Амана без падману

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Рускія рамансы ў японскім кімано ды з беларускім аркестрам? Менавіта такі канцэрт правёў аркестр народных інструментаў імя Л.Іванова Магілёўскай абласной філармоніі. Саліравала — Каёка Амана.

/i/content/pi/cult/370/7189/3-2.jpg

Японская спявачка, якая ў свой час стажыравалася ў Маскоўскай кансерваторыі, даўно займела імідж адной з лепшых выканальніц рускага раманса. Як жа ўзнікла сяброўства з беларускім калектывам?

- Нас пазнаёміў, - распавёў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор аркестра Мікалай Алданаў, - расійскі музыкант Аляксандр Цыганкоў, з якім наш калектыў супрацоўнічае ўжо многа гадоў. І пасля чарговых выступленняў у Санкт-Пецярбургу Каёка завітала да нас. Гэта ўнікальная вакалістка! Справа не толькі ў яе музычнай адоранасці, выразным мецца-сапрана, але і ў тым, наколькі тонка яна разумее славянскую душу, як даносіць сэнс кожнай фразы, кожнага слова. Вы б толькі бачылі, як яе прымала публіка! Напрыканцы канцэрта, адышоўшы ад рамансаў, яна праспявала "Кацюшу" - па-руску і па-японску. Дый на рэпетыцыях перакладчык нам быў не патрэбны: яна цудоўна размаўляе па-руску. І пакінула наступны запіс у кнізе водгукаў: "Вельмі рада быць у вашым горадзе і выступаць з аркестрам такога ўзроўню. Мару і спадзяюся супрацоўнічаць з вамі надалей. У вас цудоўны дырыжор, выдатная тэхніка ігры, пачуццё стылю". Сапраўды, наша творчае сяброўства з Каёка Амана працягнецца. І ў час яе наступных расійскіх гастролей мы правядзём сумесны канцэрт у Мінску. Ёсць і задума падрыхтаваць з нашым аркестрам цыкл японскіх песень.


На здымку: Каёка Амана саліруе ў суправаджэнні Аркестра народных інструментаў на магілёўскай сцэне.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"