Габелен — рэч з характарам…

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

"Повязь" у "Каляровай нізцы"

/i/content/pi/cult/371/7214/1-7.jpeg

Аснова развіцця нашага габелена - у арганічным спалучэнні нацыянальных традыцый з вопытам айчыннай і сусветнай мастацкай культуры. Беларускаму адроджанаму габелену ўсяго некалькі дзясяткаў гадоў. Тэрмін для развіцця такога мастацтва вельмі малы. Між тым, можна смела лічыць, што ў нас ужо існуе нацыянальная школа габелену, якая арганічна абапіраецца на трывалы гістарычны грунт. Нездарма спакон вякоў ткацтва было адным з асноўных рамёстваў беларусаў. Яны дасягалі ў гэтай справе надзвычайнага майстэрства. А што да прафесійнага нацыянальнага габелена, дык яго гісторыя сягае ў XVII - XVIII стст.

Аднак на пачатку ХІХ ст. вытворчасць гэтая прыйшла ў заняпад. І толькі праз паўтара стагоддзя пачалося адраджэнне нацыянальнага габелена. Яго піянерамі сталі А.Кішчанка, Г.Гаркуноў, А.Бельцюкова, а потым  - выпускнікі БДТМІ. У выніку інтэнсіўных пошукаў 1970 - 80-х наша габеленавае мастацтва, нароўні з прыбалтыйскім, ішло ў авангардзе ўсяго савецкага ДПМ - як "станковага" выставачнага, так і манументальнага, інтэр'ернага./i/content/pi/cult/371/7214/1-4.jpg

Габелен і сёння працягвае сваё жыццё, хаця ў гэтай галіне дадалося вельмі шмат новых праблем, звязаных, у асноўным, з недастатковым попытам на яго. Таму ёсць і аб'ектыўныя, і суб'ектыўныя прычыны. Аднак самае цікавае ў тым, што калектыў майстроў габелена не змяншаецца, а, наадварот, павялічваецца! І пра тое яскрава сведчаць дзве незалежныя адна ад адной выстаўкі габелена, якія амаль адначасова адкрылася ў галерэі "Універсітэт культуры" і ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

Абедзве выстаўкі - розныя, але іх аб'ядноўвае тое, што творы выкананы спосабам ручнога ткацтва з шырокім дыяпазонам вобразных рашэнняў, пры гэтым значна пашырана кола матэрыялаў, выкарыстана розная пража - ваўняная, ільняная, сінтэтычная. Шмат эксперыментаў у тэхналогіі. Ды і тэмы, шчыра кажучы, - даўно знаёмыя, звыклыя, "нашы": прырода - чаргаванне пор года, - урадлівасць і шчодрасць зямлі; народныя святы, экалогія, гісторыя і сучаснасць, звязаныя з неўміручай культурнай спадчынай народа, з марай пра будучае, з хараством свету, у якім мы жывём.

Сюжэт амаль каралеўскі

 "Повязь". Гэтая экспазіцыя, канешне ж - "ад" Людмілы Пятруль, якая праз паўгода адзначыць свой юбілей. Яна  скончыла БДТМІ і цягам вось ужо 40 гадоў удзельнічае ў выстаўках са сваімі цікавымі габеленамі. Шмат з іх увайшло ў "залаты фонд" беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Глядач памятае такія яе тканыя кампазіцыі, як "Лёс", "Блуканне па раі", "Муза", "Яблыня 1941 г.", "Памяці дзядоў маіх", "Сугучнасць", "Летні дождж", "Трыялет", цыклы "Сказ пры бульбу" і "Апокрыф".

Некаторыя з іх, як і зусім нядаўна зробленыя "рымэйкі" карцін М.Шагала і К.Малевіча, таксама "гукі памяці" экспануюцца на дадзенай выстаўцы. Але "фішка" экспазіцыі ў тым, што Людміла поруч з уласнымі работамі прадставіла амаль 20 твораў сваіх таленавітых вучняў, якіх яна выхавала, працуючы ў сталічнай Дзіцячай музычна-мастацкай школе № 1.

Выстаўка "Повязь" - гэта сапраўды шматбаковае выяўленне сувязі, злучэння, працягу, перапляцення. Як - у габелене. Повязь ніцей у розныя прасторавыя і плоскасныя структуры, повязь народных традыцый ручнога ткацтва і "сюжэтных" каралеўскіх шпалер часоў Людовіка XIV (творы Жыля Габелена), повязь жывапісу, графікі і тэкставых тэхналогій, повязь пакаленняў праз перадачу ў сённяшні дзень ведаў і вопыту, здабытых школай беларускага габелена. Гэтую "повязь" разумеюць таленавітыя выхаванцы Людмілы Пятруль, якія ўжо знайшлі сваё месца ў жыцці, а таксама тыя, хто яшчэ вучыцца спазнаваць таямніцы шпалернага мастацтва: Ю.Зеляная, Н.Прылепіна, Л.Калеснікава-Ількавец, В.Конева, А.Зайко, Н.Арсенцева, Г.Нічыпаровіч, Д.Піцко, А.Карпенка, Н.Скрыпчанка ды іншыя маладыя творцы.

Кожная нізка - з вясёлкі

/i/content/pi/cult/371/7214/1-5.jpgДругая выстаўка - "Каляровая нізка" - своеасаблівы працяг леташняга праекта "Цаца ёсць Цаца". Так бы мовіць, групавая, зробленая з рэтраспекцыі (новых твораў зусім мала), і таму большасць габеленаў мне знаёмая. Прадстаўлены, мабыць, "свет" сучаснага беларускага габелена: А.Нечыпаловіч, Н.Сухаверхава, Л.Пуцейка, Г.Крываблоцкая, Л.Густава, Т.Белавусава-Пятроўская, В.Крывашэева, С.Абрамовіч і іншыя "зоркі" габелена.

Сапраўды, нацыянальны габелен, што б там ні казалі, жыве і развіваецца! Практычна ўсе творы выстаўкі грунтуюцца на фундаменце традыцый народнага ўзорнага ткацтва, дзе кожная нітка падпарадкавана задуме, ідэі аўтара. Што і казаць, габелен - штучная рэч, якая валодае ўласным характарам. Цеплыню ж, дададзеную аўтарамі, я пабачыў у тканых карцінах "Прарастанне" С.Абрамовіч, "Прыехала Каляда" Н.Сухаверхавай, "Цуд-дрэва" Г.Крываблоцкай, "Крыніца" В.Блінцовай, "Град срэбны" Л.Кірылавай. Ёсць тут і цікавыя батыкі М.Голубевай.

Што я яшчэ хачу падкрэсліць? Для большасці аўтараў само ткацтва, сама структура тканіны з'яўляюцца носьбітамі вобразнага зместу, дзе выяўленне тэмы дасягаецца не за кошт стылізацыі выяўленчых форм, а за кошт самой сістэмы ткацтва, "паводзін" і ўласцівасцей матэрыялу, якія кіруюць творчым працэсам.

Нашы майстры ў дастатковай ступені валодаюць "таямніцай" габеленавай ніткі. Усё, што знаходзіць адбітак у найлепшых творах экспазіцыі, носіць глыбока асабісты характар. Гэта іх, аўтараў, асабістая радасць і асабісты боль, іх сумневы і перакананні, іх спробы па-новаму адказаць на адвечныя пытанні: хто мы? Адкуль і куды ідзём? Ці ж не гэта галоўнае ў нашым, беларускім, мастацтве?..

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"