Кропля крыві на аркушы белым

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Мір і вайна мастака Аркадзя Астаповіча

/i/content/pi/cult/370/7183/2-1.jpegГэты мастак - адзін з самых цікавых і дзіўных майстроў беларускай графікі 20 - 30-х гадоў ХХ ст., які належыў да ліку лідараў пейзажна-бытавога кірунку нароўні, скажам, з Я.Мініным, А.Тычынам, Р.Семашкевічам, Г.Змудзінскім. Ягонае імя - Аркадзь Астаповіч. Ён пражыў кароткае, складанае, але надзвычайна інтэнсіўнае творчае жыццё, пакінуўшы велізарную графічную спадчыну. Толькі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі знаходзіцца больш за 200 ягоных твораў, якія яшчэ ў сярэдзіне 1950-х паступілі ад удавы Аркадзя Антонавіча - Ніны Рыгораўны Астаповіч-Якубовіч...

Але амаль 20 гадоў, з 1940-га - часу ўдзелу мастака ў чэрвеньскай Дэкаднай мастацкай выстаўцы БССР у Маскве - і да 1960-га - да яго першай пасмяротнай выстаўкі ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР - мала хто з гледачоў чуў пра гэтага графіка, бо практычна нічога ў СМІ, звязанага з ягоным іменем, не з'яўлялася. І толькі ў 1960 годзе дзякуючы асабістай ініцыятыве Алены Аладавай ды яе маскоўскіх сяброў у музеі адбылася выстаўка твораў А.Астаповіча. Тады ж былі надрукаваны і некалькі невялічкіх артыкулаў у газеце "Літаратура і мастацтва" і ў часопісе "Беларусь" аўтараў П.Герасімовіча і Л.Ніканорава (чытай: Л.Дробава). Потым - зноў маўчанне. Праўда, на пачатку 70-х я сёе-тое ведаў пра жыццё мастака з вусных успамінаў яго сяброў А.Тычыны, П.Герасімовіча і Я.Красоўскага, і нават меў задумку напісаць у "ЛіМ", тым больш, што яго спадчына ў нашым музеі была вельмі багатая, але нешта не атрымалася. Да таго ж, у гэты час выйшла манаграфія В.Шматава "Беларуская графіка", дзе аўтар, акрамя артыкулаў пра іншых айчынных графікаў даваеннага перыяду, распавёў таксама і пра Астаповіча.

Нарэшце, у 1989 - 1990-м у Мінску і Віцебску адбылася яшчэ адна выстаўка твораў мастака - разам з сястрой З.Астаповіч-Бачаровай. А праз шэсць гадоў выйшаў у свет цудоўна ілюстраваны альбом-каталог выстаўкі абодвух мастакоў, падрыхтаваны дацэнтам БДУ Аленай Смірновай (унучкай З.А. Астаповіч-Бачаровай) і супрацоўнікамі музея Надзеяй Усавай ды Валянцінай Вайцэхоўскай (да 100-годдзя А.Астаповіча). Да сённяшняга дня гэты каталог застаецца самай грунтоўнай крыніцай для вывучэння жыцця і творчасці нашых выдатных землякоў - Аркадзя і Зінаіды Астаповічаў. Але зараз я распавяду толькі пра Аркадзя Антонавіча, які па-сапраўднаму з'яўляецца класікам нашага мастацтва, адным з тых, хто заклаў вельмі моцны фундамент у даваенны пласт беларускай нацыянальнай графікі.

...Так здарылася, што Аркадзь Астаповіч, нарадзіўшыся ў Мінску, пайшоў адсюль і на сваю смерць. Сыходзіў ён з горада ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны: 45-гадовы старшы лейтэнант запасу пайшоў на фронт дабраахвотнікам. За пару дзён да ўваходжання немцаў у Мінск ён пакінуў жонку і двух сыноў у сям'і свайго былога вучня ў вёсцы Каралёў Стан. Потым прайшоў пешкі каля 300 кіламетраў на ўсход і злучыўся з ацалелымі часцямі Чырвонай Арміі. Але толькі тры месяцы паспеў праваяваць у 111-м асобным батальёне 6-й стралковай дывізіі. 23 верасня 1941 года, у дзень нараджэння сваёй сястры, мастак загінуў смерцю храбрых у кровапралітнай бітве ля вёскі Рухава-Буды пад горадам Арлом. Сястра мастака Зінаіда Антонаўна атрымала пахавальную за подпісамі камандзіра батальёна, ваеннага камісара Шалудзько і начальніка штаба Шулякоўскага. Да сённяшняга дня так і не вядомае месца яго пахавання...

А вось дакладнае месца нараджэння творцы (і яго сястры таксама) вядомае: гэта дом на рагу вуліц Магазінная (цяпер - вуліца Кірава) і Каломенская (сёння вуліца Свярдлова). Бацька - Антон Антонавіч, калежскі сакратар, потым - тытулярны саветнік, настаўнічаў у Мінскім чатырохкласным вучылішчы; маці - Марыя Ільінічна - займалася хатняй гаспадаркай і была таленавітай рукадзельніцай. Дарэчы, дзед будучага мастака лічыўся "майстрам карэтных спраў" і добра граў на скрыпцы. У 1890 годзе, калі Аркашу споўнілася чатыры гадкі, сям'я пакінула Мінск. Спачатку атабарыліся ў Рэчыцы (тады - Мінская губерня), а ў 1906-м - пераехалі ў Гродна, дзе і пражылі да пачатку Першай сусветнай вайны. Як лічыла Зінаіда Антонаўна, "гродзенскі перыяд" быў для ейнага брата "адным з самых шчаслівых і самых дабратворных у жыцці".

Пачатковую адукацыю Аркадзь атрымаў у Гродзенскай мужчынскай гімназіі, дзе лічыўся "першым вучнем", скончыўшы яе ў 1914 годзе з залатым медалём. Захаваўся альбом малюнкаў алоўкам, які ён вёў у гэтай гімназіі ў 1913-м. Тады яму было ўсяго сямнаццаць. Зразумела, за плячыма ніякага досведу, але па гэтых малюнках можна зрабіць выснову, што выкладанне выяўленчага мастацтва тут вялося на вельмі высокім узроўні. На жаль, імёнаў выкладчыкаў я не ведаю, але па вучнёўскіх накідах Астаповіча можна лічыць, што педагогі (ці педагог) былі добрыя. Прынамсі, такія малюнкі, як "Вуліца ў Гродне", "Гарадскі пейзаж", "Від з акна", "Вясковы краявід", "Дрэвы пад націскам моцнага ветру", "Тэлеграфныя слупы на галоўнай вуліцы губернскага горада", сёння цалкам маглі б экспанавацца на любой нашай рэспубліканскай выстаўцы графікі, бо выкананы яны па-сапраўдн/i/content/pi/cult/370/7183/2-2.jpegаму артыстычна, з эфектнай растушоўкай, з віртуознай штрыхоўкай. Ды і кампазіцыя ў гэтых аркушах - даволі выразная.

Пасля смерці таты ў лютым 1914 г. сям'я пераехала да сваякоў у Пецярбург, які хутка, на пачатку вайны, стаў Петраградам. Аркадзь і Зіна пасяліліся ў кватэры № 29 на Кацярынінскім канале, дом № 12. І неўзабаве Аркадзь стаў студэнтам Політэхнічнага інстытута на аддзяленні караблебудавання. Адначасова ён пачаў займацца ў Рысавальнай школе Таварыства заахвочвання мастацтваў, дырэктарам якой быў колішні педагог Шагала - Мікалай Рэрых. А непасрэднымі настаўнікамі ў Аркадзя былі Іван Білібін - цудоўны ілюстратар і сцэнограф, "чалавек вялікай культуры, сімпатычны і дзелавіты" - ды Альфрэд Эберлінг, вучань Рэпіна, жывапісец і графік, у будучым - адзін са стваральнікаў ленінградскай школы жывапісу. Яшчэ быў настаўнік Павел Навумаў, таксама цікавы мастак, дарэчы, сябра Ясеніна, з якім ён у 1916 годзе служыў санітарам у лазарэце Феадораўскага гарадка ў Царскім Сяле. Як успамінала Зінаіда Антонаўна, маючы на ўвазе "петраградскі перыяд" жыцця, "...гэта быў светлы час, калі мы былі маладыя, поўныя надзей і энергіі", перыяд захаплення тагачаснымі мастакамі "Мира искусств", класіками рускай літаратуры, Сярэбраным векам, французскімі паэтамі-сімвалістамі: "Брат быў вельмі эрудзіраваным чалавекам і ў галіне выяўленчага мастацтва, і ў галіне музыкі, літаратуры, паэзіі. З ім было цікава, стасункі з ім узбагачалі. З мастакоў любіў Левітана і вельмі многіх іншых старых і новых майстроў. З паэтаў - Пушкіна, Цютчава, Ясеніна, Верхарна..."

Але доўга займацца Астаповічу ў школе не давялося. Праз паўтара года ён быў мабілізаваны ў армію для паскоранага праходжання курса інжынераў-сапёраў, так што нейкі час давялося паслужыць у сапёрным батальёне. А тут грымнула рэвалюцыя, і Астаповіч перайшоў на бок бальшавікоў, апынуўшыся ў часцях Чырвонай Арміі ў Харкаве. Так атрымалася, што ў час воінскай павіннасці малады ваенны інжынер змог у гэтым горадзе, тагачаснай сталіцы Украіны, займацца і ў мастацкай студыі. Невядома, у каго тут мастак вучыўся. Але захаваўся адзін твор, падораны Астаповічу ад нейкага педагога студыі (школы), у якім ёсць такі надпіс ад 14 красавіка 1922 года: "Добраму і слаўнаму вучню майму А.А. Астаповічу на ўспамін аб харкаўскіх днях, якія праведзены ў цеснаце, ды не ў крыўдзе, ад яго адрахлелага настаўніка". Подпіс - неразборлівы. Магчыма, менавіта ў Харкаве Астаповіч на кароткі час захапіўся супрэматызмам, пра што сведчаць некалькі яго "Супрэматычных кампазіцый", хаця паралельна пісаў акварэллю, свінцовым алоўкам, тушшу і зусім рэалістычныя работы кшталту "Гарадскі дворык", "Зімовы краявід", "Узлесак", "Ветраны дзень", "Залатая восень", "Дрэвы, асветленыя сонцам", "Лес", "Дрэвы ля дарогі". Але ў гэты перыяд улюбёнай тэхнікай у яго становіцца чорная акварэль, якую творца тонка спалучае з жывапіснай штрыхоўкай тушшу, экспрэсіўна і шырока пакладзенай на акварэльны падмалёвак.

У 2-й палове 1922-га Астаповіч дэмабілізуецца і вяртаецца ў Беларусь, але не ў Мінск, а на радзіму бацькі - у вёску Навасёлкі Мінскай губерні, якая стала для яго - да 1929 года - "і храмам, і майстэрняй", і месцам, дзе, акрамя творчасці, ён у мясцовай сямігадовай працоўнай школе выкладае маляванне, чарчэнне і... матэматыку (вось дзе спатрэбіліся веды, атрыманыя ў Петраградскім політэхнічным інстытуце!). Тут жа, у Навасёлках, у 1924-м бярэ шлюб са сваёй стрыечнай сястрой - дачкой мясцовага святара і вясковай настаўніцай Нінай Рыгораўнай Якубовіч, якая была старэйшая за мастака на сем гадоў (памерла ў 1963-м). Але ўсё здарылася па вялікім каханні, вынікам якога сталі сыны Арсен і Валянцін, што, на жаль, не дажылі да сённяшняга дня.

"Навасёлкаўскі перыяд" жыцця Астаповіча можна па праве лічыць найлепшым у ягонай творчасці, бо менавіта ў 20-я гады ён стаў тым пейзажыстам-наватарам, што назаўсёды павінен увайсці ў першую пяцёрку лепшых даваенных графікаў Беларусі. Хаця і пазней, у 30-я, ён стварыў у галіне пейзажнага жанру некалькі акварэльных серый лірыка-паэтычнага характару. Але пра гэта ніжэй. Так, у Навасёлках у творчасці майстра з'яўляецца тая знакамітая Астаповічава чорная акварэль-туш, з якой заўсёды асацыіруецца імя аўтара. "Мой жыццёвы шлях канчаткова вызначыўся, і далейшыя змены ў ім могуць адбыцца толькі пад уплывам стыхійных сіл...", - піша ён да сястры 9 верасня 1924 г. "Стыхійныя сілы" з'явяцца трошкі пазней, калі ён пераедзе ў Мінск...

Упершыню творы мастака экспанаваліся на Першай Усебеларускай мастацкай выстаўцы напрыканцы 1925-га, якая адбылася ў Мінскім камуністычным універсітэце па Універсітэцкай вуліцы, 27. Па сутнасці, гэта быў першы буйны агляд усіх творчых сіл, што тады працавалі ў Беларусі, і, як пісала прэса,
"...момант першага знаёмства мастакоў і збліжэння паміж сабой і першага з імі знаёмства працоўных мас Савецкай Беларусі". У экспазіцыі вялікае месца заняла графіка. З 1115 твораў амаль палова была выканана ў розных графічных тэхніках: ад малюнкаў тушшу А.Астаповіча, В.Дваракоўскага і Г.Змудзінскага да лінарытаў А.Тычыны, А.Вало і ксілаграфій М.Аксельрода і П.Гуткоўскага. З той пары Астаповіч, уключна па 1932-і, прымаў удзел і ў наступных чатырох Усебеларускіх выстаўках...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"