Канцэпт Скарынавай графікі

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Кожны, хто так ці інакш знаёміўся з кнігамі, выдадзенымі нашым славутым Францыскам Скарынам, звяртаў увагу не толькі ўласна на тэкст, але і на аздабленне, у першую чаргу — на разнастайныя гравюры. Некаторыя даследчыкі, сярод якіх — і супрацоўнік Эрмітажа Барыс Сапуноў, выказвалі гіпотэзу аб тым, што аўтарам асобных гравюр у кнігах Скарыны з’яўляецца сам першадрукар.

/i/content/pi/cult/370/7179/1-1.jpeg

На жаль, пакуль можна лічыць бясспрэчным толькі яго інтэлектуальнае аўтарства асобных дрэварытаў ды ініцыялаў. Доказам гэтага з'яўляюцца дэталі двух ініцыялаў, сімволіка якіх узыходзіць да "Кнігі літар". Знаёмства тагачасных мастакоў з гэтым фаліянтам цалкам выключана. Напрыклад, толькі вядомы нюрнбергскі гуманіст Піркгеймер, з якім з дзяцінства сябраваў Дзюрар, мог параіць яму выкарыстаць на гравюры "Меланхолія" выяву сімвала органа пачуццяў (цвік). У адрозненне ад Піркгеймера і Скарыны, адукацыйны ўзровень мастакоў (найперш - лінгвістычны) выключаў магчымасць самастойнага вывучэння складаных трактатаў Мірандолы, Агрыпы і Рэйхліна, прысвечаных "Кнізе літар".

Згодна з гэтай кнігай яўрэйскіх гностыкаў, якой захапляліся італьянскія і нямецкія гуманісты, літара "Ш" сімвалізуе зубы, імя Бога (Шадай) і бездакорную артыкуляцыю вымаўляемага Слова. Менавіта выявы дзвюх ніжніх сківіц чэрапа, зубы якіх больш падобныя да расчоскі, змешчаны ў верхняй частцы ініцыяла літары "Амега" над выявай аголенай жанчыны (ісціна). Характэрны сківічны сілуэт загнутых "ручак" правай "расчоскі" цалкам выключае магчымасць памылкі. Парнасць выяў сківіц, падобная да парных адлюстраванняў гарбузоў на ініцыялах літар "Т" і "I", указвае на дваістасць боскай і чалавечай ісціны (так званыя Нябесны Іерусалім і зямныя Афіны, мудрасць Саламона і Арыстоцеля). На два гарады ўказваюць выявы гарбузоў.

У верхняй частцы ініцыяла літары "Мыслеце" з выявай купальшчыцы адлюстраваны старажытнаегіпецкі акрылены сонечны шар з дзвюма змеямі. Згодна з "Кнігай літар", асобныя элементы гэтай выявы сімвалізуюць літары - з іх складаецца імя Бога "Іеве". Літара ж "М" сімвалізуе ваду і таямніцу. Бясформеннасць Абстрактнага Творцы Сусвету атаясамлівалася з бясформеннасцю вады (Мора). Невыпадкова таямнічая Божая ісціна метафарычна параўноўвалася з Вадой, якую цяжка ўтрымліваць паміж пальцамі далоні.

Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА

Гомель

На ілюстрацыі: літара "М" з кнігі першадрукара.