Што вызначае "фактура"?

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Форма, мэта і мобілі

/i/content/pi/cult/371/7216/2-2.jpeg

Галерэя "Акадэмія" Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў спецыялізуецца на паказе мастацтва, якое вынікае з логікі навучальнага працэсу.

30 сакавіка тут адкрылася персанальная выстаўка, прымеркаваная да 70-годдзя выкладчыка факультэта дызайну БДАМ Льва Талбузіна.

Паводле адукацыі я - дызайнер, і ў другой палове 1970-х мне пашчасціла вучыцца менавіта ў Талбузіна. Памятаю, што ягонае разуменне дызайну як спецыфічнай творчай дзейнасці прынцыпова адрознівалася ад дамінуючай канцэпцыі, згодна з якой дызайнер - найперш канструктар, а ўжо потым  - мастак. Талбузін жа лічыў наадварот: калі рэч прыгожая, значыць яна - функцыянальная. А форма - дык увогуле самадастатковая. Цяпер так мяркуюць многія, і называецца гэта "арт-дызайнам". Выстаўку ў "Акадэміі" аўтар назваў "Мэта - форма". Форма - як выніковы прадукт творчага працэсу і як з'ява метафізічная. Аснову экспазіцыі складаюць узоры "чыстай" форматворчасці: аб'ёмы, фактуры, рухомыя кампазіцыі - мобілі. Выявы гэтых экспанатаў маглі б стаць ілюстрацыямі да падручніка па арт-дызайне, каб Леў Іванавіч задумаў сістэматызаваць свой творчы і выкладчыцкі досвед у выглядзе кнігі.

Лагічна дапаўняюць візуальны шэраг медалі, выкананыя аўтарам у гонар падзей і постацей нацыянальнай гісторыі - Максіма Багдановіча, Тадэвуша Касцюшкі, Язэпа Драздовіча, а таксама планкеткі, прысвечаныя помнікам архітэктуры Беларусі. Справа ў тым, што ў скульптараў "найвышэйшым пілатажам" часцяком лічыцца не манумент, а мініяцюра. У дадзеным выпадку экспазіцыя тых жа медалёў - дэманстрацыя майстэрства. А яшчэ - дызайнерскага ўмення працаваць "у прапанаваных умовах" замоўленай тэматыкі.

Думаю, гэтую выстаўку Леў Талбузін зрабіў для сябе - каб падсумаваць, асэнсаваць, зрабіць высновы. Але яна атрымалася патрэбнай найперш  для студэнтаў Акадэміі. У "ветэрана" беларускага дызайну можна павучыцца вернасці прафесіі і творчым прынцыпам.


На здымку: адна з дызайнерскіх работ Льва Талбузіна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"