Вяснісіма-філарманісіма

№ 12 (1035) 24.03.2012 - 31.03.2012 г

19 красавіка — у працяг штогадовай "Мінскай вясны" — чакаецца прэм'ера новай версіі "Песні пра долю" Уладзіміра Мулявіна.

30 сакавіка Беларуская дзяржаўная філармонія распачне штогадовы цыкл канцэртаў "Мінская вясна".

Ён працягнецца сёлета да 18 красавіка, калі ва ўсім свеце будуць адзначаць 300-годдзе фартэпіяна, і ўключыць у сябе не толькі амаль два дзясяткі адметных вечарын, у тым ліку з удзелам сусветных зорак, але і, паводле традыцыі, Міжнародныя дні мандалінна-гітарнай музыкі "Мандалінісіма", якія пройдуць 5 - 7 красавіка.

Пра кожны з канцэртаў можна распавядаць асобна, бо яны таго вартыя. У адкрыцці фестывалю з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі на чале з народным артыстам краіны Аляксандрам Анісімавым саліраваць будуць сусветна знакамітыя скрыпачка Юлія Ігоніна (між іншым, выхаванка нашай нацыянальнай школы!) і віяланчэліст Марк Драбінскі - вучань Мсціслава Растраповіча. На канцэрце з удзелам аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі дырыжыраваць будзе эстонец Эркі Пекх. Піяністы будуць горача вітаць масквіча Сяргея Кузняцова, санкт-пецярбуржцаў Дзмітрыя Зубава і Сямёна Дзянісава. Канцэпцыйны канцэрт "Часы... "Beatles" Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі ўпрыгожаць піяніст і дырыжор, мастацкі кіраўнік Стамбульскага дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Эрол Эрдзінч ды маскоўскі габаіст Дзяніс Освер. Гасцей з Масквы збярэ і "Мандалінісіма".

Але справа не толькі ў зорных гастралёрах! Кожны беларускі ўдзельнік падрыхтаваў да "...Вясны" папраўдзе ўнікальную праграму. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі пад кіраўніцтвам народнай артысткі краіны Людмілы Яфімавай адзначыць 120-годдзе з дня нараджэння заснавальніка калектыву, імя якога яна носіць, - Рыгора Раманавіча Шырмы. Аркестр народных інструментаў імя Л.Іванова Магілёўскай абласной філармоніі выступіць разам са знанымі опернымі спевакамі. Адметную праграму падрыхтавала для слухачоў сталіцы арганістка полацкага Сафійскага сабора, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ксенія Пагарэлая.

Толькі не думайце, што з завяршэннем згаданага цыкла канцэртаў "вясна на Музычнай вуліцы" скончыцца. Наадварот: пачне буяць яшчэ ярчэй! Ужо 19 красавіка адбудзецца прэм'ера новай версіі "Песні пра долю" Уладзіміра Мулявіна, падрыхтаванай Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Беларусі імя І.Жыновіча на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Казінцом. А следам пачнецца і ІІ Міжнародны фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае".

Н.Б.