Брэнд, ангажэмент і кіно на экспарт

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

Сёлета дзяржава выдаткавала на прэзентацыю беларускай культуры за мяжой больш за 2 мільярды рублёў

28 сакавіка адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры краіны на тэму "Аб пашырэнні прэзентацыі беларускай культуры за мяжой".

Як адзначыў у сваім уступным слове міністр культуры Павел Латушка, беларуская культура ўжо цяпер належным чынам выконвае сваю "дыпламатычную функцыю", робіць істотны ўнёсак у фарміраванне пазітыўнага іміджа краіны. Але гэтая работа павінна стаць больш актыўнай, мэтанакіраванай і разнастайнай. Пошуку новых форм прэзентацыі і спосабаў удасканалення ўжо наяўных яе мадэлей і было прысвечана пасяджэнне калегіі.

Як адзначыў міністр, Беларусь гатова да супрацоўніцтва ў галіне культуры з усімі зацікаўленымі краінамі свету, аднак у гэтай справе важна вызначыць прыярытэты, канцэнтруючы рэсурсы на стратэгічна важных напрамках. Гэтага вымагаюць арганізацыйныя і матэрыяльныя магчымасці. Апошнія, дарэчы, маюць істотна ўзрасці: калі летась дзяржава выдаткавала на прэзентацыю беларускай культуры за мяжой 171 мільён рублёў, дык сёлета гэтая сума перавысіць 2 мільярды!

Акрэсліваючы перспектыўныя фарматы папулярызацыі беларускай культуры за мяжой, Павел Латушка засяродзіў увагу на ўжо традыцыйных творчых акцыях (у тым ліку - і Днях культуры), пашырэнні сеткі культурных цэнтраў (у бліжэйшыя гады іх адкрыццё запланавана ў Расіі, Украіне, Літве, Германіі), развіцці культурных сувязей з беларускай дыяспарай, арганізацыі стажыровак за мяжой (але, разам з тым, і на экспарце адукацыі), стымуляванні гастролей айчынных выканаўцаў і калектываў, удзеле іх у міжнародных конкурсах, развіцці культурнага турызму, ідэнітыфікацыі беларускіх культурных каштоўнасцей у міжнародных базах даных, і перадусім - у Спісе сусветнай спадчыны UNESCO.

Некаторыя айчынныя калектывы за мяжой ужо сталі своеасаблівымі "брэндамі", здатнымі прыносіць не толькі іміджавыя, але і фінансавыя дывідэнды. І геаграфія іх гастролей няспынна пашыраецца. Прыкладам, дырэктар Белдзяржфілармоніі Аляксандр Гарбар паведаміў прысутным, што Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі атрымаў ангажэмент на цэлы тур па Японіі. Пад час пасяджэння калегіі прагучала прапанова спалучаць такія замежныя гастролі з правядзеннем культурных акцый, што, безумоўна, дазволіць сэканоміць нямала сродкаў.

Яшчэ адзін дзейсны спосаб распавесці свету пра лепшыя здабыткі беларускай культуры - устаноўка помнікаў яе выбітным дзеячам на вуліцах гарадоў замежных краін. У бліжэйшых планах - увекавечванне памяці Уладзіміра Мулявіна ў родным яму Екацерынбургу. Па словах Паўла Латушкі, прынцыповае рашэнне аб стварэнні помніка Песняру ўжо прынята, і неўзабаве будзе аб'яўлены творчы конкурс.

Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Алег Сільвановіч спадзяецца, што неўзабаве айчынны кінематограф будзе адыгрываць куды большую ролю ў папулярызацыі краіны за мяжой. Гэтаму паспрыяе ўдзел Беларусі ў капрадукцыі знакавых кінапраектаў з прыцэлам на фестывалі класа "А". Першы з іх - "У тумане" паводле аповесці Васіля Быкава - ужо выйшаў на фінальную стадыю.

Без сумневу, развіццё культурнага вектара міжнароднага супрацоўніцтва - гэта шматвымерны і комплексны працэс. На пасяджэнне калегіі былі запрошаны прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства інфармацыі, Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Паразуменне па ключавых пытаннях дазваляе спадзявацца, што міжведамаснае супрацоўніцтва неўзабаве пашырыцца ды выльецца ў канкрэтныя праекты. У прыватнасці, першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч прапанавала задзейнічаць невялікія творчыя калектывы пад час працы беларускіх стэндаў на міжнародных кніжных кірмашах.

Асаблівую ўвагу Павел Латушка звярнуў на рэкламна-інфармацыйны аспект "экспарта" культуры. Паводле яго слоў, большасць нават самых знакавых устаноў і калектываў дагэтуль не мае іншамоўных версій сваіх сайтаў. Такая самая праблема існуе і з прэзентацыйнымі буклетамі.

Варта адзначыць, што пашырэнне інфармацыі пра беларускую культуру далёка не заўсёды патрабуе вялізных выдаткаў. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі прапанаваў вельмі просты, але эфектыўны метад: насычэнне айчынным кантэнтам інтэрнэт-энцыклапедыі "Вікіпедыя", артыкулы якой займаюць верхнія радкі ў выдачы пошукавікоў. Гэтай, без сумневу, плённай справай могуць заняцца нават студэнты-валанцёры.