Харэаграфія пачынаецца на месцах

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Ці сапраўды сышоў глядач з танцавальнага “рынку збыту” краіны?

/i/content/pi/cult/370/7176/1-1.jpeg

Харэаграфія мінулым тыднем апынулася ў цэнтры ўвагі дзеячаў культуры і ўсіх зацікаўленых. Тут і калегія Міністэрства культуры, прысвечаная, у тым ліку, яе праблемам, і, акурат праз тры дні, "Фэст эстраднага танца", што сабраў калектывы з розных куткоў Беларусі ў Маладзёжным тэатры эстрады. Яго вынікі, дарэчы, былі настолькі непрадказальнымі, што абмеркаванне за "круглым сталом" і ў кулуарах доўжылася ледзь не да поўначы. Хаця... "Пра што тут спрачацца?" - запытаюць тыя, хто ўсё яшчэ думае, што эстрадныя танцы - гэта адно праславутая "падтанцоўка" за спінамі "зорак". Насамрэч, названая з'ява - куды больш шырокая. І пытанняў тут узнікае - процьма.

Куды павінен рухацца эстрадны танец? У масы, на дыскатэку ці - у бок "высокага мастацтва"? І што ў ім галоўнае? Эмоцыі, трукі, энергетыка, рухі? Ці, можа, сюжэт? А дзе ўсяму гэтаму навучыцца? І ў каго? Нарэшце, наколькі нашы танцавальныя па на эстрадзе адпавядаюць сусветным кірункам?

Пытанні можна працягваць да бясконцасці. Паспрабуем разабрацца.

Дык вось ты які,

эстрадны танец!

- У мяне склалася ўражанне, - кажа прадзюсар Уладзімір Кубышкін, - што гэтая галіна знаходзіцца на этапе стагнацыі. Эстрадны танец ледзь не цалкам (калі, зразумела, ахопліваць яго айсберг агулам, а не адно толькі вяршыню) трымаецца на энтузіязме. Для аматарскага ўзроўню - нармальна, нават "прыкольна". Але, прабачце, за грошы я б гэта не прыдбаў - кажу вам як прадзюсар. Бо павінна быць высакаякаснае шоу з добрымі, арыгінальнымі касцюмамі. І галоўнае - з новымі ідэямі. Танцаваць на эстрадзе трэба - модна! Артыстычна, стыльна, з сучаснымі рухамі, а не ў духу мінулых дзесяцігоддзяў. Важна ўсё: фігура, фактура, рост. У тым жа балеце, які суправаджае эстрадных спевакоў, запатрабаваны танцоўшчыкі з рознымі прыроднымі данымі. Камусьці патрэбны невысокія артысты, камусьці - пад два метры. Бо разам з салістам яны павінны глядзецца гарманічна, прыгожа, эстэтычна. Давайце, нарэшце, сур'ёзна ставіцца да эстраднай харэаграфіі! Тыя спевакі, якія гэта зразумелі, - на вышыні...

З такой "ансамблевай" функцыяй эстраднага балета згодны не ўсе. Вядома, ён не можа вычэрпвацца адно падтанцоўкамі! Але ж у чым выйсце?

- Эстрадны танец, у адрозненне ад сучаснай харэаграфіі, - мяркуе адна з заснавальніц гэтага кірунку ў Беларусі Людміла Яфрэмава, - павінен быць сюжэтным. Сышоў з эстрады сюжэт - сышоў і глядач...

З такім пунктам гледжання можна, вядома, і не пагадзіцца. Сапраўды, чаму трэба прымусова вяртаць танец у межы адно харэадрамы - пераказу літаратурнага сюжэта? Няўжо танец усё яшчэ "не дарос" да таго ўзроўню самастойнасці, калі яго каштоўнасць будзе вымярацца ўласна харэаграфіяй - энергетыкай, прыгажосцю, пластычнасцю ці, наадварот, графічнасцю рухаў?

- Справа не ў сюжэце, - разважае чэмпіёнка свету па ўсходнім танцы і фламенка Алена Грынчык, больш вядомая пад псеўданімам Ясмін, - а ў тым, каб было цікава. Каб гэта было прыгожа, эстэтычна. Каб хацелася глядзець!..

Але ці праводзіў хто маніторынг, якія танцы хоча бачыць публіка? І ці праўда, што яна заўсёды мае рацыю?..

Мадэрн - "руліць"

На "Фэсце эстраднага танца", дарэчы, журы вызначала пераможцаў не па месцах (першае, другое, трэцяе), а па творчых намінацыях. Уладальніка ж Гран-пры вызначылі па выніках галасавання, што адбывалася ў зале: на ўваходзе гледачы атрымлівалі спіс удзельнікаў, а потым здавалі яго з пазначаным лепшым нумарам. Хто, вы думалі б, перамог? Віцебская студыя "Паралелі", схільная да мадэрна і зусім не эстрадная - у агульнапрынятым сэнсе гэтага слова.

Можа, таму, што яны прадставілі ажно чатыры нумары? І перамаглі, такім чынам, па колькасці. Ці таму, што ў іх выступленні мінская публіка ўбачыла штосьці для сябе новае, незвычайнае - у параўнанні з тым, што яна бачыць звычайна? Напярэдадні ж былі перасцярогі, а ці зразумеюць іх у эстрадным атачэнні ўвогуле?

Але публіка свой выбар зрабіла. І аказалася зусім не адзінокай на фоне глядацкіх аўдыторый нашых суседзяў. Не толькі ў Польшчы ды іншых заходніх краінах, але і ў той жа Украіне развіццё найсучасных танцавальных напрамкаў ідзе куды больш імкліва, чым у нас. Праграміст Сяргей Паяркоў, які колькі часу танцаваў у мінскім гурце "Каракулі", вярнуўся з Украіны, дзе ўдзельнічаў у тэлешоу "Танцуюць усе!":

- Тэлебачанне здольнае вельмі хутка зрушыць сітуацыю з мёртвай кропкі. Калі ў самы рэйтынгавы час на экранах у поўным сэнсе слова "танцуюць усе", дык і глядач хоча займацца тым жа. У нас жа пакуль менш развіты, калі можна так сказаць, "рынак збыту". Падобны тэлеконкурс таксама ў свой час праводзіўся, але ён не набыў таго размаху і маштабнасці. Кожны з тых, хто займаецца эстрадным танцам, існуе сам па сабе. І не заўсёды цікавіцца тым, што адбываецца навокал. Інфармацыі ж сёння - мора. У тым ліку - дзякуючы Інтэрнэту. Але ж ці ўсе ёй цікавяцца? Ці ўсе імкнуцца яе неяк асэнсаваць і пераасэнсаваць? Здараецца, проста "пазычаюць". Але плагіят і творчае развіццё ідэі - рэчы прынцыпова розныя. Назіраючы за тым, як працуюць некаторыя гурты, можна заўважыць адсутнасць цікавай, арыгінальнай лексікі, немузычнасць у пастаноўках: музыка - змянілася, а яны працягваюць танцаваць, быццам нічога не здарылася. Ці наадварот: музыка паўтараецца, а танцоры гэтага быццам не заўважаюць. Так бывае, калі танец ставіцца "адасоблена", нібы сам па сабе, таму і спалучаецца хіба з рытмам, а не з формай. Але ж важна ўсё - у комплексе!..

Уменне рухацца набывае ў галіне харэаграфіі дадатковы сэнс. І наўпрост звязана з тым кірункам, у якім збіраюцца (ці, можа, не збіраюцца ўвогуле) рухацца артысты.

- На мой погляд, - кажа кіраўнік Тэатра танца "Каракулі" Вольга Лабоўкіна, - вулічныя танцы развіваюцца нашмат інтэнсіўней. Бо іх мастацтва адкрыта для ўсіх, яны маюць магчымасць сачыць за тым, што робяць іх калегі і "канкурэнты": нешта "падглядаць", пераймаць адно ў аднаго. Гэта, можа, і спантанны, але той неабходны абмен вопытам, якога, бывае, так бракуе іншым "стацыянарным" гуртам. Бо нават на ўзроўні ідэі штосьці можа так захапіць, што ты пачнеш гэта развіваць зусім у іншы бок - у тым кірунку, у якім ты працуеш. І гэта ўжо сам па сабе рух наперад!..

Разуменне "мадэрна" ў найшырокім значэнні слова як "новага мастацтва" - вось тое, чаго, здараецца, бракуе нашым харэографам і кіраўнікам гуртоў. А між тым, здаровая прага да навінак даўно ўжо стала не толькі адным з законаў развіцця мастацтва, але і самім паказчыкам узроўню развіцця ў пэўнай галіне. Можна колькі заўгодна кпіць, што, маўляў, на тым жа "Еўрабачанні" даўно ўжо не ацэнваюць ні ўласна спевакоў, ні саму песню, але і яе атачэнне, дзе пастаноўка нумара займае адно з першых месцаў.

- Штогод, дасылаючы ўдзельнікаў на дзіцячае "Еўрабачанне", - кажа прадзюсар тэлеканала "Беларусь 2" Людміла Барадзіна, - мы імкнёмся чымсьці здзівіць спрактыкаваную еўрапейскую публіку. Таму звяртаемся да розных харэографаў, каб штогод быў розны творчы почырк, нейкія навінкі у відовішчным афармленні песні. Бо патрэбны не толькі традыцыйныя прыёмы (без традыцый у мастацтве, як вядома, абысціся немагчыма: гэта адзін з неабходных складнікаў яго развіцця), але і новы погляд, нечаканыя рашэнні - нетрадыцыйны падыход. Часта заўважала, што нейкія харэаграфічныя ідэі даюць штуршок фантазіям і самога дзіцяці. Яно таксама пачынае прапаноўваць нешта новае, гэты творчы імпульс пазітыўна адбіваецца і ўласна на спевах. Аляксандр Мяжэнны, Вольга Шамрова, Алеся Ткачонак, Мікалай Дудчанка - у кожнага свая "разыначка". Памятаю, як уразіла мяне Наталля Чарнюк з Віцебска: да адборачнага тура, які праходзіў у гэтым горадзе, усяго за гадзіну яна паставіла з дзецьмі ажно дзесяці розных гуртоў агульную фінальную кампазіцыю. Увогуле ж, нават па тых песнях, якія штогод вылучаюцца на адбор да "Еўрабачання", заўважна, наколькі больш сур'ёзна пачалі ставіцца да харэаграфіі на месцах. Кожны юны спявак прыязджае з гатовым нумарам, і ўзровень харэаграфіі - штогод расце.

У танцоры я пайду -

 хай мяне навучаць!

Тым не менш, харэографаў у нас катастрафічна не хапае. Рэдка сустрэнеш у Беларусі рэгіён, дзе мясцовыя ўлады ў галіне культуры не скардзіліся б на недахоп, а то і ўвогуле на адсутнасць пастаноўшчыкаў.

Не ўсё ў нас ідэальна і на ўзроўні падрыхтоўкі танцораў. Калі класіка і народны танец маюць добра распрацаваную метадычную глебу, дык як выкладаць найсучасныя кірункі? Тым больш, што з'яўляюцца яны хутка, адзін за адным.

- Павышаць кваліфікацыю даводзіцца пастаянна, - падкрэслівае выпускнік БДУКіМ Аляксандр Зенчанка, які цяпер ўзначальвае мазырскую балет-студыю "Алексіс". - Увесь час у свеце з'яўляецца штосьці новае, і трэба быць у курсе. Стараюся больш ездзіць, выкарыстоўваю кожную магчымасць. Вядома, майстар-класаў і абмену вопытам шмат не бывае. Дапамагае і Інтэрнэт. Галоўнае - было б жаданне! Праўда, бывае яно не ва ўсіх - мяркую нават па сваіх артыстах. "Кантынгент", як сказалі б, у нас - асаблівы: гэта не студэнцтва, якое стамілася сядзець на лекцыях і рада "размяць косткі"; удзельнікі нашага калектыву - у асноўным, з Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, якія прыходзяць у танцавальную залу пасля змены. І мы хочам, каб яны яшчэ і тут працавалі, выкладаліся на ўсе сто! І ўвесь час развучвалі штосьці новае. Бывае, хтосьці адмаўляецца: маўляў, я ўмею танцаваць у пэўным стылі, мне падабаецца - нічога новага мне не трэба. А бывае і наадварот: маўляў, хачу танцаваць, як гэты ці гэты. Убачыў па тэлевізары ці ў Інтэрнэце - і запаліўся. Так што даводзіцца ўлічваць усе варыянты. Да нас не прыходзяць, каб вучыцца "для сябе" і надалей танцаваць адно на дыскатэках. Не, яны прагнуць выступаць! Іх прыцягвае сцэна! А для дыскатэкі, маўляў, не мае значэння, ці ўмееш ты танцаваць увогуле. Галоўнае, каб табе было добра, і іншым з табой таксама было б, па меншай меры, няблага. Увогуле ж, праблема невялікіх па колькасці насельніцтва гарадоў у тым, што і танцораў у іх мала, і сцэнічных пляцовак, на якіх можна выступіць, не так многа...

Танцаваць павінны ўсе! Так лічылася здавён, і ўменне танчыць нават прыраўноўвалася да добрых манер і ўмення паводзіць сябе ў грамадстве. Сёння ўсе з настальгіяй узгадваюць, як яшчэ колькі гадоў таму пачатковае харэаграфічнае навучанне існавала ледзь не ў кожнай агульнаадукацыйнай школе. Шмат было і школ з адпаведнымі эстэтычнымі ўхіламі. Цяпер усё гэта - платныя факультатывы, і адоранае дзіця можна проста не заўважыць, калі бацькі не прывядуць яго на заняткі. А між тым, менавіта дзякуючы колішняму "харэаграфічнаму ўхілу", мы маем сёння найталенавітага Віталя Моўчана, які неаднаразова станавіўся лаўрэатам найпрэстыжных конкурсаў, працуе ў Маладзёжным тэатры эстрады і шмат робіць для папулярызацыі эстраднага танцавальнага мастацтва.

- Тым, хто працуе з дзецьмі, - раіць Людміла Барадзіна, - трэба часцей вучыцца... у саміх дзяцей. Памятаю, як на першым "Еўрабачанні", у якім мы ўдзельнічалі, беларускую дэлегацыю запрасілі на вечарыну, і нашы Волечка Сацюк і Яна Гузеева танцавалі там так, што ад іх немагчыма было адарваць вачэй! Усе былі ў захапленні! А яны ж імправізавалі, а не паўтаралі завучаныя рухі. Дзятву трэба вучыць не толькі ўласна танцам, але і імправізацыі. А яшчэ лепш - не перашкаджаць ім выяўляць у танцы, у нязмушаных рухах і пластыцы, сваю індывідуальнасць. Заўважыць гэтую індывідуальнасць - і развіваць надалей, абапіраючыся на сучасную стылістку. Тады ў нас будуць найвысокія дасягненні ва ўсіх сферах, уключаючы найноўшыя эстрадныя танцавальныя кірункі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"