Сяброўства часовым не бывае

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Мяркуецца, што ў маі адбудуцца Дні культуры Катара ў Беларусі.

Як паведамілі "К" у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, 21 сакавіка па ініцыятыве Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Дзяржавы Катар у Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь Ахмеда С.Аль-Мідадзі адбылася сустрэча з ім міністра культуры нашай краіны Паўлам Латушкам.

Цягам перамоў абмяркоўваліся пытанні беларуска-катарскага культурнага супрацоўніцтва. Яго пачатак быў закладзены ў мінулым годзе - пад час жнівеньскага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Дзяржаву Катар. Менавіта тады была дасягнута дамоўленасць аб арганізацыі Дзён культуры Беларусі ў Катары. Прайшлі яны, як вядома, 7 - 9 сакавіка 2012-га.

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка падзякаваў катарскаму боку за падтрымку нашай творчай акцыі. Сяброўства часовым не бывае, таму на сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць наладжвання Дзён культуры Катара ў Беларусі. Мяркуецца, што яны адбудуцца ў маі з удзелам міністра культуры і гістарычнай спадчыны Катара Хамада бен Абд аль-Азіз аль-Кувары. Плануецца падпісанне праграмы культурнага супрацоўніцтва паміж урадамі абедзвюх краін.

Сустрэча яшчэ раз пацвердзіла: бакі зацікаўлены ў далейшым умацаванні сяброўства, у яго рознабаковым культурным развіцці.

Наш кар.