“…Дождж” змяняўся каруселлю

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Лідчына: сорак зорак з артыстызмам

/i/content/pi/cult/370/7193/2-2.jpeg

17 сакавіка ў Лідзе адбыўся XV Адкрыты рэгіянальны фестываль дзіцячай вакальна-эстраднай творчасці "Зорны дождж".

З года ў год расце прэстыж і пашыраецца геаграфія фестывалю: сваё сцэнічнае майстэрства дэманструюць не толькі лідчане, але і юныя салісты з Гродна, Шчучына, Воранава, Дзятлава, Ваўкавыска, Карэлічаў, Іўя, Мастоў, Маладзечна ды Мінска.

Сёлета на сцэне Лідскага палаца культуры аспрэчвалі званне лепшага
40 таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прайшлі папярэднія адборачныя туры. На ўдзел у іх было заяўлена 118 кандыдатур ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў. І ўсе канкурсанты прадэманстравалі высокі ўзровень артыстызму і выканальніцкага майстэрства.

Выступленні ацэньвала кампетэнтнае журы, у складзе якога, у прыватнасці, - Вольга Вронская, спявачка, выкладчык па класе эстраднага вакалу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, а таксама кампазітар, выканаўца Аляксандр Сухараў.

Гран-пры атрымала Вераніка Пракаповіч - удзельніца Ўзорнай студыі эстраднай песні "Дамінанта" Лідскай гімназіі № 1.

"Зорны дождж" атрымаўся маляўнічым і феерычным, падарыў усім удзельнікам шмат эмоцый і яркіх успамінаў. У перапынках гледачам былі прапанаваны выступленні пераможцаў мінулых гадоў, гульнёвая праграма "Зорная карусель" з удзелам роставых лялек і вясёлых клоўнаў.

Наталля БЫЧКО, культуролаг Лідскага палаца культуры

На здымку: на сцэне фестывалю.