Адкуль на Клімавіччыне латышскае піва?

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Выпадкаў, калі ўраджэнцы Беларусі, а часцей — іх нашчадкі не проста наведваюць сваю Радзіму, але і прывозяць каштоўныя гістарычныя матэрыялы, сёння стала ўжо даволі шмат. У гэтым шэрагу ёсць і тыя, хто паходзіць з Клімавіцкай зямлі.

/i/content/pi/cult/370/7182/1-2.gif

У прыватнасці, Аляксандр Малышэнка, які сёння жыве ў расійскім Томску, правёў вялікую работу па зборы краязнаўчых матэрыялаў пра вёску Галіч Клімавіцкага раёна і вярнуў з нябыту забытыя імёны сваіх землякоў. Вялікай дапамогай яму ў гэтым сталі... рэвізскія казкі навакольных вёсак за 1811, 1834 і 1858 гады.

Што ж гэта такое - рэвізскія казкі? Гэта спісы насельніцтва Расійскай імперыі XVIII - XIX стст., якія складалі пад час, як вынікае з назвы, рэвізій. У сваю чаргу, апошнія (а іх за ўвесь час існавання падобнай дакументацыі ўсяго было зроблена дзесяць) адбываліся з увядзеннем падушнага падатку. Кожная з "рэвізскіх душ" улічвалася да наступнай рэвізіі, нават у выпадку смерці чалавека.

Аляксандр Максімавіч па выніках сваіх даследаванняў выслаў Клімавіцкаму краязнаўчаму музею рэвізскія казкі. Дзякуючы ім нашы суайчыннікі могуць атрымаць звесткі пра сваіх продкаў.

Да прыкладу, адна з апошніх знаходак выявіла наступны цікавы факт, звязаны з уладальнікамі маёнтка Галіч. Так, у 1811 і 1834 гг. маёнтак належаў штабс-капітану Івану Краеўскаму, у 1858-м перайшоў да паручніка Паўла Калечыцкага, а з 1858 г. яго гаспадаром стаў Вікенцій Каміёнка. Менавіта апошні запрасіў з Латвіі для вядзення гаспадаркі 60 тамтэйшых сем'яў. Латышы пераехалі на новае месца з усёй сваёй маёмасцю. Цягам дзесяцігоддзяў яны захоўвалі свае нацыянальныя традыцыі... Цікава, што ў 1924-м на тэрыторыі раёна ўтварыўся так званы латышскі савет.

У фондах Клімавіцкага краязнаўчага музея захоўваюцца прадметы ткацтва з вёсак Галіч, Фядотава Буда, у матывах арнаменту якіх спалучаюцца мясцовыя і нацыянальныя латышскія асаблівасці. Акрамя таго, латышы славіліся ва ўсёй акрузе і ўменнем варыць піва. Рэдкае вяселле, ды і іншыя сямейныя святы, абыходзілася без гэтага адметнага напою.

Людміла АНДРУШКОВА, дырэктар Клімавіцкага краязнаўчага музея

На здымку: узор старонкі з рэвізскай казкі 1858 г.