Другое жыццё? Для кніг гэта магчыма

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

Кажуць, лішніх кніг, як і непатрэбных ведаў, не бывае. Тым не менш, у кожнай сям’і ёсць ад пары-тройкі да сотняў кніг, якія год ад года нарошчваюць на сваіх пераплётах міліметры пылу, — ад таго, што імі даўно ўжо не карыстаюцца. Напрыклад, падручнікамі для школы выдання, скажам, 1950-ых гадоў. Што з імі рабіць? Выкінуць? Шкада, ды і прывучаны мы з дзяцінства, што кнігі — гэта каштоўнасць, да якой трэба ставіцца з асаблівай пашанай. Здаць букіністам ці ў макулатуру? Аднак да гэтага павінны, як кажуць, дайсці рукі. Ды і час прамарнуеце, а грошай атрымаеце — кот наплакаў. Дык што ж рабіць з кнігамі, якія адслужылі свайму ўладальніку? Наша парада — падарыце іх бібліятэцы.

Пакрыўджаны дароў не носіць
Грошы, якія можна атрымаць у букіністаў ад кніг, што не з’яўляюцца, скажам, рарытэтамі папярэдніх стагоддзяў, гэта такая дробязь, якая і параўнацца не можа з эмацыйным задавальненнем ад падарунка бібліятэцы. Хаця тут, канешне, многае залежыць ад стаўлення бібліятэкара да вашага намеру. Думаецца, многім знаёмая сітуацыя, калі вы прыцягваеце, згінаючыся ад цяжару, некалькі дзесяткаў кіло (прабачце за вымярэнне) кніг, а вас сустракаюць непаразумелым поглядам і фразай: “Ну, кіньце вунь туды ў кут, каб не заміналі хадзіць”. Пасля гэтага, зразумела, далёка не кожны чалавек, маючы добры пасыл, рэалізуе яго.
 /i/content/pi/cult/133/719/Socium-Knigi.jpg
— Непатрэбных
для біблятэкі кніг не бывае, — кажа Алена СІВАКОВА, загадчыца аддзела камплектавання фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. — Бывае толькі, што бібліятэкі могуць не ведаць, як аформіць такі падарунак. І каб не забіваць сабе галаву лішнім клопатам, ім прасцей адмовіцца. Ёсць і другая прычына “халадку” да падарунку — усведамленне таго, што ён не знойдзе практычнага прымянення. Напрыклад, не было яшчэ тыдня, каб нам не прапанавалі творы класікаў марксізму, хаця ўжо кожная бібліятэка краіны мае неабходную іх колькасць. Чалавеку, які хоча падарыць нам чарговы збор, трэба вельмі далікатна патлумачыць рэальную сітуацыю. І, што самае галоўнае, — не пакрыўдзіць, асабліва калі гэта чалавек сталага ўзросту, які палову свайго жыцця жыў гэтымі творамі.
— Калі бібліятэка кажа, што ёй не патрэбны тыя ці іншыя кнігі, бо яны інфармацыйна састарэлі, — падмацоўвае вышэйсказанае Марына БОЛДАК, намеснік дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ваўкавыскага раёна, — гэта гаворыць аб прафнепрыдатнасці бібліятэкараў. Сапраўды, ёсць кнігі, якія “адпрацавалі”для аднаго чалавека, але яны могуць спатрэбіцца іншаму. І не важна, што яны прапыляцца на бібліятэчнай паліцы не адзін год і іх ні разу ніхто не спытае. Бо ўрэшце прыйдзе чалавек, якому спатрэбіцца менавіта гэтая кніга. Напрыклад, нядаўна да нас звярнуўся чытач, які шукаў падручнік па матэматыцы для падрыхтоўкі ў ВНУ менавіта 1956 года, які параіў яму рэпетытар. Таму мы заўсёды рады падарункам і, калі маем магчымасць,нават пасылаем да дарыцеля транспарт. А яшчэ — дазваляем яму месяц бясплатна карыстацца нашым камерцыйным фондам.

Круціць носам — непрафесійна
Калі адна бібліятэка не пажадала прыняць ваш падарунак — варта паспрабаваць падарыць кнігі іншай. Пэўна, тая бібліятэка такая заможная, што яе фонд проста лопне ад вашага падарунка. Чаго нельга сказаць пра небагатыя сельскія, раённыя бібліятэкі. Там кнігам заўсёды рады, і вам не толькі не адмовяць, а і аддзячаць, чым багаты.
— Што тычыцца такіх бібліятэк — сельскіх, раённых, — расказвае Ганна ГАМЕЗА, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры РБ, — дык там не хапае вучэбнай, даведачнай літаратуры. Я не ведаю выпадку, калі б яны адмовіліся ад вучэбнай, навуковай, мастацкай, даведачнай літаратуры. Мая сяброўка, дарэчы, працуе ў сельскай бібліятэцы, дык я ёй заўсёды перадаю непатрэбныя мне кнігі, напрыклад, прачытаныя жаночыя “аднаразавыя” раманы.
Не кожны ведае, — працягвае Ганна, — што бібліятэчны фонд фарміруецца за кошт 15 працэнтаў з мясцовага бюджэту. Само сабой, гэтая лічба для беднага і багатага раёнаў азначае розныя грошы, але ўсё адно невялікія. Дапамагае яшчэ спонсарства, але гэта больш выключэнне, чым правіла. А каму катастрафічна не хапае кніг?
Ведаю, што, напрыклад, бібліятэцы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. За падораныя кнігі там будуць шчыра ўдзячныя, як і ў многіх іншых бібліятэках краіны.
Пакуль адны бібліятэкі круцяць носам ад падарункаў, іншыя, наадварот, турбуюцца аб тым, каб людзі перадавалі кнігі тым, каму яны могуць спатрэбіцца. У Ваўкавыскім раёне аб’явілі нават цэлую акцыю “Падары кнігу бібліятэцы”, ці “Дай сваёй кнізе другое жыццё”.
— Гэта была ідэя, якая даўно мільгала на старонках прэсы, — тлумачыць Марына Болдак, — і мы неаднаразова абмяркоўвалі яе між сабой. Аднак рупіліся аб гэтым толькі нашы сябры ды знаёмцы, якія ведаюць праблемы папаўнення бібліятэк. І тут нам вельмі дапамагла Зоя Сяргееўна Бойка, наш начальнік аддзела культуры райвыканкама, якая, да таго ж, і дэпутат раённага Савета дэпутатаў. Яна і вынесла гэтую праблему на высокі ўзровень, так бы мовіць, агучыла яе “з трыбуны”. І плён ужо ёсць: некалькі сельскіх бібліятэк папоўніліся за кошт падарункаў чытачоў. Кнігі ўжо аформлены і імі карыстаюцца. Дарэчы, сярод першых, хто адгукнуўся і дапамог сельскім бібліятэкам, — былы наш старшыня райвыканкама Міхал Генадзевіч Савельеў. Дарыла кнігі і сама Зоя Сяргееўна, і яе прыяцелька — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Тамара Іванаўна Навасад, якая перадала ў дзіцячую бібліятэку вельмі шмат кніг. Прымкнула да іх і старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Уладзіміраўна Прэдка: перагледзеўшы сваю хатнюю бібліятэку, некаторыя кнігі з яе перадала нам.

Бібліяінтэрнет
— Людзі дарылі, дораць і будуць дарыць кнігі бібліятэкам, — канстатуе Алена Сівакова. Гісторыя кожнага падарунка — гэта асобны раман, варты напісання. Кнігі дораць розныя, па-рознаму і розныя людзі. Сярод дарыцеляў нямала людзей сталага веку: на схіле гадоў яны жадаюць перадаць кнігі, якія збіралі ўсё жыццё, у добрыя рукі. Як, прыкладам, польскі славіст, вучоны і даследчык, прафесар Базыль Белаказовіч, які падарыў нам практычна ўсю сваю бібліятэку. Гэта былі кнігі, якія чалавек збіраў усё жыццё, займаючыся славістыкай, беларускай мовай, беларускай літаратурай. Пры пасрэдніцтве Пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы ён перадаў нам гэты дар. Увогуле прапановы падарыць літаратуру паступаюць у бібліятэку штодзённа. І мы прымаем усё. Толькі ў гэтым годзе Нацыянальная бібліятэка атрымала дзесяткі тысяч экзэмпляраў дакументаў. Частку з іх мы пакідаем сабе, астатнія ж звычайна разыходзяцца па бібліятэках краіны.Размеркаванне выданняў па раёнах — гэта асобная праца Нацыянальнай бібліятэкі, якая мае фонд для ажыццяўлення ўнутрырэспубліканскага абмену і пераразмеркавання дакументаў. Тут працуе просты і празрысты механізм: спачатку складаюцца спісы празмерна дублетнай літаратуры, якая паступіла ў НББ, яны структурыруюцца і выносяцца на сайт бібліятэкі — www.nlb.by, у рубрыку “Літаратура, прапанаваная для пераразмеркавання”, разам з бланкамі афармлення замовы кніг. Так, не пакідаючы свайго рабочага месца, любы бібліятэкар праз Інтэрнет можа выбраць і замовіць кнігу з гэтага фонду. Канешне, у Беларусі — каля 11 тысяч бібліятэк, таму можна падумаць, што тут дзейнічае прынцып: “Хто паспеў — той і з’еў”. Аднак у рэальнасці атрымліваецца, што з 11 тысяч устаноў актыўна працуюць у гэтым накірунку ўсяго… каля двухсот. Дзіўна, бо і сыр бясплатны, і мышалоўкі няма…

Таварныя адносіны
Зразумела, кнігі можна дарыць, але можна і прапанаваць бібліятэцы купіць іх. Хаця зацікавіць буйную бібліятэку з вялікім фондам не так і лёгка: кніга павінна быць насамрэч каштоўнасцю, рарытэтам, які адсутнічае ў фондзе бібліятэкі ці маецца ў адзінкавым экзэмпляры. Калі бібліятэка ўсё ж зацікавілася “таварам”, “прадаўцу” варта падрыхтавацца да маруднага працэсу яго ацэнкі і афармлення. Спатрэбіцца некалькі дзён, каб прагледзець прапанаваную кнігу, праверыць, ці лічыцца яна ў фондах бібліятэкі і ў якім стане знаходзіцца. Калі бібліятэка вырашае набыць выданне, права прадаўца — назваць цану. Калі яна высокая, бібліятэка выносіць гэтае пытанне на разгляд фондавай камісіі. Гэта можа задоўжыцца на некалькі тыдняў. Пры станоўчым рашэнні кнігу ўрэшце купляюць — як правіла, праз букіністычны магазін.
— Сярод прадаўцоў кніг сустракаюцца розныя людзі, — гаворыць А.Сівакова. — Некаторым з іх тавар падаецца такім каштоўным, што яны пераходзяць з цэнамі ўсе разумныя межы, не ведаючы, што такіх кніг у бібліятэчных фондах дастаткова. А ці правяраем мы, адкуль у чалавека каштоўная кніга? Не, такіх паўнамоцтваў мы не маем. Але вельмі заклапочаны тым, каб кніжныя каштоўнасці не пакідалі нашу краіну.

15 хвілін на акт дабра
Калі чалавек “даспельвае” да таго, каб падарыць кнігі бібліятэцы, ён міжволі задае сабе тры пытанні: якой будзе працэдура афармлення? Колькі гэта зойме часу? Ці забіраюць бібліятэкі кнігі з дому самі? На іх адказвае наша суразмоўніца Алена Сівакова:
— Многія перакананы, што бібліятэкі самі забіраюць ад дарыцеляў кнігі. Любым чынам: прыязджаюць, прыходзяць… Часам нам тэлефануюць і кажуць: “У мяне ў 11 гадзін пачынаецца рамонт, дык прыедзьце да гэтага часу забраць кнігі”. Зразумела, бываюць абставіны, пры якіх мы дапамагаем нашым дарыцелям: знаходзім транспарт, каб забраць кнігі, але гэта больш выключэнне, чым правіла. Бібліятэкагэта робіць, калі мае справу са старымі людзьмі ці інвалідамі. Ездзіць жа па некалькі разоў на дзень забіраць кнігі— такіх магчымасцей няма ў ніводнай бібліятэкі. Таму мы шчыра просім, каб людзі парупіліся аб дастаўцы кніг самі.
Прымаючы кнігі, бібліятэка афармляе акт іх прыёму па спецыяльна распрацаванай форме. Займае гэта некалькі хвілін: пакуль уносяцца пашпартныя даныя і колькасць кніг — ставяцца подпісы бакоў. Можна дасылаць кнігі і па пошце на адрас Нацыянальнай бібліятэкі, пазначыўшы: “У аддзел камплектавання фондаў”, выказаўшы пісьмова жаданне, кшталту: “Дару гэтыя кнігі бібліятэцы”. У гэтым выпадку чалавеку трэба будзе аплаціць толькі паштовую перасылку. У адказ бібліятэка дзякуе не толькі на словах, а і высылае ўсім лісты ўдзячнасці. Некаторыя дарыцелі ўключаюцца нават у ганаровы спіс на сайце НББ у раздзеле “Дары бібліятэцы”. Там мы можам убачыць прозвішчы самых розных людзей — ад звычайнага настаўніка да прэзідэнта краіны, ад вучонага да мастака... Пагадзіцеся, прыемна, калі добрыя дзеянні маюць водгук. Пасля гэтага іх хочацца здзяйсняць і здзяйсняць.

Тэму даследавала
Святлана ЖУРАЎСКАЯ