Невядомы Лангбард

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Архітэктар Іосіф Лангбард надаў Мінску сапраўды сталічнае аблічча. Чатыры будынкі, узведзеныя паводле ягоных праектаў перад вайною — Дом Урада, Оперны тэатр, Акадэмія навук, Дом афіцэраў, — сталі ў архітэктурным сэнсе горадаўтваральнымі. На іх, як на маякі, арыентаваліся наступныя пакаленні, каму давялося будаваць галоўны праспект сталіцы.

Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння архітэктара. Прымеркаваная да юбілейнай даты выстаўка адкрыецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў першай палове красавіка. Арганізатары ставяць за мэту прадставіць "невядомага" Лангбарда: у экспазіцыі будзе не толькі творчая спадчына майстра, але яшчэ рэчы і дакументы, якія характарызуюць архітэктара як асобу.

Паводле слоў куратара выстаўкі Валянціны Вайцэхоўскай, Нацыянальны мастацкі музей прадастаўляе для экспазіцыі партрэт архітэктара работы Заіра Азгура. Да арганізацыі спрычыніліся Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі, Камітэт па архітэктуры і горадабудаўніцтве Мінгарвыканкама, Дзяржаўны музей гісторыі Санкт-Пецярбурга.

Архіў прадставіў праекты Лангбарда (спецыялістам яны вядомыя, шырокаму грамадству  - не надта), лісты да калег-архітэктараў і кіраўніцтва БССР, у якіх выказваецца заклапочанасць станам архітэктуры і будаўніцтва ў рэспубліцы; Пецярбургскі музей - дакументы, датычныя часу вучобы архітэктара у Імператарскай Акадэміі мастацтваў і ленінградскага перыяду ягонай творчасці. Акрамя таго, чакаецца, што ў экспазіцыі з'явяцца аўтографы і асабістыя рэчы архітэктара ад ягоных пецярбургскіх сваякоў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"