Важна, каб мары збываліся...

№ 42 (808) 20.10.2007 - 26.10.2007 г

Яна жыве, як умее, як падказвае ёй сэрца і пачуцці. Гарады, людзі, падзеі пакідалі свой след у яе свядомасці. А калі выходзіць на сцэну, з усёй адданасцю акунаецца ў чароўны свет мастацтва. Рэжысёры заўжды адзначалі яе незвычайнае ўменне кахаць і жыць на сцэне настолькі апантана і шчыра, што хочацца жыць і кахаць разам з ёй.

 /i/content/pi/cult/133/717/Lihachova.jpg
Заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова адзначае сёлета свой юбілей. За гады, што пражыла актрыса на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, не адно пакаленне гледачоў захаплялася яе майстэрствам. Аня ў “Вішнёвым садзе” А.Чэхава, Джульета ў “Рамэа і Джульеце” У.Шэкспіра, Ганна з “Сымона-музыкі” Я.Коласа, Данута з “Часу быка” К.Саі... і нядаўнія ролі: Смерць у “Ладдзі роспачы” У.Караткевіча, Люці ў “Люці” А.Дударава, Голда з “Памінальнай малітвы” Р.Горына...
Але сёння больш хацелася б пагаварыць з актрысай не пра сцэнічнае жыццё, але таксама вельмі важнае: пра сям’ю, сяброў, мары, тым больш, што Таццяна Ліхачова — чалавек, адкрыты гэтаму свету, яна з задавальненнем дзеліцца радасцямі свайго жыцця з тымі, хто ўмее слухаць і разумець.
“Я адношу сябе да людзей-жыццялюбаў. Можа быць, з гэтай прычыны мне ніхто не дае мой узрост. Ды і сябры мае з кожным годам усё маладзеюць. Бо ў асяроддзі маіх раўналетак ужо размаўляюць пра хваробы, таблеткі і ўколы. А я таблеткі не люблю — яны не смачныя, і ўколы не люблю — яны балючыя. І ўвогуле, да людзей трэба прыходзіць здаровым. Малады чалавек гэта не колькасць пражытых гадоў, а гэта бляск у вачах, энергія і прага да новага, цікавага і нязведанага.”
Таццяна Уладзіміраўна сцвярджае, што на людзей ёй шанцавала. І моманты прыемных сустрэч складваліся ў мазаіку яе жыцця. Першае каханне ў два з паловай гады, сябры і сяброўкі дзяцінства, многія з якіх побач і зараз.
Самая мая даўняя сяброўка Раечка да гэтага часу і ў радасці, і ў смутку побач са мной. Сяброўства наша пачыналася вельмі дзіўна. Я ў дзяцінстве была занадта рухавай і энергічнай, заўжды зацягвала Раечку ў розныя авантуры, а потым назірала за тым, як сварылася на яе мама і надта спачувала ёй. Калі мы падраслі і пачалі фантазіраваць пра сваю будучыню, яна сказала: “Буду доктарам”, на што я безапеляцыйна заявіла: “А я актрысай!” Так і атрымалася. І гэта вельмі важна, каб мары дзяцінства збываліся, — толькі тады ты можаш быць шчаслівым чалавекам”.
Сябры і прафесія — любімыя і адзіныя на ўсё жыццё. Маленькая Танечка зрабіла свой выбар, чым парадавала не толькі сябе, а і сотні гледачоў — прыхільнікаў таленту заслужанай артысткі Беларусі Таццяны Ліхачовай.
Я чалавек творчы ад пачатку і да канца, не люблю займацца тымі рэчамі, якія мне не цікавыя. Безумоўна, я не толькі іграю на сцэне, час ад часу даводзіцца вырашаць і побытавыя, і адміністрацыйныя пытанні — усе мы людзі соцыума. Але па-сапраўднаму жыць магу толькі ў сваёй стыхіі. Калі мне было ўжо за сорак, я ўпершыню вырашыла зазірнуць у гараскоп. Мы з Генам (Муж актрысы. — Г.Д.) вылічвалі, кім былі ў мінулым жыцці. Выявілася, што я была вандроўнай артысткай недзе паміж Венгрыяй і Балгарыяй. Мне так спадабалася гэтая версія, што я нават пачала верыць гараскопам. А Гена ў мінулым жыцці быў кітайскім шаўцом. Мы так доўга смяяліся з гэтага, хаця, сказаць па шчырасці, ён любіў і ўмеў падшыць абутак, ці нешта там падклеіць...
Успамінае пра мужа — заслужанага артыста Беларусі Генадзя Шкуратава — актрыса цёпла і светла. Шчыра кажучы, няёмка было закранаць гэтую тэму, бо зусім нядаўна Генадзя Васільевіча раптоўна не стала. Ды Таццяна Уладзіміраўна сама пачала гаварыць пра мужа. Успаміны гэтыя атрымаліся кранальнымі і шчырымі.
“Шкуратаў — самае вялікае каханне майго жыцця. Я не веру і ніколі не паверу ў тое, што ён пайшоў назаўжды. Адчуваю і ведаю, што ён недзе побач. Дома вельмі многа рэчаў нагадваюць пра яго. Ён апошнім часам шмат што рабіў дома і заўсёды казаў: “Ліхачова, гэта для цябе!” А яшчэ абяцаў мне ў двары паставіць лавачку, каб я сядзела на ёй і чакала яго з тэатра, а не бегала невядома дзе. На жаль, не паспеў...”
Пасля смерці мужа Таццяна Уладзіміраўна знайшла ў сабе сілы вярнуцца да жыцця, да сцэны, да людзей. Шмат у чым дапамаглі блізкія. Гэта і сяброўкі, якія рады тэлефоннаму званку і візіту ў любы час, бо дружба — паняцце “кругласутачнае”, два сыны і мама. Дзеці ўжо сталі дарослыя, у іх сваё жыццё, свае планы, але ў цяжкую хвіліну сям’я, вядома ж, была разам. А мама — гэта ўвогуле асаблівы чалавек у жыцці нашай гераіні.
“Мама — гэта наша душачка. Бывае, так хочацца ўдыхацца ў яе, увабраць яе цеплыню кожным сваім кавалачкам. Зараз яна побач са мной, і я вельмі радуюся гэтаму. Мама заўсёды была для мяне сяброўкай. Заўжды імкнулася мне нешта параіць, падказаць. Я ж па жыцці — як тойслонік з казкі Кіплінга: мне ўсё цікава, усё трэба паспрабаваць. А мамачка імкнулася зберагчы мяне ад небяспекі, за што я бясконца ёй удзячная, бо калі б не яна, невядома ў якія сітуацыі я магла патрапіць са сваёй дапытлівасцю і неўгамоннасцю”.
Магчыма, якраз тая самая неўгамоннасць і дае сілы і жаданне прагна піць гэтае жыццё, атрымліваючы асалоду ад кожнага новага дня. Бо Таццяна Ліхачова з ліку тых людзей, пра якіх гавораць “старасць дома не застане”.
Гэта і выдатна, бо яшчэ столькі ўсяго цудоўнага ёсць на свеце, пра што варта марыць і што абавязкова павінна здзейсніцца.

Ганна ДАШКЕВІЧ
Віцебск