Стыпендыянты ў Вялікім

№ 13 (1036) 31.03.2012 - 07.04.2012 г

2 красавіка на сцэне нашага Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета адбудзецца канцэрт лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Удзельнікам канцэрта стане моладзь, што з рэпертуарам высокай класікі неаднаразова пацвярджала сваё майстэрства перамогамі на міжнародных конкурсах. У першым аддзяленні выступяць самыя знаныя інструменталісты, сярод якіх, да прыкладу, флейтыстка Юлія Шчасновіч - тая самая, якая летась атрымала інструмент ад Уладзіміра Співакова. Другое аддзяленне стане цалкам тэатральным: яго складуць фрагменты з опер і балетаў. Тое, што ўсе ўдзельнікі канцэрта выступяць у суправаджэнні сімфанічнага аркестра тэатра, за пультам якога ў гэты вечар будзе стаяць Вячаслаў Воліч, можна лічыць "дадатковым грантам", што атрымаюць ад фонду нашы маладыя зоркі.

- Стыпендыяткай фонду, - распавядае знакамітая оперная салістка, заслужаная артыстка Беларусі Настасся Масквіна, - я стала яшчэ тады, калі ён толькі распачынаў сваю дзейнасць. І ў тэатр я прыйшла ўжо ў гэтым высокім статусе, які дадаўся да трох конкурсных перамог. Фонд не толькі падтрымлівае матэрыяльна, але і, галоўнае, адыгрывае вялікую ролю ў далейшым лёсе адораных маладых людзей, становіцца першай прыступкай росту творчай кар'еры. А яшчэ ён дае больш магчымасцей для канцэртных выступленняў, што для маладых артыстаў вельмі важна. Усё гэта я адчула на сабе і жадаю тым, хто становіцца стыпендыятам зараз, з гонарам несці гэтае званне.