні да дзяржаўна-прыватнага сацыяльнага партнёрства. Яно для “Аліварыі” даўно стала адным з прыярытэтаў грамадскай дабрачыннай дзейнасці. Менавіта пра яе — сённяшняя гаворка.


— Міхаіл Мікалаевіч, “Аліварыя” на сёння — гэта...

— Сустрэчнае пытанне: колькі ў рэспубліцы засталося прадпрыемстваў, якія з поспехам дзейнічаюць больш за стагоддзе? Нават пальцы загінаць не буду: іх вельмі мала. А “Аліварыя” нават памяшканняў не змяняла...

— І заводскі слоган “Быць лідарам” цалкам адпавядае цяперашняму стану вашых вытворчых спраў?

— Так. Гэты дэвіз — вынік зладжанай дзейнасці нашай каманды. Я назваў бы яе аркестрам, дзе дырыжорам з’яўляецца, так бы мовіць, цэхавая традыцыя.

— Некалькі слоў пра вынікі такой “аркестроўкі”.

— Напэўна, самы пераканаўчы факт у тым, што доля прадпрыемства ў агульным аб’ёме піва, якое рэалізуецца на рэспубліканскім рынку, няўхільна павялічваецца, экспарт — таксама, мы — запатрабаваныя... І пры гэтым птушка з піўной бутэлькі часін графа Чапскага прысутнічае і на сённяшняй нашай бутэльцы.

— Бадай, адзінае, што змянялася цягам заводскай гісторыі, — гэта назвы завода: “Багемія”, “Беларусь”, “Аліварыя”... У чым этымалогія апошняй назвы?

— Ідэя гэтай назвы ўзнікла ў колішняга дырэктара завода Тамары Дудко, якая, на жаль, ужо сышла з жыцця... Тлумачэнняў — шмат. Адно з іх звязана з алівай — сімвалам міру і надзеі... І цяпер “Аліварыя” — не проста найменне, а сусветна вядомы брэнд.

— Наколькі ваш бізнес сацыяльна арыентаваны?

— Кажу адразу: мы — не мецэнаты. Мецэнацтва, урэшце, — гэта выключна асабісты ўдзел у падтрымцы культуры. Цэламу прадпрыемству такое азначэнне ніяк не пасуе. Таму гаворку варта весці пра нашу сацыяльную адказнасць перад грамадствам. Тым больш, што выпускаем мы не самы сацыяльна “дружалюбны” прадукт: злоўжываючы ім, можна нанесці шкоду і сабе, і грамадству. Таму пастаянна і нязменна выступаем за адказнае ўжыванне нашай прадукцыі. І ў сувязі з гэтым адчуваем свой адпаведны маральны абавязак, таму сумесныя акцыі з органамі ДАІ па недапушчэнні злоўжывання спіртнога за рулём — справа пастаянная...

— Падтрымліваеце, наколькі ведаю, спартыўныя арганізацыі?

— Безумоўна. І абсалютна не разлічваем пры гэтым на рэкламу нашай вытворчасці. Спорт — гэта штосьці значна большае за грошы, таму сродкі з прыбыткаў укладаем у развіццё айчыннага футбола і хакея... Але надзвычай важным для “Аліварыі” з’яўляецца дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Самыя шчыльныя сувязі маем з Мінскім хоспісам, бо вельмі хочацца максімальна дапамагчы людзям, якія штодня супрацьстаяць гору і болю. Такія людзі выклікаюць у мяне павагу. Натуральна, шмат хворых звяртаецца па дапамогу і непасрэдна да нас... Ведаеце, мне вельмі складана распараджацца грашыма акцыянераў — уласнікаў нашага прадпрыемства. Я — усяго толькі наёмны кіраўнік.

— Спонсарскую дзейнасць каардынуе менавіта сход акцыянераў?/i/content/pi/cult/371/7219/11_1.jpeg

— Абсалютна так. Але спачатку кожны запыт разглядаецца на назіральным савеце. І тут існуюць даволі жорсткія правілы: мы можам дапамагчы арганізацыям, найперш — недзяржаўным, якія пры недахопе фінансавых сродкаў спрабуюць падтрымаць недзеяздольных людзей, смяротна хворых дзяцей. Проста, такім людзям не хапае часам душэўнай цеплыні: дабрыні, спачування...

— Не хачу падацца ў наступным пытанні гэткім журналістам-цынікам… Што пры гэтым спонсарстве вамі рухае ў першую чаргу: нейкая статуснасць вашага прадпрыемства, дзе дабрачыннасць з міласэрнасцю — норма ўзаемаадносін, альбо эканамічная мэтазгоднасць, вызначаная выгаднай падатковай палітыкай?

— Адказ тут будзе дастаткова трывіяльны. Мы дапамагаем сацыяльна неабароненым людзям за кошт прыбытку вытворцы... Сацыяльная адказнасць у той або іншай ступені прысутнічае ў палітыцы кожнага прадпрыемства. Але перавага ў тым, што наш завод працуе ў вялікай міжнароднай групе. І нашы замежныя партнёры не ўяўляюць сваёй дзейнасці без сацыяльнай адказнасці — толькі тады бізнес можна назваць паспяховым. Паверце, эканамічныя стымулы тут аніяк не дзейнічаюць.

— Асноўны стымул — грамадская думка?

— Несумненна! Вытокі спонсарства — у культуры вытворцы. Менавіта яе бракуе іншым разам кіраўнікам нашых прадпрыемстваў...

— Цалкам пагаджаюся. Але ж прэферэнцыі падаткаабкладання для актыўных спонсараў — рэч далёка не апошняя…

— …І дзяржава цудоўна вырашыла гэтае пытанне са сталічнымі спартыўнымі суполкамі. Да прыкладу, у нас ёсць пэўная льгота па падатку: горад мае права стымуляваць спонсараў, што дапамагаюць спартыўным арганізацыям, якія знаходзяцца ў яго камунальнай уласнасці. І пры такой пастаноўцы пытання расклад наступны: ці падаткі выплачваць, ці спорт падтрымліваць. Дык ці не лепш канкрэтнай арганізацыі дапамагчы ды ўбачыць канкрэтны вынік такога сацыяльнага партнёрства?

— Для спонсарскай падтрымкі ўстаноў культуры, як я разумею, спрыяльных эканамічных магчымасцей, на вашу думку, пакуль няма?

— Каб існавалі такія спрыяльныя варыянты, мы, напэўна, падтрымлівалі б недзяржаўныя ўстановы.

— Чаму?

— З той простай прычыны, што дзяржаве мы плацім падаткі, а яна, у сваю чаргу, развівае тыя ўстановы культуры, якія лічыць патрэбным. Такім чынам, мы не станем умешвацца ў кампетэнцыю дзяржавы. Тым больш, стан сённяшніх устаноў культуры, на маю думку, нельга параўнаць са становішчам абяздоленых людзей ды інвалідаў.

— Добра, падыдзем да праблемы з іншага боку. У Прылуках знаходзіцца маёнтак Чапскага, без ініцыятыўнасці якога не было б і піўзавода. Дык чаму б вам не паўдзельнічаць ва ўзнаўленні сядзібы? Хаця б — дзеля пашырэння ўласнага, так бы мовіць, брэндавага поля?

— Чапскі, несумненна, быў на той час надзвычай ініцыятыўным кіраўніком. Займаўся не толькі піваварэннем: першая сталічная электрастанцыя, конка — таксама ягоныя неаспрэчныя заслугі... Калі летась збіралі матэрыялы для нашага музея, даведаўся, што Прылукі і па сёння наведваюць замежныя нашчадкі графа... Наконт узнаўлення сядзібы скажу наступнае: кожны павінен займацца сваёй справай. Мы не можам быць класнымі вытворцамі добрага прадукту і адначасова — цудоўнымі рэстаўратарамі ці фундатарамі гэтых работ. І не варта тут ставіць, на мой погляд, пытанне: “Хто вінаваты?”. Да месца — іншае:”Дзе грошы на ўсё ўзяць?”.

— Мне проста падавалася, што “Аліварыя” ў Прылуках магла б займець яшчэ адзін, так бы мовіць, спадарожны брэнд… Як, Міхаіл Мікалаевіч, да сённяшняга нацыянальнага мастацтва ставіцеся?

— Пабываў днямі на канцэрце Прэзідэнцкага аркестра, які выступаў з Георгіем Калдуном. Праграма з выдатным саліраваннем мяне проста ўразіла. Наш балет, наш жывапіс — самага высокага кшталту.

— Калі гаворка — пра сельскія рэгіёны, дык спонсарства ў культуры варта культываваць на ўзроўні мясцовых улад?

— Напэўна, іншага выйсця проста няма.

— І апошняе. Калі да вас прыйдуць, скажам, рок-музыканты і прапануюць з падтрымкай завода правесці ў адным з раёнаў, пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі, міжнародны рок-фестываль, што адкажаце на прапанову?

— Адмоўлю. І не таму, што не люблю рок... Калі ў нас з’явяцца дадатковыя грошы, я буду прасіць заснавальнікаў выкарыстаць іх для падтрымкі смяротна хворых дзяцей.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"