Гук кропель дажджу, што падаюць

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

"Жывапіс ідэі" і мяжы Сяо Юя

/i/content/pi/cult/370/7187/2-1.jpg

Нацыянальны мастацкі музей прымае выстаўку твораў вядомага кітайскага жывапісца Сяо Юя "Зачараванне Усхода", прымеркаваную да 20-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. У экспазіцыі канферэнц-залы і вестыбюля размясцілася 26 работ мастака, выкананых у старадаўняй тэхніцы жывапісу "гохуа" тушшу і мінеральнымі фарбамі.

Як вядома, самымі распаўсюджанымі жанрамі кітайскага жывапісу, як і ў глыбокай старажытнасці, з'яўляюцца пейзаж (шань-шуй) і "кветкі-птушкі" (хуаняа), дзе, як у люстэрку, адбіваецца шчырая любоў народа да адвечнай прыроды.
/i/content/pi/cult/370/7187/2-2.jpg
Ідэя гарманічнага яднання чалавека з трапятліва-цудоўнай прыродай стала не толькі душой кітайскага мастацтва, але і сэнсам спазнання сусветнага быцця эстэтыкі і філасофіі.

Калісьці ў Пекіне я ўбачыў выстаўку кітайскага жывапісу, дзе ўпершыню пазнаёміўся з так званым стылем cei (жывапіс на паперы і шоўку), назву якога можна перакласці як "жывапіс ідэі". Мне распавялі, што гэты стыль - стыль "грубага пэндзля" (у адрозненне ад стылю "гунбі" - "акуратны", "старанны пэндзаль") - своеасаблівая асацыятыўная імправізацыя. Яе нельга скапіраваць ды іміціраваць. Гэта значыць, сеі - жывы дух, вобраз і хараство аб'екта: хуткі малюнак, шырокія мазкі, свабода адлюстравання.

І ўсё тое ёсць у творчасці Сяо Юя. Калі я наведваў выстаўку, узгадаў выслоўе вялікага Цы Байшы, які казаў: прызначэнне жывапісу ў тым, каб знайсці мяжу паміж падабенствам і непадабенствам. Абсалютнае падабенства - банальнасць, а відавочнае непадабенства - скажэнне рэчаіснасці. Дык вось, жывапіс Сяо Юя якраз - на такой мяжы. Паглядзіце яго творы "Вечная прыгажосць гор Хуаншань" (гэта любімыя мясціны мастакоў у правінцыі Аньхай, што на ўсходзе Кітая), "Вясна на поўдні", "Лотас над чыстай вадой", "Водар лотаса ў сне", "Надзея на будучыню", "Чатырохрадкоўе" або "Гук кропель дажджу, што падаюць", каб адчуць галоўны "нерв" мастака, звязаны з яго шчырай любоўю да роднай прыроды, якая пад пэндзлем ператвараецца ў манументальную алегорыю душэўнай высакароднасці, у сімвал спрадвечнай сувязі зямлі, неба і чалавека.

Сёлета Сяо Юю спаўняецца 50 гадоў. Ён займае пасады намесніка сакратара Саюза мастакоў Ханьданскага раёна правінцыі Хэбэй і намесніка дырэктара Ханьданскага мастацкага інстытута. Два гады таму ён стаў лаўрэатам прэміі "Лепшае дасягненне ў кітайскай культуры і мастацтве". У Мінск Сяо Юй прыехаў упершыню, але мы, беларускія гледачы, спадзяёмся, што гэты творчы візіт мастака - не апошні.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"