Як станем будаваць “шматпавярховік”?

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Светлагоршчына: выпрацоўка тэхналогій узаемакрысных стасункаў

/i/content/pi/cult/370/7191/1-1.jpg

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Аддзел культуры Светлагорскага райвыканкама пакуль не мае апякунскага савета ў структуры падпарадкаваных устаноў. І справа тут не ў тым, што мясцовая зямля "неўраджайная" на апекуноў мастацтваў. Да прыкладу, адзін мастацтвазнаўца і сталы аўтар "К" Ізяслаў Катляроў чаго варты. Гэта не без яго чыннага ўдзелу ў горадзе ў свой час адкрылася карцінная галерэя... Але ж гаворка - пра сістэмнасць і планавасць захадаў па сумесным адшукванні рэсурсаў для больш дынамічнага развіцця рэгіянальнай культуры. Не сакрэт, што такой сістэмнасці бракуе на сёння не толькі Светлагоршчыне...

Між тым, сямідзесяцітысячны раённы цэнтр не адчувае недахопу горадаўтваральных прадпрыемстваў. Скажам, мясцовыя нафтавікі і электраэнергетыкі здавён здабываюць працоўную славу не толькі ў раённых, але і ў рэспубліканскіх маштабах. Аднак іхнія інвестыцыі ў родную культуру - эпізадычныя, лакальныя, нядоўгатэрміновыя. Інакш, напэўна, і быць не можа на першапачатковым этапе ўсталявання дзейсных культурна-эканамічных стасункаў.

Але ўзнікае непазбежнае і заканамернае пытанне: чаму работнікі культуры не здолелі зацікавіць буйных інвестараў цікавымі творчымі праектамі? Начальнік аддзела культуры Светлагорскага райвыканкама Алена Палавец з такой пастаноўкай праблемы катэгарычна не згодная. Праектаў - шмат, проста, цяпер выпрацоўваюцца тэхналогіі будучых планавых узаемакантактаў. Калі казаць больш канкрэтна - прадумваюцца форма і структура каардынацыйнага савета, які возьме на сябе функцыі рэсурснага забеспячэння галіны ў раённым маштабе. Алена Палавец, несумненна, мае рацыю: будучы савет (апякунскі, каардынацыйны, фандрайзінгавы і г. д.) не павінен быць фармальным. Якімі шляхамі дасягаецца мэта? Гэтае пытанне і цікавіла найперш. І не вінаватых я шукаў, а спрабаваў высветліць ступень аднадумства гаспадарнікаў ды работнікаў культуры. Аднадумства не папярова-справаздачнага, а - пацверджанага рэальнымі агульнымі справамі.

Пляцоўка

для інавацыйнага

прарыву

Цяпер - пра творчыя праекты, што могуць зацікавіць патэнцыйнага інвестара... Адной з пляцовак для інавацыйнага прарыву, як падаецца, стаў Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей. Установа ўнікальная настолькі, наколькі ўнікальны сам горад. Летась Светлагорску споўнілася паўстагоддзя. Музей цалкам адпавядае гарадскому ўзросту: ён узнік колькі гадоў таму і пасля рэкаструкцыі дзіцячага садка займеў сучаснае аблічча... Дык вось, установа на сёння яшчэ не выйшла на праектную магутнасць. Справа ў тым, што да ладу тут пакуль не даведзены так званы выставачны блок - левае крыло будынка. Мяркуецца, што ў ім з'явяцца дадатковыя выставачныя памяшканні, канферэнц-зала, пакоі для інтэрактыўных музейных заняткаў, фоталабараторыя. Апошняя - частка вялікага праекта, які мясцовыя музейшчыкі пачалі ўжо рэалізоўваць.

Пачалося ўсё з таго, што светлагорскія калекцыянеры перадалі ў музей унікальныя старыя фотаапараты. Пасля гэтага ўзнікла ідэя платнай фотапаслугі: любы ахвотны можа зафіксаваць сябе для вечнасці ў старадаўнім строі. Праект, які асаблівага інвеставання не патрабуе.

 Грошы патрэбны для іншага: выставачны блок застаецца пакуль "замарожаным". Для працягу работ, па папярэдніх прыкідках, спатрэбіцца недзе 4 мільярды рублёў. Спонсары такую суму выдаткаваць не здольныя...

 Тым не менш, музей дзейнічае і карыстаецца павышаным попытам сярод наведвальнікаў, у тым ліку - сярод расіян, што адпачываюць у санаторыі, размешчаным на тэрыторыі рёна. За месяц музей прадае білетаў недзе на 4 мільёны рублёў. Прыкладна такія ж грошы ўстанова выдаткоўвае на аплату камуналкі. Не будзем зараз разважаць пра неабходнасць больш рацыянальнага выкарыстання грашовых сум, заробленых установамі ў выніку пазабюджэтнай дзейнасці. Тэма гэтая - бясконцая, а яе абмеркаванне на дадзеным этапе - неканструктыўнае. Таму самы час пагутарыць пра крэатыў, прывабны для інвестара.

Не прасіцелі, а - роўныя /i/content/pi/cult/370/7191/1-3.jpg

сярод роўных

Наступны праект, народжаны ў музеі, менавіта для гэтага і прызначаны. Навуковы супрацоўнік установы Таццяна Ягоранка ўпэўнена, што патэнцыйныя спонсары павінны адчуць: без музея ім не абысціся. Па ініцыятыве намесніка начальніка аддзела культуры Людмілы Грабко музейшчыкі ў свой час наведалі Дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў і набылі матэрыялы, якія распавядаюць пра гісторыю ўсіх светлагорскіх прадпрыемстваў. Лішне казаць, што грошы на гэта выдаткавалі менавіта іх кіраўнікі. У выніку папоўніліся музейныя экспанаты, а кожнае прадпрыемства займела свой прафесійна створаны летапіс. Першы крок да пашырэння кола аднадумцаў быў зроблены.

Крок наступны - аб'яднанне інвестараў вакол агульных спраў. У прымузейным дворыку пачалі ладзіцца вяселлі. Не абышлося і без спонсаркіх уліванняў - невялікіх, але канкрэтных. "Урэшце, мільярды рублёў тут і не патрэбны, - упэўнены ў аддзеле культуры. - Проста, любы бізнес, у тым ліку і дзяржаўны, павінен быць сёння сацыяльна арыентаваным". Менавіта пра сацыяльную значнасць дбалі музейшчыкі, калі вырашылі ў сценах установы ладзіць цырымонію азнаямлення шасцігадовых жыхароў Светлагоршчыны з правамі і абавязкамі грамадзян. А прысутнічаць на ёй будуць ганаровыя грамадзяне горада. Хто ж з патэнцыйных інвестараў адмовіцца падтрымаць такое мерапрыемства?

 Сярод вядучых спонсараў мясцовай культуры - ТЭЦ, цэлюлозна-кардонны камбінат, камунальная гаспадарка... Усяго недзе 20 гарадскіх і раённых арганізацый. Якім павінен быць апякунскі савет? Прапаноў - шмат. Неаспрэчна адно: работнікі культуры павінны пачуваць сябе не прасіцелямі, а роўнымі сярод роўных. Зацікаўленыя ж у паслугах культуры гаспадарнікі абавязаны перыядычна збірацца і разам з музейшчыкамі, клубнікамі ды бібліятэкарамі аналізаваць стан спраў агульнай для ўсіх культуры. Урэшце, такую калегіяльнасць персанальнымі тэлефанаваннямі не заменіш. А агульныя пасяджэнні савета прывучаць да самапавагі і дадуць "датыкальнае" адчуванне далучанасці да высакароднай справы...

На выніковай калегіі Міністэрства культуры начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алег Рыжкоў, кажучы пра аднастайнасць раённых музеяў, у ліку іншых назваў і светлагорскую ўстанову. Пагаджаюся. Ярка выражанай канцэпцыі экспазіцыя яшчэ не мае. Але ж музей - у стадыі свайго станаўлення. А ініцыятыўнасць яго супрацоўнікаў - гарантыя таго, што музей не будзе "мёртвым".

Хто набудзе спортінвентар

для Прудка?

Адно з мясцовых меркаванняў наконт будучага апякунскага савета: у такой структуры павінен быць раённы каардынацыйны цэнтр, а на сяле - філіялы. Можна ствараць іх на базе сельскіх саветаў. Сапраўды, каму, як не мясцовым уладам, каардынаваць агульныя намаганні гаспадарнікаў і культработнікаў?

Дырэктар СДК вёскі Прудок Людміла Ходар пераканана, што яе ўстанова павінна рабіць стаўку на моладзь. У вёсцы пражывае ўсяго 280 чалавек, у тым ліку - 10 маладых сямей, тры дзясяткі юнакоў і дзяўчат "дыскатэчнага" ўзросту. А бацькі апошніх у асноўным - работнікі прадпрыемства "Золак-агра"... Людміла - чалавек дасведчаны, працуе ў галіне цягам дваццаці гадоў (дарэчы, вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю маюць 92 працэнты работнікаў культуры Светлагоршчыны). Таму разумее, што без шчыльных стасункаў з мясцовым сельгаспрадпрыемствам - нікуды: выхаванне моладзі - справа агульная, таму і патрэбны тут намаганні ўсіх сельсаветаўскіх "аб'ектаў гаспадарання". А вядучы з іх - "Золак-агра".

Людміла Ходар распавядае, што была намацала ў свой час "масткі" да намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце, а тая сышла з пасады. Цяпер Ходар шукае паразумення з новым намеснікам. А прапанова ў кіраўніка СДК больш чым слушная: ёсць ва ўстанове вольныя памяшканні - былая кантора, - дык чаму б там не ўстанавіць для моладзі спартыўныя трэнажоры? І для выканання плана платных паслуг - палёгка, і для ўмацавання здароўя - стымул добры. Пытанне - у ходзе вырашэння... І зноў хачу сцвердзіць: не прасіцелямі тут клубнікі павінны выглядаць, а раўнацэннымі партнёрамі. Кіраўніка, што СДК бокам мінае, ніяк не назавеш гаспадарнікам новай фармацыі і мэтанакіраванай сацыяльнай арыентаванасці. Кажуць, кіраўнік "Золака..." Юрый Рудніцкі - менавіта з новай генерацыі...

/i/content/pi/cult/370/7191/1-4.jpgПрудок - звычайная вёска, без аграгарадоцкага сацыяльнага акцэнту. Таму і матэрыяльная база СДК тут крыху "кульгае". Да прыкладу, напрадвесні пачаў крыху падцякаць дах. А будынак - на балансе "Золаку-агра". Але ў Людмілы Ходар сваё стаўленне да выпраўлення сітуацыі: "Самі ўсё адрамантуем бліжэйшым часам - у сельгаспрадпрыемства іншых клопатаў хапае". Усё правільна: партнёрства тым і моцнае, што кожны вызначае для сябе свой прыярытэт, а на выхадзе ўсеагульных намаганняў грамада атрымлівае ўзаемакарысны вынік. Да прыкладу: сучасны спортінвентар для клубнага аб'яднання... Толькі вось хацелася б, каб дзеянні гэтыя ўзгадняліся не похапкам, не на ляту "ў рабочым парадку", а пад эгідай, скажам, уладнага ды планавага сельсаветаўскага кантролю.

Парычы -

маленькі Парыж

У гарпасёлку Парычы мясцовы выканаўчы камітэт, па словах дырэктара ГДК Алы Харанека, - асноўны спонсар усіх культурных пачынанняў. Хтосьці запярэчыць: выканкам расходных артыкулаў не мае, пра якое спонсарства ў такім выпадку гаворка можа быць... Не будзем чапляцца да тэрміналогіі. Гарпасялковы выканкам на чале з Галінай Шкрыдзюк каардынуе на сваёй зямлі ўсе гаспадарчыя дзеянні, якія так ці інакш станоўча ўплываюць на стан мясцовай культуры. Па сённяшнім часе - самае што ні ёсць спонсарства. Парычы на Светлагоршчыне называюць маленькім Парыжам не толькі з той нагоды, што гарпасёлак багаты на пераканаўчыя ўзоры архітэктурнай даўніны. Багаты ён яшчэ і традыцыямі. І адна з галоўных - усебаковая падтрымка культуры.

Стараннямі Галіны Шкрыдзюк пры выканкаме створаны і больш за 20 гадоў дзейнічае каардынацыйны савет для ўзгодненасці намаганняў пры падрыхтоўцы і наладжванні ўсіх сацыяльна-культурных мерапрыемстваў. Існуе гадавы план, вызначаны адказныя. "А ўсё таму, што Галіна Аляксандраўна - асоба, прафесіянал", - сцвярджае Ала Харанека. Натуральна, не мог не запытацца: "А што кіраўнікі астатніх сямі сельсаветаў - непрафесіяналы?" Адказ - на паверхні: з-за штодзённай гаспадарчай мітусні яны забыліся, відаць, што на гэтай зямлі інтарэсы ўлады прадстаўляюць, а культура сярод гэтых інтарэсаў не самае апошняе месца займае. Адсюль, напэўна, і ўсе непаразуменні.

 Не, кіраўніцтва Светлагорскага райвыканкама, як пераконвае намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях Сяргей Мяркулаў, здолела актывізаваць дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў сферы культуры, і самадзейныя калектывы ў замежныя "гастролі" за свой кошт не скіроўваюцца. Але... Зноў падкрэслю сваю думку: увагу да культуры адно толькі адміністраваннем не прыцягнеш, і па загадзе спонсар не "народзіцца", а работнік культуры як быў прасіцелем, так ім і застанецца.

На такім падмурку, як падаецца, "шматпавяховік" доўгатэрміновага і раўнапраўнага сацыяльнага партнёрства не ўзвядзеш. Ініцыяваць фінансаванне пэўных праектаў пад "дэвізам" "наце ды адстаньце" можна, а канструктыўнае выніковае сяброўства - не атрымаецца. Значыць, на маю думку, адпаведнай павінна быць і раённая культурная палітыка. Хто не пагаджаецца, няхай аргументавана аспрэчыць.

Самастойнасць -

рыса прафесіянала

"Культура павінна штодзённа даказваць, што яна - патрэбная, - даводзіць старшыня Парыцкага гарпасялковага выканкама Галіна Шкрыдзюк. - У нас брэндавыя культурныя мерапрыемствы - норма. І прычына тут адна: мы хочам, каб Парычы былі адметныя. Таму і каманда ў нас баяздольная". Нельга не пагадзіцца! Тэму гэтую пра жыццёвую запатрабаванасць рэгіянальнай культуры "К" пастаянна ўзнімае на сваіх старонках. Як, зрэшты, і агучвае высновы пра тое, што за апошнія гады ў рэспубліканскім маштабе і з дапамогай самых разнастайных дзяржпраграм грашовыя ўліванні ў культуру адбыліся неймаверныя - аналагаў не адшукаць ні за савецкім часам, ні ў іншых краінах постсавецкай прасторы.

І сённяшняя выснова - адназначная: рэгіянальная культура павінна вучыцца самастойнасці. Шлях няпросты. На маю думку, патрэбны тут аптымізацыя пазабюджэтнай дзейнасці, выпрацоўка сапраўды гнуткай падатковай палітыкі ў дачыненні і да патэнцыйных спонсараў, і да канкрэтных устаноў культуры, і больш "агрэсіўная" тактыка абласных, раённых ды сельскіх улад (тут да месца ў чарговы раз згадаць ініцыятыву старшыні Віцебскага аблвыканкама па павышэнні заробкаў бібліятэчным работнікам)... У адваротным выпадку кантраст паміж аграгарадкамі і вёскамі застанецца і надалей не на карысць апошніх...

А калі доўжыць спіс праблем, што датычацца менавіта Парыцкага ДК, дык тут, у першую чаргу, не стае сучаснага асвятлення сцэны. Будзем спадзявацца, што і з гэтай сітуацыі мясцовы каардынацыйны савет Парыцкага гарпасялковага выканкама адшукае годнае выйсце.

Хто каму патрэбны?

На апошняй калегіі Міністэрства культуры начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алег Рыжкоў агучыў думку на конт стварэння абласнога цэнтралізаванага апякунскага савета, скажам, пры Палацава-паркавым ансамблі Румянцавых. Міністр культуры краіны Павел Латушка выказаў сумневы: маўляў, такая цэнтралізацыя будзе замінаць росту творчай ініцыятывы з месцаў. "А мы конкурс на лепшы культурны праект абвесцім сярод аддзелаў культуры вобласці", - развіў сваю думку Алег Рыжкоў... Пасля камандзіроўкі на Светлагоршчыну я прыйшоў да высновы, што самы час ладзіць аналагічны, але ўжо рэспубліканскі, конкурс і сярод спонсараў. Урэшце, і гэтая "прафесія" патрабуе росту значнасці ды прэстыжнасці...

І яшчэ адна посткамандзіровачная выснова, што датычыцца не толькі Светлагоршчыны. У рэспубліцы ідзе пошук аптымальнай мадэлі будучага эфектыўнага партнёрства са спонсарамі ды інвестарамі. Не стае для гэтага піяру (у Светлагорску работнікі культуры надзвычай актыўна і плённа супрацоўнічаюць з мясцовай тэлестудыяй "Ранак"), бракуе самарэкламы (райвыканкамаўскія сайты збольшага - неінтэрактыўныя, не надта інфарматыўныя)... І самае, бадай, галоўнае - няма пакуль досыць акрэсленага бачання, хто каму патрэбны найперш: гаспадарнікі - культуры ці культура - гаспадарнікам...

Галерэя спонсараў ад "К"

Пра будучыню Якімавай Слабады
/i/content/pi/cult/370/7191/1-2.jpg
За мінулы год установы культуры Светлагоршчыны зарабілі 681 мільён пазабюджэтных рублёў. З планам справіліся ўсе, у тым ліку і СДК вёскі Якімава Слабада (пакуль яна - не аграгарадок). За кошт чаго? "У тым ліку - і за кошт шчыльнага сацыяльнага партёрства", - пераканана дырэктар установы Таццяна Вараб'ёва. У яе з кіраўніцтвам Светлагорскай агародніннай фабрыкі кантакты даўнія і шчыльныя. Частка клубнай апаратуры набыта за кошт гэтага прадпрыемства. Няма ў клубнікаў праблем з транспартам, з закупкай падарункаў для конкурсаў і святаў... У намесніка дырэктара фабрыкі па ідэалагічнай рабоце Галіны Зялёнай ёсць яснае бачанне перспектывы такога супрацоўніцтва.

- Сацыяльнае партнёрства - частка дзяржаўнай палітыкі, - кажа яна, - а культура - неад'емны складнік нашай ідэалогіі. Той, хто гэтага не зразумеў, проста адстаў ад часу.

- Тады адкажыце, Галіна Мацвееўна, чаму не ўсе прадпрыемствы раёна актыўна супрацоўнічаюць з клубнымі ўстановамі? Іх на Светлагоршчыне - ледзь не 40, а толькі палова мае падставы сказаць: "У нас ёсць трывалы сацыяльны партнёр". Чаму?

- Усё залежыць ад канкрэтнага чалавека, ад яго стаўлення да культуры. Перспектыўнае бачанне немагчымае без уліку культурнага ўдасканалення чалавека, якое наўпрост уплывае і на эфектыўнасць вытворчасці.

- І гаворка тут не пра нейкае маштабнае фінансаванне рэгіянальнай культуры. Справа - ва ўзаемаразуменні, у рацыянальным выкарыстанні агульных рэсурсаў на агульную карысць...

- Так, нельга жыць сённяшнім днём... Мы на фабрыцы не проста Год кнігі абвясцілі, але і анкетаванне правялі, каб высветліць, якія мерапрыемствы з гэтай нагоды правесці, куды на экскурсію з'ездзіць, як адпачынак наладзіць... Са сваім СДК мы вельмі шчыльна працуем, бо на нашай тэрыторыі робім агульную справу. Клубныя работнікі ў нас выступаюць, і мы да іх на канцэрты пастаянна ходзім... Па вялікім рахунку, займаючыся выхаваннем нашых работнікаў, іх дзяцей, рыхтуем глебу, так бы мовіць, для з'яўлення ў будучым паўнацэнных спонсараў нацыянальнай культуры.

- Згодны. Але чаму сёння іх мала?

- Калі няма духоўнага разумення праблемы, дык, напэўна, і эканамічныя рычагі варта выкарыстоўваць. Да прыкладу, падаткі знізіць - і для спонсараў, і для ўстаноў культуры... У адваротным выпадку пра сапраўднае спонсарства вельмі цяжка казаць. Да прыкладу, у горадзе ДК "Энергетык" быў ведамаснай установай, а цяпер ён - на балансе аддзела культуры. А ці можа аддзел такі цяжар пацягнуць?! Ці ж па-дзяржаўнаму гэта? А вось цэлюлозна-кардонны камбінат свае ведамасныя дзіцячыя садкі на бюджэт не перавёў... Каардынаванасці дзеянняў нам бракуе. І справа, урэшце, не ў грошах (наша фабрыка - не з самых багатых), а ў свядомым разуменні таго, што мы пакінем пасля сябе...

Пасля нашай гутаркі я стаў сведкам імправізаванага пасяджэння маленькага апякунскага савета ў складзе Галіны Зялёнай і Таццяны Вараб'ёвай, у ходзе якога была дасягнута дамоўленасць аб узвядзенні агароджы вакол СДК. Але завяршыць гэты раздзел хачу зусім не ідылічна: у сельскіх клубаў праблем і без агародж - процьма: няма водазабеспячэння, састарэлая музычная апаратура... І кожная з гэтых праблем - кропка прыкладання сіл будучых спонсараў, і ў першую чаргу - гаспадарнікаў дзяржаўных.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Светлагорскі раён - Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"