Калекцыі пераможнай вясны

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

На выстаўцы “Пасляваенная вясна”, якая адкрылася ўчора ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўлены прадметы жаночага адзення і аксесуараў 1940 — 1960 гг.

/i/content/pi/cult/370/7168/2-4.jpeg/i/content/pi/cult/370/7168/2-5.jpeg

Дамскія сумачкі, капялюшыкі, жабо, парасоны, вееры, упрыгожанні... Агульная колькасць экспанатаў - больш за 600. Штосьці ўзята з музейных запаснікаў, але значная частка - з сямейных куфраў. Загадчык аддзела развіцця музея Тамара Курганава, якая спрычынілася да арганізацыі выстаўкі, нагадала, што падобныя культурныя акцыі з дапамогай грамады ўстанова ладзіць з 2009 года. Арганізатары звяртаюцца да мінчан на музейным сайце, у прэсе, у тым ліку - і праз старонкі "К", праз абвесткі ў метро, і людзі прыносяць рэчы з сямейных архіваў, з бабуліных ды матчыных куфраў. Плён такога супрацоўніцтва - і дадзеная экспазіцыя. Між іншым, некаторыя не перарываюць сувязі з установай з таго самага 2009-га.

Кожная рэч у экспазіцыі - не проста сведчанне часу, а, у пэўнай ступені, хроніка сэрца. Бо ў цяжкія пасляваенныя гады пантофлікі або капялюшык былі дарагім дарункам лёсу ці блізкага чалавека. Замшавыя сумачкі, капронавыя пальчаткі, срэбраныя пудраніцы, брошкі - гэта сведчанне таго, што жахі вайны не здолелі знішчыць у людзях прагу прыгажосці, знак таго, што жыццё - працягваецца.

На выстаўцы кожны зможа не толькі пабачыць пераможную вясну, але і адчуць яе водар: гэта духі "Красная Москва" фабрыкі "Новая заря". Можна таксама "прымерыць" модныя фасоны той пары і сфатаграфавацца ў "бабулінай сукенцы".

П.В.

На здымках: фрагменты экспазіцыі дэманструюць супрацоўніцы музея Алена Сямашка (на фота ўверсе)

і Настасся Наркевіч.

Фота Юрыя ІВАНОВА