Мікалай Селяшчук. Яго дарога дадому…

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

У Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстаўка “Дарога дадому”, прысвечаная памяці выдатнага беларускага мастака Міколы Селешчука, цікавага, яркага, неадназначнага, шматграннага майстра. У экспазіцыі прадстаўлена больш за шэсцьдзесят яго твораў — графічныя лісты, экслібрысы, жывапісныя палотны.


 /i/content/pi/cult/133/720/Selyaschuk1.jpg

М.Селяшчук. “Дарога дадому”.

Тыя мастацкія ідэі, якія М.Селяшчук спавядаў, былі для нашага грамадства чымсьці цалкам невядомым, новым і нечаканым. Яны выраслі з заклапочанасці штодзённым жыццём, поўным праблем і няспраўджаных надзей, з замілаванасці родным краем, з вялікай павагі да нацыянальнай адметнасці свайго народа.
Мастак заўжды з вялікім гонарам і задавальненнем падкрэсліваў свае вельмі цёплыя і шчырыя адносіны да беларускай спадчыны, надаючы ёй сучаснае метафарычнае, сімвалічнае прачытанне. Выяўленчая мова і пластыка яго работ вабілі гледачоў. Ім сама асоба майстра здавалася таямнічай і загадкавай. І стала ўспрымацца яшчэ больш загадкавай пасля яго смерці падчас трагічнага падарожжа ў Італію ў 1996 годзе. Мастак зрабіў сябе сам. Сфарміраваў як асобу па ўласных крытэрыях разумення эстэтычнай дасканаласці, імкнучыся да ўвасаблення абранага ідэалу свецкага мастака. Мабыць, такім падаваўся яму сапраўдны творца: загадкавы і дабрадушны адначасова, элегантны і акуратны, цягавіты ў працы і адкрыты для гасцей...
Ён стаў лідэрам новага пакалення, лідэрам нефармальным, але прызнаным аднадумцамі і калегамі па мастакоўскім цэху. Сёння гэтае пакаленне фарміруе палітру беларускай культуры. Ён прайшоў па нашай зямлі, ступаючы лёгка і далікатна. Але сляды яго заўважныя і сёння. Ён узяў на сябе самае складанае — місію першапраходца. Засвойваў новую рэчаіснасць, выбудоўваў новую рэальнасць, не звяртаў увагі на крытыку і непрыманне. Ён працаваў. Мець яго работы лічылі за шчасце многія. Але маюць — далёка не ўсе. Нават бліжэйшыя сябры. Нават музеі.
Творчасць Селешчука апярэдзіла, прадугледзела ўзнікненне сённяшняга мастацтва метафары і канцэпцыі, якое прыйшло на змену мастацтву тэмы. Ён увасабляў думкі, замяняў рэаліі і калізіі калейдаскопам асацыятыўных адчуванняў. Зварот да ўнутраных рэалій быцця, да тонкіхпсіхалагічных струн, да глыбінь падсвядомасці запатрабаваў ад мастака нетрадыцыйнага падыходу да мастацкага вырашэння карціны. Пабуджальным штуршком для яго фантазій часта былі прадметы, архітэктурныя помнікі, якія дазвалялі будаваць наўкол пэўную мізансцэну. Але прастора карцін Селешчука, якая, на першы погляд, мела ўсе прыкметы рэальнасці, у той жа час была цалкам штучная, спраектаваная, сканструяваная мастаком. Яна — вынік фантазій аўтара, які прыдумляў дзівосныя, таямнічыя “казкі”, напоўненыя трывожнымі прадчуваннямі, жахамі, сумнай адзінотай і пяшчотай. Менавіта ў назвах твораў — а мастак надаваў ім вялікую ўвагу — закладваўся той інтэлектуальны пасыл, месцілася тая першая прыступка для далейшага асэнсавання патаемнай глыбіні аўтарскай задумы.
Свет твораў Селешчука складана назваць цёплым і ўтульным. Адным з улюбёных яго

 /i/content/pi/cult/133/720/Selyaschuk2.jpg

М.Селяшчук. ”Люблю цябе сустракаць”.

сімвалаў становіцца дарога. А на якой жа дарозе бывае ўтульна чалавеку, калі там няма дзе прысесці і абагрэцца, калі зямля пад нагамі раскіслая ад дажджоў?.. Дарога прысутнічае ў яго ранніх работах, дарогу ён маляваў і ў апошнія гады жыцця. Мо нешта прадчуваў, а можа, проста адчуваў сябе на раздарожжы — трэба ісці далей і выбіраць такі шлях, які не будзе другасным і вакольным.
Часам у яго карцінах відавочна прачытваецца філасофская танальнасць, якая не навязваецца катэгарычна і безумоўна. Прыцягальнасць работ Селешчука — у іх балансаванні паміж дакладнасцю формы, сюжэта і абстрагаваннем раскрыцця гэтай формы. Творы апошніх гадоў жыцця засведчылі яго віртуознае валоданне фактурай, плямай і лініяй, фармальнай кампазіцыйнай будовай. Часам у яго прыцягальных абстрагаваных творах, якія рабіліся спецыяльна для продажу, з’яўляліся паўторы, некаторая салоннасць і саладжавасць, якая спрацоўвала на густ пакупніка. Але і тут мастака не падводзіла жорсткая самаацэнка: ён адпаведна і адносіўся да такіх работ. А вось для душы і вечнасці ён пісаў іншыя карціны — шчырыя споведы аб уласных мроях, думках і сумненнях.
Гавораць, што час увекавечвае. Гэта сапраўды так, калі не толькі час, але і мы самі не забываемся пра мастака. Мікола Селяшчук не дажыў да пяцідзесяцігоддзя. Не ўбачыў сваю першую персанальную выстаўку ў Нацыянальным мастацкім музеі. Не надрукаваў ніводнага каталога. Таму і ўзнікла ідэя зрабіць экспазіцыю, прысвечаную 60-годдзю творцы. А выдавецтва “Мастацкая літаратура” падрыхтавала кнігу, прысвечаную яго жыццю і творчасці. Мы спахапіліся, мне падаецца, своечасова, каб аддаць даніну сябру і проста таленавітаму чалавеку, нарэшце адчуць душэўную палёгку за выкананы перад Міколам Селешчуком асабісты абавязак.

Наталля ШАРАНГОВІЧ