Шкляная ружа — эмблема самоты?

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Калі Хазэ сустрэў Кармэн у… віртуалцы

/i/content/pi/cult/370/7186/1-6.jpeg

Адкрыты пяць гадоў таму Маладзечанскі маладзёжны музычны народны тэатр на чале з Рыгорам Сарокам падрыхтаваў чарговую прэм'еру: оперу Ж.Бізэ "Кармэн". Гэтым разам - у канцэртным выкананні, у адрозненне ад пастаўленых раней "Іяланты", "Яўгенія Анегіна" П.Чайкоўскага і "Травіяты" Дж.Вердзі.

Канцэртныя і напаўканцэртныя версіі сёння распаўсюджаны ў свеце - як і шматлікія пастаноўкі ў так званым чорным кабінеце, калі сцэна ўяўляе з сябе гэткі "чорны квадрат". Падобныя варыянты бываюць выкліканы жаданнем не толькі сэканоміць сродкі, але і скіраваць увагу публікі ўласна на музычны матэрыял.

Музычны складнік не падвёў маладзечанцаў. І гэта пры тым, што збегам абставін былі скарыстаны амаль адно "ўнутраныя рэзервы". Спачатку разлічвалі, што хаця б у адным з двух паказаў спяваць будуць былыя выхаванцы тамтэйшага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага - сёння ўжо запатрабаваныя Анатоль Сіўко, які працягвае навучанне ў Маладзечанскім філіяле БДАМ, і саліст тэатра Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Уладзімір Дзмітрук. Але тое, што тэатр, кожны год змяняючы склад (навучальны працэс, як-ніяк), не разлічвае адно на запрошаныя кадры, дадаткова сведчыць пра яго трываласць.

- Уразіў ужо сам узровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў, - заўважыў заслужаны артыст Беларусі, прафесар Уладзімір Будкевіч, які пабываў на прэм'еры. - Я шмат гадоў працаваў у нашым Вялікім тэатры і добра ведаю ўсе праблемныя па выкананні моманты гэтай оперы. Але аркестравыя сола, якія, здараецца, не ўдаюцца прафесіяналам, тут гучалі без заган. А вакалісты так вывучылі ўласныя партыі, што ім не трэба было сачыць за дырыжорскай палачкай...

Піетэтнае стаўленне да свайго тэатра ўласцівае і маладзечанскай публіцы. Кожны спектакль справядліва ўспрымаецца як суперпадзея і суправаджаецца адпаведным антуражам. За гадзіну да прэм'еры ў зімовым садзе Палаца культуры была адкрыта выстаўка Ядвігі Сянько - адначасова з яшчэ адной прэзентацыяй ейнай творчасці ў Ерэване. Пунсовыя кветкі ў валасах, спалучэнне чорнага з чырванню вылучалі не толькі ўдзельнікаў спектакля (менавіта так быў апрануты хор), але і іхніх прыхільнікаў. Многія гледачы таксама прыходзілі "ў вобразе", адпаведным прэм'еры. Настройваў і дызайн афіш, праграмак, запрашальнікаў, выкананы мастакамі Палаца Святланай Сярогінай і Таццянай Туроўскай. На адценнях чырвонага - ружа з пачарнелымі пялёсткамі. Празрыстая, быццам шкляная - далікатна-крохкая. Такая ж ружа, намаляваная на палотнішчы, спускалася з каласнікоў сцэны ў час смерці гераіні.

І ўсё б добра, але сцэнічная Кармэн не адпавядала гэтаму сімвалу. Яна папросту была іншай! Не столькі ракавая прыгажуня, колькі трагічная постаць. Гэтую партыю ў якасці дзяржаўнага іспыту выканала Марына Змітровіч - пяцікурсніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе народнай артысткі краіны Наталлі Рудневай, прынятая ў стажорскую групу Нацыянальнай оперы. Іншым атрымаўся і Хасэ (Андрэй Мацюшонак, трэцякурснік каледжа па класе Георгія Юрэвіча): не помслівы халерык з упартасцю флегматыка, а меланхалічны прызыўнік, яшчэ амаль дзіця, што трапляе ў вір жыццёвых рэальнасцей пасля апекі маці і яе жаночага атачэння, сярод якога - Мікаэла (лаўрэат міжнародных конкурсаў, выкладчыца каледжа Наталля Францкевіч). Тая, зноў-такі, не падлетак з комплексам "правільнай" дзяўчынкі-выратавальніцы", а мяккая, упэўненая маладая жанчына з тым матчыным стаўленнем да хлопца, што не дазваляе ёй перайсці межы пацалунка ў шчаку.

Здавалася б, такі нетрывіяльны расклад партый, дзе адно Эскамільё (Андрэй Саўчанка, чацвёртакурснік Маладзечанскага філіяла БДАМ па класе таго ж Юрэвіча) адпавядае традыцыям, - знаходка для рэжысёрскай канцэпцыі і далейшых фантазій. А канцэртнае выкананне - дадатковы стымул для псіхалагічных пошукаў. Але... Кармэн і Хасэ ўпершыню сустрэліся на сцэне толькі ў фінале. Скажаце, купюры вінаваты? Так, скарочанымі аказаліся не толькі дыялогі, але і многія сцэны. Атрымалася штосьці накшталт канцэрта, складзенага з нумароў адной оперы. Элементамі сцэнічнага дзеяння былі прасякнуты хіба паядынак Хасэ і Эскамільё, сцэны варажбы ды смерці. Сучасныя ж тэндэнцыі - у тэатралізацыі нават звыклых філарманічных канцэртаў, калі асобныя нумары яднаюцца адзінай лініяй развіцця.

Пэўна, у мяне надта высокія меркі да вучняў і настаўнікаў каледжа? Яны і так пераўзыходзяць усе магчымыя планкі. Вольга Гардзей (Мерсэдэс) - выкладчык па класе... цымбалаў, а спявае ў дуэце не горш за спрактыкаваную выкладчыцу хору Вольгу Кохан (Фраскіта), хіба што тэмбр не такі багаты. Хор з аркестрам - фантастыка! А якія велізарныя перспектывы ў Андрэя Мацюшонка! Кажуць, на яго ж курсе ёсць яшчэ адзін адораны тэнар. У канцэртным жа выкананні партыю можна падзяліць "на дваіх" ды яшчэ абгрунтаваць неадназначнасцю персанажа, у якім быццам змагаюцца два чалавекі. І ад мікрафоннай падгучкі, сапсаванай гукарэжысурай, можна адмовіцца - пры вынаходлівай расстаноўцы артыстаў. Што ж перашкаджае рэжысёрскаму палёту думак? Гэты складнік, дарэчы, заўсёды быў "слабым месцам" Маладзечанскага тэатра. Значыць, трэба не вымушаць спевакоў бяздумна мераць сцэну крокамі ды пыліць спадніцамі, імітуючы "сцэнічны рух", а - шукаць. Асабліва да наступнай прэм'еры.

Як, вы яшчэ не ведаеце? Дык рыхтуйцеся, шаноўныя чытачы: вывучайце жыццё і творчасць Міхала Клеафаса Агінскага і шыйце сабе бальныя строі. Акурат праз год у Маладзечне - прэм'ера беларускамоўнай оперы, прысвечанай нашаму вялікаму суайчынніку. Яе тэатр замовіў вядомым беларускім творцам - кампазітару Алегу Залётневу і лібрэтысту Сяргею Макарэю. Праца кіпіць!


На здымку: сцэна са спектакля.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"