Пра дачку каваля

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

У музеі “Замкавы комплекс “Мір” — у зале пад назвай “Яўрэйскае гета ў Мірскім замку” — прадстаўлены фотаздымак Соф’і Ермаловіч. Менавіта яна ў гады Вялікай Айчыннай вайны са сваім мужам Ігнатам, рызыкуючы жыццём, лёсам сваіх родных, ратавала ад смерці мірных жыхароў, каму наканавана было загінуць ад куль фашыстаў у гета.

9 лістапада 1941 г., у дзень жудаснай трагедыі, калі амаль 1500 яўрэяў было расстраляна непадалёк ад Мірскага замка, сям'я Ермаловічаў здолела выратаваць ад смерці шэсць чалавек, схаваўшы іх у сваім свірне. Сярод уратаваных была дзяўчына Цыля Капялевіч, бацька якой, Хоня, да вайны працаваў у Міры кавалём. Жывучы па-суседску, Цыля неаднойчы бывала ў хаце Ермаловічаў. Але гэтым разам яна прыйшла не па малако, як раней, да вайны, а - з надзеяй выратавацца. Перачакаўшы колькі дзён у свірне, яўрэі, якіх не знайшлі гітлераўцы (а вобыскі праводзіліся пастаянна), вярнуліся ў гета, што вясной 1942 г. было пераведзена ў Мірскі замак, дзе праіснавала тры з паловай месяцы.

Улетку сярод вязняў была створана група супраціўлення з васьмідзесяці чалавек. Ёю кіраваў Освальд Руфайзен - 20-гадовы яўрэйскі юнак, які выдаў сябе за выхадца з польска-нямецкай сям'і. Ён выдатна валодаў нямецкай мовай, таму быў прыняты ў паліцыю перакладчыкам. Звесткі пра карныя аперацыі Руфайзен выкарыстаў для выратавання яўрэяў, асуджаных на знішчэнне. Менавіта з яго дапамогай быў распрацаваны план уцёкаў. 9 жніўня 1942 г. пакінуць гета здолелі амаль 300 чалавек. Сярод іх была і Цыля. Цягам трох дзён яна блукала па лесе, без вады і ежы, і толькі зразумеўшы, што засталася зусім адна, вырашыла вярнуцца ў Мір па дапамогу. Соф'я і Ігнат Ермаловічы і цяпер не пакінулі яе ў бядзе. Схавалі, накармілі, далі вопратку і абутак. І толькі на досвітку Ігнат правёў Цылю ў лес, дзе пашчасціла знайсці партызанскі атрад братоў Бельскіх...

Пасля Перамогі дзяўчына вярнулася ў Мір і нізка пакланілася тым, хто дапамог ёй выжыць у гады вайны. А пасля выехала ў Паўднёвую Афрыку да сваякоў - шукаць шчаслівай долі. Пазней разам са сваёй сям'ёй пераехала ў Ізраіль, але сувязь з беларусамі падтрымлівала.

Подзвіг жыхароў Міра не застаўся забытым. 26 лістапада 1995 г. Нацыянальны Мемарыял Катастрофы і Гераізму Яд ва-Шэм у Ізраілі прызнаў Ігната і Соф'ю Ермаловічаў Праведнікамі народаў свету. Яны - у ліку 555 беларусаў (даныя па стане на 1 студзеня 2011-га), каму нададзена гэтае званне.

Вольга НАВІЦКАЯ, загадчык сектара па навуковай рабоце музея "Замкавы комплекс "Мір"