Графскі тытул? З лёгкасцю!

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Міжнародны дзень тэатра як нагода для прэм’еры — пад такім дэзізам ужо не першы год сустракае прафесійнае свята Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. 25 сакавіка там стартуе новая пастаноўка аперэты "Граф Люксембург" Феранца Легара.

/i/content/pi/cult/370/7165/2-3.jpeg

Рыхтуючы сцэнаграфію, Любоў Сідзельнікава і сапраўды пабывала ў Парыжы - праўда, з іншай прычыны: каб адкрыць сваю выстаўку літаграфій. "Убачыўшы на свае вочы гэты горад ліхтароў і мастоў, - сказала мастачка, - гару Манмартр, якая сама ўжо стала сімвалам мастацтва, я пераканалася, што ўсё адлюстравала дакладна: і ў цяперашнім "Графе Люксембургу", і ў эскізах да "Капелюша Напалеона", які ўвосень будзе пастаўлены ў Карагандзе - таксама, дарэчы, у рэжысуры Сусанны Цырук..."

Сама ж Сусанна Юр'еўна прызналася, што імкнулася паставіць спектакль-свята, поўны атмасферы феерверкаў і шампанскага - усяго таго, што яна адчувае ў гэтай музыцы, поўнай неверагоднай "лёгкасці быцця". Пэўна, тое ж адчуваў і бізнесмен, спявак-аматар Рыгор Баразна, калі з лёгкасцю прапанаваў тэатру спонсарскую дапамогу, аплаціўшы выраб дэкарацый і касцюмаў. Праўда, тая "лёгкасць", як і ў мастацтве, стала вынікам працяглай папярэдняй падрыхтоўкі: перш чым прыняць такое рашэнне, ён прагледзеў ледзь не ўвесь рэпертуар тэатра, і - па некалькі разоў.

Ну, а каб дасягнуць лёгкасці ў выкананні, рэпетыцыі ідуць штодня, па звыклай схеме: ранак - вечар. Яно таго варта: у розных складах спектакля мы ўбачым не толькі прызнаных зорак, але і зусім маладых артыстаў - ажно пецярых дэбютантаў, якія ўжо добра зарэкамендавалі сябе на гэтай сцэне пакуль у невялічкіх партыях і тэатралізаваных канцэртах. Чарговы раз уразіць гледача рыхтуюцца і артысты хору: апошнім часам, як можна было заўважыць па многіх спектаклях, яны не толькі спяваюць, дасягнуўшы ўзроўню лепшых акадэмічных калектываў, але і скачуць - з амаль балетнай лёгкасцю.

На здымку: рэжысёр Сусанна Цырук (другая злева) і пастановачная група ў час рэпетыцыі знаёмяцца з бутафорыяй будучага спектакля.

Фота Юрыя ІВАНОВА