Нулявыя на "Гарызонце"

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Мастацкі "лофт" дзесяцігоддзя

/i/content/pi/cult/370/7188/2-5.jpeg

Куратары выстаўкі беларускага сучаснага мастацтва "Радыус нуля" паставілі перад сабой амбітную мэту: падвесці вынікі мінулага дзесяцігоддзя. Зважаючы на тое, што ці не асноўнымі характарыстыкамі арт-асяроддзя за справаздачны перыяд былі яго інтравертнасць, дыскрэтнасць і падзеленасць агульнага поля на розныя "паляны", падобныя памкненні выклікаюць асацыяцыі з вядомай арыфметычнай аперацыяй множання на нуль. Але больш істотна тое, што "на выхадзе" атрымаўся не занудлівы даследчыцкі праект, разлічаны на адзінкі "далучаных", а прыстойны прадукт, які засведчыў камунікатыўныя магчымасці сучаснага мастацтва ды цікавасць публікі да гэтай з'явы.
У якасці экспазіцыйнай пляцоўкі быў абраны колішні цэх мінскага завода "Гарызонт". Яго арыгінальны і "непрычасаны" інтэр'ер стаў цудоўным атачэннем для саміх твораў. Таму хочацца верыць, што актуальная ва ўсім свеце мода на "арт-лофт" дасца ў знакі і ў нас.

Патэнцыял і спецыфічны шарм гэтай прасторы ці не лепш за ўсіх удалося рэалізаваць Арцёму Рыбчынскаму, які ўжо не ўпершыню выкарыстаў звычайны калідор у якасці калідора метафарычнага. Тэлевізар як крыніца святла, пару люстэркаў, што яго тыражуюць, спараджаючы адвольныя гульні, цемра, прастора - вось, у прынцыпе, і ўсё, што трэба для стварэння адметнага твора, але... Апошнюю інсталяцыю гэтага мастака даводзілася бачыць гадоў -наццаць таму: акурат з прасторай у нас і праблема.

Паслядоўны канцэптуаліст Ігар Саўчанка выставіў сонечнае святло, пра што паведаміў на прыклееным да акна "цэтліку". Рэанімаваны спецыяльна для гэтай выстаўкі "Буцік" Артура Клінава лішні раз засведчыў здольнасць сучаснага мастацтва прымаць самыя нечаканыя формы: гледачы маглі лёгка зблытаць арт-праект з крамай, ці, дакладней, лаўкай старызніка. Майстар дэканструктывісцкага дызайну Уладзімір Цэслер гэтым разам "падняў руку" на галоўную "ікону" авангардызму: "Чорны квадрат" быў ператвораны ў магніцік, якія звычайна чапляюць на дзверку лядоўні. Руслан Вашкевіч, які, дарэчы, выступіў адным з сакуратараў выстаўкі, спалучыў рэнесансавыя інтэр'еры і гульнёвы жанр "экшн".

І ў выніку атрымалася, на маю думку, ці не самая пераканаўчая дэманстрацыя беларускага сучаснага мастацтва за гады яго існавання. Варта адзначыць, што айчынныя куратары справіліся з гэтай задачай лепш, чым іх вядомыя замежныя калегі. Бо толькі беларусы здатныя больш-менш адэкватна ўсведамляць грамадскі і культурны кантэкст, пазбаўляючыся зусім недарэчных у такой справе стэрэатыпаў.