Банк спадчыны

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

У хуткім часе на Віцебшчыне падрыхтуюць абласную Праграму захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

На чарговай сесіі Віцебскага гарсавета дэпутаты зацвердзілі праграму захавання гісторыка-культурнай спадчыны горада на 2012 - 2015 гады.

Праграма, у прыватнасці, прадугледжвае стварэнне банка даных па гісторыка-культурных каштоўнасцях абласнога цэнтра. Галоўная яе мэта - забеспячэнне максімальнай ступені аховы каштоўнасцей, што ўваходзяць у Дзяржаўны спіс. Для гэтага вызначаны аб'екты, дзе патрабуюцца рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы. Запланавана першасная кансервацыя помнікаў дойлідства, якім пагражае разбурэнне.

Начальнік аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Наталля Шыянок, паведамляючы аб стварэнні банка даных, згадала, што ў Віцебску статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць сёння каля 240 аб'ектаў. Некаторыя з іх - у аварыйным стане. Ахоўныя дошкі ёсць толькі на 180. Прынятая дэпутатамі праграма мае паскорыць рашэнне наспелых праблем.

Наш карэспандэнт запытаўся ў выконваючай абавязкі начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Ларысы Аленскай, ці існуе такая ж праграма для усёй вобласці. Паводле яе слоў, праграмы захавання спадчыны распрацоўваюцца па ўсіх гарадах ды раёнах і збольшага ўжо зацверджаны. Неўзабаве яны будуць абагульнены і сістэматызаваны ў праграме абласной. А рэалізацыя апошняй надасць, сярод іншага, турыстычную прывабнасць не толькі абласному цэнтру, але і Полацку, Оршы ды іншым гарадам і паселішчам.

П.В.