Вясна як рэтра?

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

"Вясна ідзе…" — гэтай рахманінаўскай назвай пазначаны канцэрт папулярнай кінамузыкі, падрыхтаваны салістамі і ансамблем "Рэтра-хіт" Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

/i/content/pi/cult/370/7190/4-1.jpeg

- Усе гэтыя песні, - распавяла напярэдадні падзеі аўтар праекта, кампазітар Валянціна Сярых, - я чула ў дзяцінстве. Здавалася б, ведала ў іх кожную ноту. Але толькі цяпер, калі пачала працаваць над праграмай і рабіць свае аранжыроўкі, змагла ў поўнай меры ацаніць, колькі ўкладзена ў тыя песні таленту, энергетыкі і нейкай асаблівай чысціні - што ў мелодыю, што ў словы. Як кампазітар адбірала я даволі строга. Не ўсялякая песня можа годна прагучаць у філарманічным асяроддзі, ды яшчэ ў Камернай зале імя Рыгора Шырмы. Тут усё на вачах! Не "схаваешся" ні за электроніку, якой гэтая сцэна не выносіць, ні за знешнія аксесуары. Таму спынялася на тых кампазіцыях, дзе абсалютна ўсё на сваім месцы: кожная інтанацыя, гармонія - усё жыве і дыхае. Быццам бы проста, ды не трывіяльна, з фантазіяй і, галоўнае, - ад усяго сэрца. А з якім захапленнем узяўся за гэтую працу наш ансамбль і маладыя салісты нашай Філармоніі для дзяцей і юнацтва! Спевакі Святлана Старадзетка, Тамара Рэмез, Святлана Еўнух, Улад Даніловіч, дамрыстка Наталля Змітровіч - кожны зрабіў свой унёсак. Той жа Ігар Задарожны ў нашай праграме і спявае, і на саксафоне саліруе, і чачотку адбівае. Адгукнуліся гасцявыя калектывы - той жа дзіцячы хор Белтэлерадыёкампаніі, вайскоўцы. Яны таксама наноў адкрывалі для сябе прыгажосць і адметнасць рэтра-мелодый... Няма чаго здзіўляцца, што білеты разышліся імгненна.

Дадамо, што свой уклад у папулярызацыю "старых песень пра галоўнае" штогод уносіць і Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам. Чарговы фестываль гэтага калектыву "Шлягеры на ўсе часы" пройдзе ў філармоніі 26 - 29 сакавіка. Менавіта дзякуючы яму "рэтра" цяпер асацыіруецца не толькі з настальгічнай восенню, але і з яркай, сонечнай вясной.



На здымку: Валянціна Сярых у "рэтра-вобразе".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"