Як пройдуць юбілеі класікаў?

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

Пад час святкавання стагоддзя з дня нараджэння Максіма Танка вуліцы Мядзела ўпрыгожаць цытаты з вершаў класіка.

Днямі ў Міністэрстве культуры адбылося рабочае пасяджэнне аргкамітэта па святкаванні 130-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады Стаўбцоўскага, Маладзечанскага і Мядзельскага раёнаў, а таксама ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама.

У цэнтры сустрэчы было вызначэнне дат і месцаў правядзення асноўных урачыстасцей. Акрамя таго, па словах намесніка міністра культуры Тадэуша Стружэцкага, у працэсе падрыхтоўкі святаў надзвычай важна добраўпарадкаваць тэрыторыю, дзе адбудуцца сёлета літаратурныя мерапрыемствы, а таксама будынкі музейных аб'ектаў, калі гэтага вымагае іх стан.

Як адзначыў намеснік міністра, чакаецца выдзяленне сродкаў з рэспубліканскага бюджэту, а таму задача ўсіх арганізатараў - зрабіць свята не фармальным. Для забеспячэння гэтага ў бліжэйшай перспектыве пасяджэнні аргкамітэта плануецца зрабіць выязнымі і праводзіць іх у месцах будучых святкаванняў.

Акрамя таго, пад час працоўнага пасяджэння аргкамітэта былі абмеркаваны прыкладныя планы святочных мерапрыемстваў. Так, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч паведаміла, што сярод мерапрыемстваў у Вязынцы, якія запланаваны на 7 - 8 ліпеня, - выступленне акцёраў Купалаўскага тэатра з фрагментам пастаноўкі "Паўлінкі", канцэрт эстрадных выканаўцаў з песнямі на вершы класіка, выстаўкі і майстар-класы. Варта зазначыць, канцэртная пляцоўка ў Вязынцы будзе разлічана прыкладна на тысячу месцаў.

Тадэуш Стружэцкі падкрэсліў, што літаратура не павінна стаць "дадаткам" на свяце, а таму трэба паставіць канкрэтную задачу пра гэта перад рэжысёрамі ўрачыстых мерапрыемстваў.

Ужо ў кастрычніку распачнуцца святочныя мерапрыемствы на Стаўбцоўшчыне - малой радзіме Якуба Коласа. Па словах дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея паэта Зінаіды Камароўскай, на свята плануецца запрасіць мастацкія калектывы з некалькіх раёнаў. У прыватнасці, госці святкавання змогуць наведаць Акіньчыцы, Альбуць, Смольню, а таксама Мікалаеўшчыну, якая прыме выступленне сучасных пісьменнікаў.

Асобная ўвага намесніка міністра культуры была звернута на падрыхтоўку экспазіцыі, прысвечанай жыццёваму і творчаму шляху Максіма Танка, сіламі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, і яе размяшчэнне ў Мядзеле, паколькі менавіта там 15 - 16 верасня пройдуць асноўныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння паэта. Акрамя таго, у гарадской бібліятэцы маюць экспанавацца работы ўдзельнікаў міжнароднага фотапленэру, правядзенне якога запланавана на чэрвень. Сярод "разыначак" літаратурнага свята можна адзначыць ідэю аздаблення вуліц Мядзела цытатамі з вершаў паэта, а таксама - стварэння адмысловай сувенірнай прадукцыі.

Надзвычай важным пытаннем, што мусіць быць вырашана ў бліжэйшы час, стане наданне статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці дому Максіма Танка ў вёсцы Пількаўшчына і яго добраўпарадкаванне.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"