"Пелапанэс" у Нацыянальнай

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

23 сакавіка ў рамках святкавання Дня Незалежнасці Грэчаскай Рэспублікі ў атрыуме 2-га паверха Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося ўрачыстае мерапрыемства “Пад небам Грэцыі Свяшчэннай…”.

Яго арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная бібліятэка краіны, Беларускае грамадскае аб'яднанне грэкаў "Пелапанэс", Пасольства Грэчаскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі, якое ажыццяўляе дзейнасць і на тэрыторыі нашай краіны.

Па словах начальніка сацыякультурнага цэнтра НББ Радмілы Букач, у рамках мерапрыемства адбылася прэзентацыя кніжнай выстаўкі. На ёй прадстаўлены кнігі па гісторыі, сацыяльным і культурным жыцці Грэцыі.

Таксама гэтым днём у сценах "Нацыяналкі" распачала працу выстаўка грэчаскага мастака Паўла Дзімітрыядзі, была прадстаўлена экспазіцыя фотаматэрыялаў, у якую ўвайшлі 16 партрэтаў Герояў Нацыянальна-вызваленчага руху Грэцыі (1821 - 1833 гг.).

Напрыканцы мерапрыемства для ўсіх гасцей адбылася святочная канцэртная праграма з удзелам лаўрэатаў Рэспубліканскіх фестываляў нацыянальных культур - ансамбляў "Белыя крылы" (Маладзечна), "Алкесціда" і "Скавыш" (Мінск).

Ю.Ч.