Неўміручы балет практычна не сыходзіў з нашай сцэны з 1953 года. Яго цяперашняя пастаноўка ў нас - пятая. А новая назва - "Жызэль, або Вілісы" - насамрэч, "забытая" старая. Як і ўся харэаграфічная версія - зусім не "авангардна перапрачытаная", а з любоўю захаваная і адроджаная. На жаль, пастаноўшчык Мікіта Далгушын, з якім наша трупа гэтак жа аднаўляла "Сільфіду", захварэў, таму з артыстамі працавала яго асістэнт Аляксандра Ціхамірава, літаральна разрываючыся паміж адразу дзвюма прэм'ерамі: дадзенай балетнай і аперэтачнай у нашым Музычным тэатры. Але і Далгушын, знаходзячыся ў парыжскім шпіталі, літаральна кожнаму з салістаў перадаваў пісьмовыя распараджэнні і парады: якім унутраным станам павінен быць напоўнены той або іншы жэст і рух.
- Спектакль Далгушына, - заўважыла Аляксандра Ціхамірава, - гэта акварэль, а не пісьмо алеем: замест яркіх крыклівых фарбаў - псіхалагічна-тонкая пастэль. Гэта "праверка" танцоўшчыкаў на інтэлект. І я вельмі рада, што здольнасць мысліць аказалася вельмі высокай не толькі ў салістаў, але і ў артыстаў кардэбалета...
Мастак Вячаслаў Окунеў, па яго ўласным прызнанні, імкнуўся падкрэсліць візуальны кантраст паміж светам рэальнасці і фантастыкі, звяртаючыся да старадаўніх гравюр і выказванняў сучаснікаў. У музычнай рэдакцыі, як адзначыў дырыжор Мікалай Калядка, узніклі некалькі партытурных уставак.
У балеце будуць задзейнічаны ажно шэсць складаў артыстаў. Пакуль увага пастаноўшчыкаў была сканцэнтравана на чатырох, прэм'еру ж танцуюць - два.
Пастаноўка Далгушына, заснаваная на яго рэдакцыі харэаграфіі Жуля Перро, Жана Каралі і Матыуса Пеціпа і ўпершыню ўвасобленая ў Міхайлаўскім тэатры ў Санкт-Пецярбургу, атрымала надзвычай высокую ацэнку (усе пяць зорак!) балетных крытыкаў у Лондане. Так што гэта - сусветная класіка ў сусветна прызнанай версіі!